• Родная мова й нацыянальная тоеснасьць - 3
  • 27.01.2011

Я ўспрымаю беларускую мову як сродак зносін і мысьленьня, як спосаб выражэньня беларускага мэнталітэту й адметнасьці” – піша спадар Майсей  зь Берасьця.

На думку спадара Анатоля зь Віцебска, „мова – гэта бадай найважнейшы паказчык нацыянальнай сьвядомасьці, годнасьці й найкаштоўнейшы скарб кожнага народу”.

„Мова – гэта найважнейшы  вызначнік нацыянальнае адметнасьці народу.(...) Без захаваньня мовы нельга захаваць сваю нацыянальную спэцыфіку – чытаем у лісьце ад спадара Юрася зь Віцебска. – Праблема мовы – гэта праблема беларускае самабытнасьці”.

Многія са слухачоў асноўную ўвагу ў сваіх лістах зьвяртаюць на русыфікацыю беларускае дзяржавы.

 „Мова – гэта душа народу, – піша спадар Віктар з Магілёўшчыны. – На вялікі жаль і смутак, у асноўным на Магілёўшчыне душой народу зьяўляецца не беларуская мова, а руская, а нават ні тая, ні другая – а „трасянка”. Чаму так адбылося? Выкажу свае меркаваньні. Напэўна таму, што Магілёўшчына – сусед „вялікаму брату”. Магілёўшчына першай трапіла пад „пяту”. Ну, а гады савецкай улады давяршылі справу. На чалавека, размаўляючага па-беларуску, глядзелі як на чалавека нізшай расы. Вось такі здабытак мы атрымалі.” 

 „Гэта, несумненна, вынік шматгадовай русыфікацыі й саветызацыі беларусаў – працягвае тэму спадар Юрка зь Менска. – Цяпер ужо значная частка саміх беларусаў выступае ў якасьці русыфікатараў. Здаецца, людзей зусім не цікавіць, як  і на якой мове яны гавораць. Большасьць карыстаецца „трасянкай” – сапсаванай расейскай зь беларускімі лексычнымі асаблівасьцямі. Асобу, якая карыстаецца чыстай літаратурнай мовай у публічным жыцьці ўспрымаюць як дзівака”.

 Слухачы  БРПР  сьцьвярджаюць той  сумны факт, што беларуская мова ў Беларусі амаль не ўжываецца.

 „Беларуская мова практычна выйшла з публічнага ўжытку. Найгоршае тое, што амаль не засталося на Беларусі месцаў, дзе б беларушчына была зьяваю натуральнаю й масавай. Дэнацыяналізавалася вёска. А яна ж заўсёды была апірышчам народнай інтэлігенцыі” – заўважае спадар Юрка зь Менска.

 „Па ўсёй Беларусі родную мову пачуць можна сапраўды зусім выпадкова. Хаця трэба адзначыць, што ў Заходняй Беларусі справы ў гэтым пытаньні выглядаюць намнога лепш, чым ва Ўсходняй – заўважае спадар Юрась зь Віцебска. Народ у нас на справы мовы глядзіць моўчкі, бо адбыўся псыхалягічны адварот ад беларускае мовы. Калі  нехта гаворыць на беларукай мове, значыць, ён зь вёскі,  і зь яго можна падсьмейвацца”.

Слухачы БРПР шукаюць віноўнікаў такой дрэннай сытуацыі нацыянальнае мовы.

Спадар Міхал з Парэчча вінаваціць у такім безвыходным становішчы беларускай мовы духавенства.

Адна з галоўных бедаў – беларусы ня маюць беларускага духавенства – ні каталіцкага, ні праваслаўнага: адныя – палянізатары, другія – русыфікатары, а ўсе разам маюць агульную рысу – парушаюць адно з важнейшых прыказаньняў Боскіх – не ўкрадзі. Праз пасярэдніцтва рэлігіі крадуць душы ў беларускага народу”.

Некаторыя слухачы віну ўскладаюць на настаўнікаў беларускае мовы й на беларускую школу.

Вось што піша спадар Павел, жыхар Віцебска: „Найперш мушу пакрыўдзіць сваю «alma mater», звычайную расейскамоўную школу. Менавіта там нам увялі галоўную антыбеларускую вакцыну. Настаўнічалі ў нас пераважна – працягвае свае роздумы спадар Павел – кабеты зь вёскі, перавучаныя ў горадзе на калечаную расейскую й заражаныя яе «величьем и могуществом»... Выкладалі беларускую мову абыякава й шэра. (...)Карацей, у школе ня тое, што палюбіць, а й скласьці пра беларускую мову станоўчае ўяўленьне было проста «невозможно»!

„Хто здольны растварыць, зьнішчыць гэтыя стэрэатыпы? – пытае спадар Павел і сам адказвае. – Сапраўдная беларуская адукацыя, літаратура, незалежная інфармацыйная плынь, але яны дзейнічаюць пасыўна, дробнамаштабна ў дачыненьні да спажыўцоў інфармацыі, і як, сьлед, даступныя меншасьці. Людзі не адчуваюць пад нагамі апірышча – верных, трывалых нацыянальных каштоўнасьцяў – і вымушаныя хапацца за хвост моднай масавай культуры, жывіцца той набрыдзьдзю, што наплыла за апошнія часы. Людзі ня ведаюць сваіх герояў”.

Ніна Баршчэўская