• Гандаль зброяй: Захад – Усход
  • 28.01.2011

У той час, калі беларускія ўлады замарозілі актыўныя кантакты з Захадам, Расея пашырае свае кантакты з Захадам. Масква дамовілася пра ўступленьне ў СГА, прапануе стварэньне адзінай гандлёвай прасторы з Эўразьвязам. Разьвіваецца таксама супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры. Апошнім прыкладам стала дамоўленасьць пра пакупку Расеяй узбраеньня ў Францыі.

Францыя пабудуе для Расеі два вайсковыя караблі кляса Містраль, пра гэта паведаміў прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі падчас візыту ў суднаверфі Сант-Назэр. На днях у Парыжы расейскія й францускія прадстаўнікі падпісалі адпаведнае пагадненьне.
Містраль — гэта вялікі дэсантны-штурмавы карабель, які можа перавозіць 40 танкаў, 450 жаўнераў і 16 цяжкіх верталётаў.  На сёньняшні дзень, гэта найвялікшае вайсковая зьдзелка паміж краінай-чальцом NATO й Расеяй. Падпісаньню гэтай дамовы папярэднічалі доўгія перамовы. Якую карысьць атрымае ад гэтага Францыя й Расея? Пра гэта мы размаўляем сёньня з Барталамеем Здунюком, палітолягам зь Інстытуту палітычных навук Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Барталамей Здунюк: Францыя атрымае ад гэтай зьдзелкі перад усім фінансавыя перавагі. Суднаверф Сант-Назэр, дзе будуць будаваць гэтыя два караблі, знаходзіцца на Захадзе Францыі недалёка ад Нот. Гэта суднаверф, дзе некалькі гадоў таму пабудавалі вялікі трансатлянтычны лайнер «Каралева Марыя» ІІ. Пасьля гэтага зьявілася праблема з новымі замовамі. Гэта праблема абвастрылася асабліва пасьля 2008 году, калі пачаўся сусьветны эканамічны крызыс і кожная замова мае велізарнае значэньне. Калі Расея праявіла інтарэс набыць караблі гэтага тыпу, што значыць грошы й месца працы для мноства людзей, Францыя пагадзілася.

Аднак гэтая зьдзелка выклікае непакой, асабліва ў балтыйскіх краінах і ў Польшчы. Гэтаксама Злучаныя Штаты ўжо выказалі сваё незадавальненьне. У гэтым няма нічога дзіўнага, калі камандуючы Вайсковым флётам Расеі заявіў, што калі б расейскае войска мела такія караблі падчас вайны з Грузіяй, вайсковая апэрацыя скончылася б хутчэй. Ці ў такіх умовах продаж Расеі сучаснай зброі не азначае насамрэч палітыку двайных стандартаў?

Барталамей Здунюк: Трэба быць сьвядомым, што зброяй гандлююць зь любым і за любыя грошы. Тут жа велізарная зьдзелка, бо караблі такога клясу — гэта велізарная вайсковая адзінка, адсюль такая эмацыйная рэакцыя. Я перакананы, што калі б справа тычылася продажу стралковай зброі ці нават танкаў альбо меншых катэраў, ніхто б нават не зарэагаваў, бо такія зьдзелкі праводзяцца штодня. Зброю прадаюць любому пакупніку. Я нагадаю, што ў 1980-я гады Рональд Рэйган прадаваў зброю Ірану, а за атрыманыя грошы фінансаваў партызанскія атрады «Контрас» у Нікарагуа.  У сувязі з гэтым рашэньне Францыі не зьяўляецца нічым надзвычайным. У дадатак французы робяць гэта адкрыта, і мы ведаем, што й каму яны прадаюць. Зь іншага боку, такі карабель — гэта вялікі аб'ект, яго не схаваеш і не перавязеш паціху праь мяжу. Пытаньне тут у іншым. Навошта французы прадаюць зброю краіне, якая не хавае намеру выкарыстаць гэтую зброю. Гэта пытаньне пра будучыню адносінаў з Расеяй. Ці мы хочам аднаўляць жалезную заслону ў стасунках з Масквою, ці пашыраць тэхналягічнае супрацоўніцтва з Расеяй. Бо сёньня невядома, што атрымае Расея. Ці яна атрымае толькі корпус карабля, ці гэта будзе корпус з усёй унутранай тэхнічнай і электрычнай апаратурай ды яшчэ ўзбраеньнем. Што будзе ў гэтым караблі, і як Расея будзе яго выкарыстоўваць — гэта залежыць ад вытворцы. Калі купляецца такая зброя, яе абслугоўваньнем і рамонтам займаецца вытворца. Так што, магчыма, гэткім чынам Захад прывязвае Расею да сябе.

Аднак паводле словаў францускага прэм'ер-міністра Франсуа Фіёна, Парыж дамовіўся з Масквою ў справе перадачы тэхналёгіі.  

Барталамей Здунюк: Францускі прэм'ер сказаў тое, што мусіў сказаць. Але пры продажы зброі ніхто праўды ня кажа, калі кажуць, дык у апошнюю чаргу. Таму ўсю праўду пра гэту зьдзелку мы даведаемся ў апошнюю чаргу. Калі б Францыя не прадала гэтага карабля, расейцы мелі іншыя магчымасьці, каб здабыць тэхналёгію. Яны маглі б купіць яго ў іншага прадаўца. У грамадзкай сьвядомасьці дзейнічае перакананьне, што любіць трэба толькі дэмакратычныя краіны, а не дэмакратычныя — не. У такой сытуацыі Польшча магла б прадаваць зброю толькі Злучаным Штатам. Але з пункту гледжаньня краінаў Лацінскай Амэрыкі, Злучаныя Штаты не зьяўляюцца дэмакратычнай краінай. Для іх ЗША — гэта гегемон, які імкнецца навязаць ім сваю волю, ад каго яны хочуць вызваліцца. Таму я падыходжу да гэтай справы так, што калі продаж адбыўся, нам трэба імкнуцца нешта атрымаць з гэтага для сябе. Перад усім, гэта прыклад для нас.

Такім чынам, на думку экспэрта, у гандлі зброяй няма абмежаваньняў. Зброяй гандлююць зь любымі краінамі, галоўнае — грошы. У свой час у палове 1990-х гадоў, на пачатку прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь прадала Злучаным Штатам ракетна-зэнітны комплекс С-300, што выклікала незадавальненьне ў Расеі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч