• Запрашаем у Польшчу: Лагеўнікі
  • 08.04.2011
1 траўня бягучага году ў Ватыкане пройдзе цырымонія бэатыфікацыі папы рымскага Яна Паўла Другога. У рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” працягнем гаворку пра месцы, зьвязаныя з пантыфікам. Сёньня – пра Лагеўнікі – месца рэлігійнага культу, разьмешчанае ў Кракаве. Дарэчы, Кракаў, першая сталіца Польшчы, гэта амаль родны горад Караля Вайтылы – будучага папы. Тут яшчэ да вайны ён вучыўся ў Ягелёнскім унівэрсытэце, правёў у горадзе акупацыю, а пасьля вызваленьня ад фашыстаў паступіў у духоўную сэмінарыю. Пазьней служыў ксяндзом, у 1958 годзе стаў дапаможным біскупам Кракаўскай мэтраполіі, у 1964 – арцыбіскупам, а ў 1967 стаў кардыналам. І менавіта з Кракава Караль Вайтыла накіраваўся ў Ватыкан, калі ў 1978 годзе быў выбраны галавой Апостальскага пасаду. Такім чынам Лагеўнікі – гэта амаль роднае для Караля Вайтылы месца. Пазьней, будучы ўжо папам, падчас візытаў у Польшчу, ён наведваў Лагеўнікі.
А гісторыя Лагеўнікаў сягае канца 19-га стагодзьдзя. У 1891 годзе тут быў узьведзены кляштар аднаго з жаночых каталіцкіх ордэнаў. Рэлігійным скарбам храма зьяўляецца абраз Ісуса Міласэрнага, намаляваны мастаком Адольфам Хылам паводле бачаньня сястры Фаўстыны Кавальскай. Гэтая манашка стала сьвятой каталіцкага касьцёлу, бо ёй бачыўся ў снах Ісус. Дарэчы, у мясцовым касьцёле знаходзіцца цела Фаўстыны, і між іншым таму Лагеўнікі вядомыя цудамі, якія мелі тут месца. А гэта ў сваю чаргу прыцягвае вернікаў, і таму Лагеўнікі – адно з большых месцаў рэлігійнага культу ў Польшчы.       
У 2002 годзе ў Лагеўніках была ўзьведзена агромністая двухпавярховая базіліка з 77-мэтровай вежай. Храм адначасова можа памясьціць 5 тыс. чалавек. У 2002 годзе базіліка была асьвечана Янам Паўлам Другім, у 2006 тут пабываў папа рымскі Бэнэдыкт 16.