• Расмусэн: Умяшальніцтва ў справы Лібіі не плянуецца
  • Audio4.22 MB
  • 17.03.2011

Узброеныя сілы Муамара Кадафі пачалі рух на Бэнгазі - апошні бастыён лібійскай апазыцыі. Раней сын лібійскага дыктатара ў інтэрвію тэлевізіі Euronews заявіў, што мілітарная апэрацыя ў Лібіі закончыцца цягам 48 гадзінаў. У сваю чаргу Генэральны сакратар NATO заяўляе, што яшчэ ня позна пачаць узброенае ўмяшальніцтва ў гэтай паўночнаафрыканскай краіне.

Андэрс Фог Расмусэн, які знаходзіцца зь візытам у Варшаве, заявіў, што расправу войскаў Муамара Кадафі зь мірным насельніцтвам Лібіі можна палічыць злачынствам супраць чалавецтва. Генэральны сакратар Паўночна-Атлянтычнага альянсу падкрэсьліў, што яшчэ ня позна пачаць узброеную інтэрвэнцыю ў Лібіі, таму заклікаў лібійскія ўлады спыніць атакі на мірных жыхароў.

Андэрс Фог Расмусэн: Увесь сьвет вельмі занепакоены тым, што адбываецца ў  Лібіі. Калі мы бачым, што лібійскі рэжым сыстэматычна выкарыстоўвае зброю супраць мірных людзей, гэтага нельга назваць інакш як скандалам. Гэтыя дзеяньні могуць быць прылічаны да злачынстваў супраць чалавецтва. Я настойваю, каб улады Лібіі тэрмінова спынілі насільле.

Расмусэн выразна зазначыў, што альянс не намерваеца на дадзены момант уводзіць сваіх войскаў у Лібію. Пры гэтым ён дадаў, што вайскоўцы атрымалі даручэньне падрыхтаваць усе магчымыя варыянты дзеяньняў.

Андэрс Фог Расмусэн: Мы не намерваемся ўмешвацца вайскова ў справы Лібіі, аднак хачу нагадаць, што альянс стаіць на стражы бясьпекі. Таму вайскоўцам на ўсялякі выпадак даручана апрацаваць адпаведную стратэгію. Неабходна зазначыць, што дзеля таго, каб NATO магло пачаць свае дзеяньні, павінны існаваць тры ўмовы. Па-першае, выразная просьба аб дапамозе. Па-другое, моцная падтрымка краін рэгіёну. Па-трэцяе, ясная й выразная юрыдычная падстава, якой можа быць мандат ААН.

Праціўнікам мілітарнага ўмяшальніцтва ў Лібіі зьяўляецца прэзыдэнт Польшчы. Браніслаў Камароскі зьвяртае ўвагу на тое, што ня NATO, а Эўразьвяз павінен заангажавацца ў дапамогу лібійцам.

Браніслаў Камароскі: Я асабіста не зьяўляюся вялікім прыхільнікам таго, каб NATO ангажавалася ў справы краінаў з па-за чальцоў альянсу. І я ніколі не хаваў гэтых поглядаў. У справе Паўночнай Афрыкі, як мне здаецца, Эўразьвяз у найвышэйшай ступені павінен манітараваць перамены ды разважаць пра магчымыя варыянты й сцэнары.

У сваю чаргу кіраўнік польскага зьнешнепалітычнага ведамства Радаслаў Сікорскі лічыць, што непрадуманае ўмяшальніцтва NATO ў Лібіі можа выклікаць нэгатыўную рэакцыю арабскага сьвету. Сікорскі ўзгадаў, што альянс разважае магчымасьць увядзеньня забароны палётаў над Лібіяй, аднак гэта можа не прынесьці спадзяваных вынікаў. У якасьці прыкладу дыплямат прывёў сытуцыю на Балканах ці ў Іраку, дзе зоны забароны палётаў над тэрыторыямі ня мелі істотнага уплыву на наземную сытуацыю.

Радаслаў Сікорскі: У сытуацыі, калі здарыцца неабгрунтаваная інтэрвэнцыя, арабскі сьвет можа выступіць супраць нас. Пакуль што ўсе арабскія рэвалюцыі не накіраваны супраць Захаду. І гэтага трэба прытрымлівацца.

Радаслаў Сікорскі перакананы, што ЗША ня будуць схільныя хутка прыняць рашэньне аб інтэрвэнцыі, паколькі яшчэ памятаюць наступствы місіі ў Іраку, якая таксама мела на мэце зьвергнуць жорсткага дыктатара Садама Хусэйна.

У сераду брытанскі прэм’ер-міністар Дэвід Кэмэран заявіў у парлямэнце, што надыйшоў адпаведны момант, каб ААН узяла ролю лідара ў вырашэньні лібійскага крызысу. Аднак падзеі ў Лібіі могуць апярэдзіць Раду Бясьпекі, якая вяртаецца да дэбаты над новым праектам рэзалюцыі. З прапановай праекту выступіў Лёндан у пагадненьні зь Лібанам, Францыяй і ЗША.

Караліна Русіновіч