• Алесь Пушкін зьбіраецца балятавацца ў прэзыдэнты
  • Audio3.91 MB
  • 16.03.2011

 
Мастак Алесь Пушкін зьбіраецца балятавацца ў прэзыдэнты. Гэта будзе самы грандыёзны пэрформанс у яго жыцьці. Пра мэты сваёй мастацкай акцыі Алесь пушкін расказаў у інтэрвію Польскаму Радыё.

Мастак Алесь Пушкін набыў шырокую славу дзякуючы сваім дзёрзкім  пэрформансам. У 1999 годзе падчас акцыі “Падарунак прэзыдэнту” ён вывярнуў перад рэзыдэнцыяй прэзыдэнта тачку гною, за што атрымаў 2 гады умоўна. У 2002 годзе на плошчы Свабоды ў Менску Алесь Пушкін зладзіў пэрформанс у памяць аб беларускіх антыкамуністычных партызанах. 25 сакавіка кожнага году на цэнтральнай плошчы роднага мястэчка Бобр мастак малюе велізарную “Карціну Свабоды”.  Алеся Пушкіна неаднаразова арыштоўвалі падчас яго мастацкіх акцыяў. Артыст патлумачыў, чаму ўлады так нэрвова рэагуюць на яго творчасьць.

А.Пушкін: Дастаткова нейкаму пасіянарыю задаць сур’ёзнае пытаньне, ускрыць нейкую язву, абудзіць людзей, каб пачалася незваротная рэакцыя. Калі чаша цярплівасьці перапоўнена, людзі пачынаюць паўставаць. Таму захады супраць пасіянарыяў прымаюцца вельмі хутка. Калі я бачу захады супраць мяне – я цешуся: значыць, сапраўды, я намацаў нешта балючае. Калі ж я бачу абыякавасьць, то гэта ганьба для мяне й маёй мастацкай інтуіцыі, бо я не зразумеў нашага грамадзтва, я памыляюся. Таму добрая рэакцыя для мяне, гэта, канешне, рэакцыя рэпрэсіяў.

Нягледзячы на сваю адвагу, мастаку атрымлівалася пазьбягаць вельмі жорсткіх караў.

А.Пушкін: Мяне шмат разоў цягалі ў кайданках, судзілі. Сорамна было й судзьдзі, і міліцыянтам. Але, дзякуй Богу, што я ані разу не атрымаў доўгага турэмнага тэрміну. Дзякуй Богу, што я яшчэ жывы й ня маю фізычных траўмаў. Людзі мяне любяць, улады мяне церпяць і рэагуюць. І гэта мяне задавальняе.

Алесь Пушкін рыхтуе свой самы маштабны пэрформанс – у 2016 годзе ён зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі й стаць “па-сапраўднаму народным кандыдатам”.

А.Пушкін: Я хачу распрацаваць кліп, хачу распрацаваць постэр, распрацаваць праграму – напалову мастацкую, напалову балючую й надзённую. Хачу запусьціць гэта на біржы дызайну – спачатку на беларускіх пляцоўках, альбо на грандыёзнай выставе “Дах”. Пасьля буду распаўсюджваць касэты й дыскі ды станавіцца народным кандыдатам. Усё гэта буду рабіць за свае ўласныя сродкі, за кошт продажу сваіх карцінаў. Хачу, каб усё было адкрыта й сумленна.

Гэтая акцыя стане тэстам для ўсёй беларускай дзяржавы – перакананы Алесь Пушкін.

А.Пушкін: Буду толькі маліць Бога, каб не было жорсткім пакараньне. Калі такое пакараньне будзе – гэта значыць, у нас сапраўды няма дэмакратыі. І просты чалавек, які любіць сваю краіну, гадуе дзяцей і дбае пра тое, каб яго мястэчка было прыгожым, можа быць пакараны за тое, што хоча зрабіць жыцьцё лепшым, каб нам жылося бяз страху, каб мы ганарыліся ня толькі якімі-небудзь эканамічнымі дасягненьнямі... Бо што гэта за краіна, дзе ўсё здаецца добра, але пануе страх, падазронасьць, недавер і нянавісьць паміж людзьмі? Вось гэта трэба найперш выкараніць. Так што, сачыце за афішамі!


Ці ня будзе гэтая мастацкая акцыя ўспрынятая ўладамі сур’ёзна? Ці не баіцца Алесь Пушкін падзяліць сумны лёс тых, хто раней асьмеліўся кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку? Дзе праходзіць мяжа паміж палітыкай і мастацтвам? На гэтыя пытаньні мастак адказвае наступным чынам.

А.Пушкін: Мяжа тут сапраўды ёсьць. І яна вельмі бачная. Па-першае, усё гэта будзе зроблена сьмешна й з гумарам, але пытаньні будуць узьнятыя самыя сур’ёзныя. Гэта будзе зроблена скандальна й супярэчліва. Паглядзім, якую гэта выкліча рэакцыю. Я лічу, што ў нас не хапала свайго Жырыноўскага, свайго Лепэра. Не хапала малога чалавечка, амаль юродзівага, які б гаварыў праўдзівыя рэчы. Усе, у тым ліку апазыцыйныя кандыдаты, нешта трошкі замоўчваюць, усе не да канца шчырыя й адкрытыя. Таму я зьбіраюся задэкляраваць адкрытасьць і выкарыстаць мастацкую форму выказваньня.

З мастака за яго дзеяньні ўлады не пытаюць так сурова, як з палітыка – сьцьвярджае Алесь Пушкін. Ён абяцае, што будзе шчыра казаць усё, што ён думае, не зьвяртаючы ўвагу на рэйтынгі. Алесь Пушкін спадзяецца, нібы Гандзі, заваяваць сваёй шчырасьцю сэрцы людзей па ўсёй Беларусі й вярнуць беларусам давер адзін да аднаго.


Аляксандар Папко