Сёньня ў каталіцкім касьцёле прайшла ўрачыстая бэатыфікацыя папы рымскага Яна Паўла ІІ.

Згаданая падзея вельмі важная ня толькі для суайчыннікаў Сьвятога Айца - палякаў, але й для ўсіх каталікоў, якія пасьля яго сьмерці гучна скандавалі на пляцы Сьвятога Пятра “Santo Subito”! (сьвяты адразу – лац.)

Тым часам асоба Яна Паўла ІІ застаецца ў сэрцах і думках многіх людзей, якія мелі нагоду непасрэднай зь ім сустрэчы.  

Пра нязвычайныя ўспаміны сустрэчы зь Янам Паўлам ІІ мы даведаліся выпадкова падчас размовы з пробашчам парафіі сьвятога Юзафа ў Валожыне ксяндзом-доктарам Генрыкам Акалатовічам.

Вы мелі такое шчасьце й нагоду сустрэцца з папам рымскім Янам Паўлам ІІ. Як Вы ўспамінаеце Яна Паўла ІІ як чалавека, сьвятара, галаву каталіцкага касьцёла?

кс. Генрык Акалатовіч: Гэта быў чалавек дадзены Богам на гэтыя складаныя часы, дзесяцьцігодзьдзі, калі ён быў папам рымскім. Гэта быў чалавек вельмі адкрыты. Я – просты, малады сьвятар, а ён … Я тады шмат яшчэ чаго не разумеў. Я вучыўся ў Рызе ў Савецкім Саюзе… й тут Бог даў мне шчасьце з папам рымскім адслужыць імшу. Тады я пабачыў, як папа рымскі цэлебруе набажэнства. Гэта я ўспамінаю па сёньняшні дзень: яго ўвага, засяроджаньне, малітоўнасьць. Калі ён ўжо распачаў словамі «Ў імя Айца…», то да заканчэньня імшы для яго больш нічога не існавала. Толькі гэтая сьвятая імша! Мне гэта па сёньняшні дзень стаіць перад вачыма. Гэта Ён (Ян Павал ІІ) як святар... Другую нагоду сустрэчы з папам рымскім я меў як з чалавекам. Падчас абеду мяне пасадзілі па левым баку ад папы рымскага. І ён як чалавек сказаў: „Ксёндз, бяры, еш!”, „Што табе палажыць?”. Ну, гляньце, хто мне гэта прапануе? Што гэта, ён жа для мяне не калега? „Ксёндз, што табе палажыць. Ты прыехаў з Савецкага Саюза табе далёкая дарога назад. Бяры, еш!”.

Гэта для мяне было нязвычайнае, гэткая адкрытасьць на ўсіх... Там жа былі кардыналы, біскупы, а ён мяне - простага сьвятара з СССР… Вось, пасадзілі побач з папам рымскім. Я па сёньняшні дзень гэта ўспамінаю. Ужо столькі гадоў прайшло, але як згадваю – дрыжыкі па целе ідуць! Гэта Пан Бог даў, такое шчасьце.

Далей папа пытаецца: „Як там у Вас у Савецкім Саюзе перасьледуюць? Можа Вы застанецеся тут у Ватыкане?. Будзеце вучыцца тут?” А я адказаў (можа цяпер то б і так не адказаў, бо мне тады было 28 гадоў зь нечым): „Сьвяты Ойча, я ж ня ведаю італьянскай мовы”! А ён паглядзеў на ксяндза Дзівіша й гаворыць: „Глянь, ксёндз-пралат, а як мы ж упершыню прыехалі ў Рым, таксама мовы ня ведалі”. А я адказаў: „Сьвяты Войча, калі гэта будзе Ваш загад, канешне, я паслухаю й буду рабіць тое, што Вы кажаце. Але, калі гэта будзе мой выбар, то я лепш вярнуся ў Савецкі Саюз. Як Вы вырашыце”. Папа рымскі ўстаў, падышоў да мяне, узяў за галаву, пацалаваў у лоб і кажа: „Маладзец, што ты не шукаеш, дзе спакайней, можа выгадней, бясьпечней, але хочаш вярнуцца …” . Вось, гэта я па сёньняшні дзень памятаю.

А калі, я прывёз гэтую зямлю з Катыні… Я служыў у катынскім лесе, дзе забітыя палякі, набажэнства. Гэта было ў 1984 годзе. Да гэтага часу яшчэ ніхто там імшы не служыў. І папа рымскі сказаў: „Ты першы, які служыў набажэнства ў Катыні ў другі дзень сьвята ўсіх сьвятых (Задушкі) ад часу вайны. Больш ніхто не служыў”. І папа прыняў гэтую зямлю. Гэтыя два спатканьні са Сьвятым Айцом Янам Паўлам ІІ - гэта на ўсё маё жыцьцё.

Пры гэткіх эмоцыях, пры такіх цудоўных успамінах Вы напэўна будзеце хвалявацца таксама 1 траўня?

кс. Генрык Акалатовіч: А як жа бы не!? Па-першае, дзякаваць Богу, што дажылі. Дзякаваць Пану Богу, што Сьвяты Айцец, як адразу памёр і крычалі „Subito Santo”, то ён ужо на гэтай прыступцы бласлаўлёных. Цяпер Сьвяты Айцец яшчэ больш будзе бласлаўляць і наш горад (Валожын), і ўсю нашую Беларусь, і ўсіх людзей, якія тут жывуць. Канешне, будзем перажываць. Шчасьце й гонар, так я людзям гавару, канешне!..

- гаварыў пробашч парафіі сьвятога Юзафа ў Валожыне ксёндз-доктар Генрык Акалатовіч.

Сваю сустрэчу з Янам Паўлам ІІ вельмі эмацыйна успамінае таксама ксёндз Лявон Ладыш – пробашч парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Войстраме (Смаргонскі раён).

кс. Лявон Ладыш: Як я быў першы раз у Ватыкане, гэта было ў 1997 годзе, то я атрымаў ад папы рымскага бласлаўленьне для ўсёй нашай парафіі. Напісаныя вельмі прыгожыя словы: „Сьвяты Айцец Ян Павал ІІ бласлаўляе ксяндза пробашча Лявона Ладыша і ўсіх парафіянаў”. Гэта для нас вялікая радасьць, што гэткі дакумэнт ёсьць. Я думаю, што ласка Божая на нас сплывае. Можа мы наштодня гэтага не заўважаем, але ласка ёсьць празь Яго заступніства. А цяпер пасьля бэатыфікацыі яшчэ будзе больш.

Ці падчас гэтага візыту Вы мелі нагоду асабіста сустрэцца з Янам Паўлам ІІ?

кс. Лявон Ладыш: Так менавіта, менавіта. Папа рымскі падыйшоў, пытаецца: „А Вы адкуль?” Я кажу : „Я нарадзіўся каля Ліды”. А папа: „А Ліда, Ашмяны…”. Вось, аказваецца, што ён добра ведаў геаграфію Беларусі.

Вы ўспамінаеце гэтую сустрэчу такім асабістым чынам...

кс. Лявон Ладыш: Так, вельмі асаблівым. Калі прыходзіць 14 лютага – гадавіна гэтай сустрэчы - я пазіраю на фота, якое ў мяне вісіць з гэтай сыстрэчы… І той ружанец, які я атрымаў ад папы рымскага, гэта для мяне як сьвятая рэліквія.

- успамінаў ксёндз Лявон Ладыш – пробашч парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Войстраме.

Размаўляла Анна Задрожна