• Міжнародны дзень барацьбы з анкалягічнымі захворваньнямі
  • Audio5.46 MB
  • 04.02.2011

Сёньня Міжнародны дзень барацьбы з анкалягічнымі захворваньнямі. Гэты дзень быў вызначаны 11 гадоў таму падчас Сусьветнага саміту па барацьбе з ракам, які праходзіў у Францыі. На сустрэчы была прынята Парыская хартыя.

Дзяржавы, якія яе падпісалі, абавязаліся стварыць прафіляктычныя праграмы й адпаведныя ўмовы для лячэньня рака.
Доктар Гжэгаж Любаіньскі з Варшаўскага анкалягічнага цэнтра зазначае, што ў Польшчы найбольшай праблемай увесь час зьяўляецца запозьнены дыягназ. Штогод амаль 4 тыс. жанчын даведваюцца, што ў іх рак шыйкі маткі, амаль палова зь іх памірае, таму што рак на вельмі прасунутай стадыі.

Г. Любаіньскі: Жанчыны, якія паміраюць ад рака шыйкі маткі, гэта тыя жанчыны, якія не праходзілі рэгулярных цыталягічных аналізаў і яны самі даводзяць да такой сытуацыі, што гэты рак ужо невылечны. Якраз гэтае захворваньне ярка паказвае нашую адсталасьць, напрыклад, ад скандынаўскіх краін, дзе гэтая праблема амаль поўнасьцю ліквідавана.

Анколяг Тадэуш Пенькоўскі зазначае, што ў Польшчы выдаткі дзяржбюджэту на лячэньне анкалягічных захворваньняў належаць на найменшых у Эўропе.  Доктар падкрэсьлівае, што дзяржаве нельга ўспрымаць анкалёгію толькі ў якасьці вялікіх накладаў на дарагое лячэньне.

Т. Пенькоўскі: Анкалёгія – гэта каля 400 тыс. чалавек у Польшчы, у якіх выкрылі рак і якія ў выніку лячэньня могуць працаваць, весьці актыўнае грамадзкае й сямейнае жыцьцё. Захаваньне іх у добрым здароўі гэта ня толькі расходы дзяржавы, але таксама ўнёсак гэтых людзей у дзяржбюджэт.

Спадарыня Ганна 24 гады таму захварэла на рак грудзей і ёй удалося перамагчы хваробу.

Сп. Ганна: Гэта была для мяне трагедыя. У мяне тады было трое маленькіх дзяцей, наймалодшаму было 4 гады. Я цьвёрды чалавек і я вырашыла змагацца. Лімфатычныя вузлы былі заняты й была даволі вялікая злаякасная пухліна. Але закончылася шчасьліва – лячэньне дало добрыя вынікі.

Рак не выбірае, атакуе таксама дзяцей.

Штогод у Польшчы прыблізна ў 1200 дзяцей выкрываюць рак. Лекары зазначаюць, што пухліна ў дзяцей выступае 100 разы радзей, чым у дарослых, але калі ўжо атакуе, то разьвіваецца вельмі хутка. Анколяг Данута Пэрэк з Цэнтра здароўя дзіцяці ў Варшаве кажа, што пухліны ў дзяцей могуць за вельмі кароткі час павялічыцца ў два разы.

Д. Пэрэк: Калі сустракаемся з такой сытуацыяй, што пухліна налічвае 3 сантымэтры, то праз тры тыдні яна будзе ўжо велічынёю ў 6 сантымэтраў. Гэта значыць, што важны кожны дзень.

Вылечнасьць анкалягічных захворваньняў у дзяцей у Польшчы ўзрасла з 45% да 80%. Аднак надалей гэта другая па чарзе прычына сьмерці дзяцей.
 Злаякасныя пухліны гэта таксама другая пасьля хваробаў кровазвароту прычына сьмерці сярод дарослых у Польшчы. Штогод больш за 140 тысяч чалавек даведваюцца, што ў іх рак, а 90 тыс. паміраюць ад гэтай хваробы.

Паводле дадзеных Мэдыцынскага цэнтра анкалёгіі й мэдыцынскай радыялёгіі ў Бараўлянах на 1 красавіка 2009 году ў Беларусі было 225 тыс. чалавек хворых на рак.

Лячэньне анкалягічных захворваньняў у Беларусі гэта праблема, - кажа доктар Андрэй Вітушка. Сярод прычын захворваньняў пухлінамі ён называе нездаровы лад жыцьця
Доктар Вітушка зьвяртае таксама ўвагу на структурныя праблемы ў сыстэме аховы здароўя, у выніку чаго захворваньне ракам не выкрываецца своечасова.

Паводле дадзеных Сусьветай арганізацыі здароўя, штогод у сьвеце рак выяўляюць у 11 мільёнаў людзей. Найлепшыя вынікі па барацьбе з анкалягічнымі захворваньнямі ў ЗША – 50%, у Эўропе – 40%.


Слухай эфірны сюжэт


Падрыхтавала Яланта Сьмялоўская