• Шматнацыянальная Польшча: кашубская мова
  • 12.11.2010

У рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” мы ўжо распавядалі пра рэгіён Кашубы, які разьмешчаны на поўначы краіны, на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора. А сёньня - пра кашубскую мову – родную мову кашубаў, жыхароў згаданага рэгіёну, якія залічваюцца да заходнеславянскай этнічнай групы. Продкі кашубаў – гэта памэраны – заходнеславянскія плямёны, якія да 17-га стагодзьдзя жылі ў вусьці ракі Одэр, на пабярэжжы Балтыкі.

Зь юрыдычнага пункту гледжаньня, кашубская мова мае ў Польшчы статус рэгіянальнай. Згаданай мовай наштодзень карыстаецца больш за 50 тыс. чалавек у Польшчы, а таксама ў іншых краінах, напрыклад, у Канадзе, дзе пражывае кашубская дыяспара.

Пісьмовыя крыніцы з выкарыстаньнем кашубскай мовы захаваліся з 1402-га году, а першыя тэксты на згаданай мове паходзяць з 1586 году. Актульная граматыка кашубскай мовы была створана ў 1879 годзе навукоўцам Флярыянам Цэйновам.

Кашубская мова выкарыстоўваецца даволі шырока ў межах пражываньня этнічнай групы. Так, у мясцовасьцях, дзе пражываюць кашубы, назвы населеных пунктаў ці вуліцы дублююцца - гэта значыць, што, напрыклад, назва гарадка напісаная на польскай і кашубскай мовах. У базавых і сярэдніх школах кашубскую мову вывучае больш за 10 тыс. вучняў. А з 2005 году падчас экзаменаў на атэстат сталасьці можна таксама здаваць іспыт па кашубскай мове. А вось зь мінулага году ў Гданьскім унівэрсытэце на факультэце польскай філялёгіі можна вывучаць кашубскую мову й культуру.

Калі ж казаць пра алфавіт кашубскай мовы, то ён такі ж, як польскі, толькі з дадатковымі літарамі, напрыклад, Ã, É, Ë, Ò, Ó, Ô, Ù. Гучаньне кашубскай мовы цяжка перадаць, яно вельмі падобнае на гучаньне польскай мовы, хоць са сваімі непаўторнымі элемэнтамі. Калі вы, шаноўныя слухачы, зацікавіліся гэтай тэмай, то без праблем можна паслухаць кашубскую мову, бо ў інтэрнэце шмат відэаролікаў з выказваньнямі кашубаў на іх роднай мове. З упэўненасьцю можна сказаць адно: кашубская мова, так як мовы іншых нацыянальных ды этнічных меншасьцяў, несумненна, узбагачае культуру ды традыцыі Польшчы. 

Валера Саўко