• Як будзе разьвівацца сытуацыя ў Эгіпце
  • Audio5.44 MB
  • 01.02.2011

Больш за тыдзень у Эгіпце працягваюцца антыўрадавыя дэманстрацыі. У іх выніку загінулі некалькі сотняў чалавек, тысячы былі параненыя.

Мясцовая апазыцыя заклікала да правядзеньня ў Каіры „маршу мільёна” з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта Хосьні Мубарака.

У панядзелак вайсковае камандаваньне заявіла, што ня будзе ўжываць сілу супраць пратэстуючых, адначасова заклікаючы дэманстрантаў не рабіць нічога, што пагражала б бясьпецы краіны.

Неафіцыйны лідэр эгіпецкай апазыцыі Мухамэд аль-Барадэі заявіў, што нельга ўжо спыніць працэс, які пачаўся ў краіне.

З гэтай думкай згодны прафэсар Януш Данэцкі з Катэдры арабістыкі й ісламістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Януш Данэцкі: Гэта, несумненна, пераломны момант, але што будзе далей - мы ня ведаем. Шмат сьведчыць пра тое, што прэзыдэнт Мубарак адумаецца й пачне сапраўдны дыялёг з апазыцыяй. Пра такі напрамак разьвіцьця сытуацыі сьведчыць хаця б факт, што ён даручыў кіраўніку ўраду пачаць з прадстаўнікамі апазыцыі перамовы наконт будучыні Эгіпту. Што гэта можа азначаць, мы пакуль ня ведаем, але гэта ўжо нейкі крок у станоўчым напрамку. Паводле мяне, важную ролю адыгрываюць таксама націскі Захаду: Амэрыкі й Эўропы, каб не пакідаць сытуацыі ў Эгіпце без увагі, паколькі людзі патрабуюць зьменаў – правільна патрабуюць, і трэба іх паслухаць.

Тым ня менш, адным з асноўных патрабаваньняў эгіпецкай апазыцыі зьяўляецца адстаўка прэзыдэнта Хосні Мубарака, які, нагадаем, кіруе краінай ужо амаль 30 гадоў! На такое патрабаваньне Мубараку цяжка будзе згадзіцца.

Януш Данэцкі: Магчыма, ёсьць шанец на паразуменьне абодвух бакоў. Напрыклад, сёлета заканчваецца тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў дзейнага прэзыдэнта. Калі, напрыклад, ён абяцае, што на наступных выбарах ня будзе балатавацца, можа, людзі на гэта згодзяцца. Ёсьць таксама іншая магчымасьць. Калі б, напрыклад,  уладу ў краіне пераняў кааліцыйны ўрад, то прэзыдэнт быў бы прымушаны падаць у адстаўку. Ёсьць шмат магчымасьцяў.  Міжнародныя назіральнікі разумеюць, што раптоўная адстаўка Мубарака можа быць вельмі некарысная, бо яна можа прычыніцца да ўзьнікненьня ў краіне хаосу, паколькі апазыцыя не гатовая пераняць уладу. Уладу немагчыма пераняць за адзін дзень - у магутнай дзяржаве, арміі, паліцыі ды ўсёй сыстэме ўлады, у якой, трэба сказаць, ёсьць таксама шмат дэмакратычных элемэнтаў. Гэта бачнае хаця б на прыкладзе арміі, якая пакуль стараецца трымацца здалёк ад гэтага. Я лічу гэта вельмі станоўчым рашэньнем. Каб толькі яно так і засталося.

Рэвалюцыя ў Эгіпце не зьяўляецца выключна ўнутранай справай згаданай краіны, паколькі яна цікавіць увесь сьвет, у прыватнасьці, Ізраіль і ЗША, - нагадвае Барташ Вісьнеўскі – экспэрт Польскага інстытуту міжнародных справаў.

Барташ Вісьнеўскі: Эгіпет - гэта стратэгічны саюзьнік Злучаных Штатаў Амэрыкі на Блізкім Усходзе й другі, пасьля Ізраіля, атрымальнік амэрыканскай вайсковай дапамогі. На самой справе, Эгіпет заўсёды выконваў вельмі важную ролю на Блізкім Усходзе, асабліва з моманту рэвалюцыі ў Іране ды перамогі ісламскай рэвалюцыі. Традыцыяй амэрыканскай палітыкі ў гэтым рэгіёне было абапірацца на як мінімум двух падмурках: Ізраілі й нейкай іншай краіне.

Тым часам хваля дэманстрацый пасьля Тунісу ды Эгіпту цяпер закранула таксама Емэн і Ярданію.

Паводле доктара Марты Віды-Бэісэ, арабісткі з Варшаўскага ўнівэрсытэту, хваляваньні ў чарговых арабскіх краінах маюць аднолькавыя прычыны.

Марта Віды-Бэісэ: Абсалютна так, хваляваньні маюць тыя ж самыя падставы. Па–першае, гаворка ідзе пра эканамічныя пытаньні, таму што ў большасьці згаданых краін амаль 40-50% грамадзянаў жыве ніжэй спажывецкага мінімуму, а значыць, за менш, чым 2 даляры ў дзень.  Па-другое, адсутнасьць асноўных свабодаў, напрыклад, свабоды прэсы і г.д. Так што, апрача дробных розьніцаў, падставы хваляваньняў - гэта адсутнасьць свабодаў і эканамічныя праблемы.

Ці жыхары Эгіпту, Тунісу, Емэну й Ярданіі будуць у стане дабіцца дэмакратыі?

Марта Віды-Бэісэ: Па гэтай справе я аптымістка, думаю, што гэта магчыма. У выпадку Тунісу гэта ўжо пачынаецца, паколькі мясцовы лідэр заявіў пра гатоўнасьць да перамоваў з апазыцыяй ды шмат сьведчыць пра тое, што ён ня будзе трымацца ўлады ўсялякай цаной. Ён абяцаў таксама правесьці свабодныя выбары. Невядома, як будзе адбывацца ў іншых краінах рэгіёну, тым больш, што шмат залежыць ад таго, якую ролю ў згаданых краінах выконвае армія й паліцыя. Гэта асноўная розьніца між Эгіптам і Тунісам. Трэба памятаць пра тое, што Хосьні Мубарак зьяўляецца генэралам, за якім стаіць армія. У Тунісе сытуацыя была іншая, а дзякуючы таму, што войска збунтавалася, мог адбыцца пераварот.

У сувязі з тым, што сытуацыя ў Эгіпце можа мяняцца з кожнай хвілінай, улады шматлікіх краінаў заклікаюць сваіх грамадзянаў устрымацца ад паездак у згаданую краіну.

Польская рэдакцыя /аз