• Энэргазьберагальныя дамы
  • Audio5.08 MB
  • 18.02.2011

Тыдзень таму ў экалягічнай рубрыцы мы пачалі гутарку пра энэргазьберагальныя дамы. Найбольш энэргаэфэктыўным у гэтай катэгорыі зьяўляецца пасіўны дом, у якім няма актыўнай крыніцы цяпла – ні батарэй, ні печкі, ні каміна. А тэмпэратура ў памяшканьнях дзённай і начной зоны ўтрымліваецца на ўзроўні 22-23 градусы Цэльсія, у ваннай – 24-25 градусаў. Значыць, няма таксама выдаткаў на ацяпленьне, уладальнік такога будынка ня плаціць за вугаль, газ, дровы ці электраэнэргію для ацяпленьня.

Пра дамы малазапатрабавальныя на энэргію мы гутарым са спэцыялістам у гэтай галіне Кшыштафам Братасевічам зь фірмы „Аркада Будаўніцтва” (Arkada-budownictwo).

К. Братасевіч: Гэта ня так, што зусім у такія дамы не пастаўляецца энэргія. Яна патрэбная для падагрэву вады. У кожным такім будынку інсталюецца дадатковая, аварыйная сыстэма. Гэта найчасьцей абагравальнікі ў вэнтыляцыйнай сыстэме. Іх задача – у сытуацыі, калі тэмпэратура ўпадзе ніжэй мінус 20 градусаў Цэльсія, падагрэць будынак. Па ідэі, кошт эксплюатацыі электраэнэргіі на ацяпленьне ў такім будынку ў нашых умовах павінен ўкласьціся ў суму да 400 злотых за год (~100 эўра).

Гэта ж цудоўна! Дык чаму пасіўныя дамы не распаўсюджаны й так няшмат пра іх гаворыцца?

К. Братасевіч: Такія будынкі адзначаюцца нізкімі эксплюатацыйнымі коштамі. Заходнія краіны, як Нямеччына, Аўстрыя, даўно гэта зразумелі й дацанілі. У гэтых краінах зрабілі стаўку на разьвіцьцё пасіўнага будаўніцтва. Але ёсьць і другі бок – інвэстыцыйныя кошты такіх будынкаў большыя. У Польшчы энэргазьберагальныя будынкі на 7-15% каштуюць даражэй, чым стандартныя дамы, а пасіўныя будынкі – на 20-25%. І гэта бар’ер на этапе будаўніцтва. У Нямеччыне сёньня пасіўны дом каштуе толькі на 3-5% больш за стандартны будынак. Тэхналёгіі для пасіўнага будаўніцтва там усё больш запатрабаваныя, у сувязі з гэтым вытворцы маглі панізіць цэны. Я глыбока веру, што калі ў Польшчы будзе дасягнута настолькі невялікая розьніца коштаў, будзем назіраць выбух будаўніцтва пасіўных дамоў і, несумненна, гэта будзе найлепшае рашэньне людзей, якія будуюць свой дом.

Калі хто пабудуе пасіўны дом у польскіх умовах, то празь які час яму вернецца гэтая інвэстыцыя?

К. Братасевіч: У выпадку энэргазьберагальнага будаўніцтва – гэта 7-15 гадоў. Калі казаць пра пасіўны будынак – гэта 20-25 гадоў. Але калі ўлічым, што статыстычна дом жыве 70 гадоў, то бачна, што большасьць часу гэты дом будзе працаваць на сябе.

Адначасова такі дом на рынку будзе больш каштаваць.

К. Братасевіч: Ад часу, калі былі ўведзены энэргетычныя ліцэнзіі як абавязковыя пасьведчаньні для абароту нерухомасьцямі на другасным рынку, кліенты ўсё часьцей зьвяртаюць увагу ня толькі на месцазнаходжаньне дому, яго стандарт, інтэр’ер, а таксама на яго энэргазьберагальнасьць. І напэўна такія дамы ўжо цяпер, а ў будучыні, калі кошт энэргіі будзе павышацца, хутчэй будуць знаходзіць пакупнікоў.

Праглядаючы праекты энэргазьберагальных дамоў, кідаецца ў вочы тое, што форма дома вельмі простая, няма  аркадаў, бальконаў, ці гэта таксама мае значэньне?

К. Братасевіч: Абсалютна так, ідэальнай формай для пасіўнага будаўніцтва быў бы шар – як мага меншая прапорцыя паверхні да аб’ёму. У будаўніцтве цяжка рэалізаваць такія будынкі. Але ўсё ідзе ў тым напрамку, каб як мага больш спрасьціць форму, каб дом быў як мага больш кампактны – без аркадаў, гарышчаў – карацей, усяго, што павялічвае прапорцыю паверхні да аб’ёму.

Заўважаецца таксама, што ў гэтых будынках велізарныя вокны, але іх колькасьць невялікая. Гэта таксама характэрны элемэнт энэргазьберагальных дамоў?

К. Братасевіч: Калі казаць пра энэргазьберагальны дом, то вокны разьмешчаны ў прынцыпе як у стандартным доме, але ўжо ў выпадку пасіўнага будаўніцтва вокны адыгрываюць вельмі важную ролю. Вялікія, можна нават сказаць, шкляныя сьцены ад паўнёвага напрамку, у сваю чаргу ад поўначы вельмі маленькія вокны. Сутнасьць гэтай ідэі палягае на тым, што чэрпаем цяпло з сонечнай энэргіі, і яно захоўваецца ў масіўнай канструкцыі будынка. У халодную частку дня, ці ноччу – сьцены аддаюць гэтае цяпло. У сваю чаргу на паўночным баку ўсталёўваюцца невялікія вокны дзеля таго, каб мінімізаваць страты цяпла днём і ноччу, бо ад поўначы няма прыбытку цяпла, і гэта тлумачыць прынцып малых вокнаў.

Гутарыла Я. Смялоўская