Рыма-каталікі, грэка-каталікі ды праваслаўныя вернікі адзначаюць пэрыяд Вялікага посту.

У каталіцкім касьцёле згаданы саракадзённы пэрыяд у літургічным календары мае своеасаблівы характар. Гэта час задумы, развагі й спакою, які павінен падрыхтаваць вернікаў да сьвята Пасхі. 

Пра сымболіку й абрадавaсьць Вялікага посту з ксяндзом-вікарыем Юры Варанко з парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Берасьці размаўляе Анна Задрожна.

Вялікі пост у каталіцкім касьцёле пачынаецца ад Папяльцовай серады. Наколькі гэта важны ў касьцёле дзень?

Юры Варанко: Ён мае сваю вялікую вартасьць і значэньне, таму што зьяўляецца важным момантам, калі чалавек прыходзіць, прымае абрад пасыпаньня галавы попелам, што павінна ўсьведаміць яму значэньне посту. Вернік робіць пастановы, прымае адпаведныя рашэньні наконт таго, як будзе перажываць згаданы пэрыяд. Вось, пасыпаньне галавы попелам, словы якія ён чуе: навяртайся, кайся й вер у Эвангельле, зьяўляюцца для яго стымулам, каб гэтыя рашэньні й пастановы захоўваць на працягу ўсяго Вялікага посту.

Ці на працягу згаданых сарака дзён адпраўляюцца нейкія асаблівыя набажэнствы, абрады, зьвязаныя з пэрыядам Вялікага посту?

Юры Варанко: Канешне, ёсьць такія набажэнствы, якія асабліва падкрэсьліваюць характар Вялікага посту. Да іх належыць, між іншым, Крыжовы шлях. Гэтае набажэнства вядомае ва ўсім сьвеце, але ў нашым рэгіёне вернікі надаюць асаблівае значэньне удзелу ў Крыжовым шляху. Так што набажэнствы праходзяць са шматлікім удзелам парафіянаў, якія моцна перажываюць 14 прыпынкаў, якія падчас свайго Крыжовага шляху зрабіў Ісус. Яшчэ адно адметнае для Вялікага посту набажэнства, гэта Песьні жальбы. Яны сьпяваюцца ў нядзелю пасьля Сьвятой імшы. Іхныя тэксты ўводзяць у такую глыбокую задуму й разважаньне пакутаў і мукі Ісуса Хрыста.

Вельмі важным элемэнтам Вялікага посту зьяўляюцца таксама Вялікапостныя рэкалекцыі. Хто вызначае тэмы, якім яны прысьвячаюцца ў дадзеным годзе?

Юры Варанко:  Абавязкам кожнага ксяндза-пробашча зьяўляецца клопат аб прадастаўленьні сваім парафіянам магчымасьці ўдзельнічаць у рэкалекцыях. Таму пробашч загадзьдзя клапоціцца аб тым, якога сьвятара запраціць з рэкалекцыйнымі навукамі. Гэта вельмі важна й кожнаму сьвятару, кожны ксёндз-пробашч, адказны за духоўнае разьвіцьцё сваіх парафіянаў, зацікаўлены ў тым, каб рэкалекцыі прайшлі як найлепш. Таму яны й выбіраюць такога сьвятара, які зможа выдатна падрыхтаваць вернікў да сьвята Вялікадня. Сьвятар, які атрымоўвае такое запрашэньне да правядзеньня рэкалекцыяў, ён сам вызначае гэтыя тэмы. Канешне, выбіраюцца такія тэмы, якія адпаведна падрыхтуюць вернікаў да Пасхі. Апрача таго, з гэтымі духоўнымі практыкаваньнямі зьвязаны перад усім сакрамэнт споведзі. Таму што чалавек, які слухае навукі падчас рэкалекцыяў, робіць сабе адпаведныя высновы й патрабуе сакраманту споведзі, каб зразумеўшы розныя справы, таксама правіны, грахі, расказаць аб іх Богу, атрымаць прабачэньне й з новымі сіламі распачаць далейшае жыцьцё й працу.

Ці пэрыяд Вялікага посту гэта таксама час асаблівага клопату пра хворых вернікаў?

Юры Варанко: Думаю, што пэрыяд Вялікага посту, гэта час, калі чалавек асабліва пакліканы да клопату аб бліжнім. Канешне, хворы чалавек знаходзіцца ў асаблівай патрэбе. Таму добрай справай быў бы клопат пра яго. Таму чалавек, які хоча добра перажыць Вялікі пост, хоча атрымаць духоўныя карысьці з гэтага часу, павінен зьвярнуць асаблівую ўвагу на станоўчыя ўчынкі, таксама дагляд, клопат пра хворых.

Калі паглядзець на пэрыяд Вялікага посту ў аспэкце колеру й музыкі - колеру й музыкі, якія выкарыстоўваюцца ў касьцёле, напрыклад, падчас імшы, то як тады выглядае Вялікі пост?

Юры ВаранкоКожны літургічны пэрыяд, зразумела, мае свой адпаведны колер, які выкарыстоўваецца падчас літургіі. Час Вялікага посту, гэта час, калі мы ў літургіі выкарыстоўваем фіялетавы колер - сымбаль смуткаваньня. Ня толькі колер літургічнага адзеньня зьяўляецца адметным, бо таксама ўпрыхожаньне сьвятыні: менш прыгажосьці, менш кветак. Усяго гэтага становіцца менш. Канешне, таксама выкарыстаньне музычнага інструмэнту - аргана, які зьяўляецца галоўным музычным інструмэнтам у каталіцкім касьцёле, таксама абмяжавана. Калі ў звычайны пэрыяд можна выкарыстоўваць згаданы інструмэнт амаль без абмежаваньняў, то ў час Вялікага посту арган можа выкарыстоўвацца толькі дзеля падтрымкі літургічнага сьпеву. Ня можа сам асобна гучаць падчас ці то сьвятой імшы, ці іншых набажэнстваў. 

Ці песьні, якія выконваюцца падчас набажэнстваў, таксама маюць іншы характар?

Юры Варанко: Касьцёльная музыка вельмі багатая.  Ёсьць таксама песьні, прызначаныя спэцыяльна для пэрыяду Вялікага посту. Канешне, калі цэлебруецца сьвятая імша ці іншыя набажэнствы, то сьвятар альбо чалавек, адказны за музычнае афармленьне імшы, выбірае песьні, адпаведна прызначаныя на гэты пэрыяд.
 
- гаварыў ксёндз Юры Варанко з парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Берасьці, зь якім размаўляля Анна Задрожна.