• Ці вернуцца памежныя кантролі на ўнутраных межах Эўразьвязу?
  • 05.05.2011

Ці паявяцца ізноў памежныя кантролі на ўнутраных межах Эўразьвязу? Увядзеньня  кантроляў на межах патрабуюць Італія й Францыя, якія такім чынам хочуць абараніцца перад масавым наплывам імігрантаў з Паўночнай Афрыкі. Эўрапейская камісія не выключае такой магчымасьці. У сваю чаргу старшыня Эўрапарлямэнту перасьцерагае перад такім крокам.

Справа вяртаньня памежнага кантролю ў Шэнгенскай зоне абмяркоўвалася днямі падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў Палерма на Сыцыліі. Канфэрэнцыя прысьвячалася праблемам, зьвязаным з масавай іміграцыяй.

Парыж і Рым патрабуюць зьмены прынцыпаў дзейнасьці Шэнгенскага пагадненьня з 1985 году, у адпаведнасьці зь якім быў спынены кантроль на ўнутраных межах супольнасьці, і грамадзяне Эўразьвязу й яшчэ некалькіх эўрапейскіх краінаў, якія падпісалі пагадненьне, могуць свабодна перамяшчацца па абшары Шэнгенскай зоны. На думку прадстаўнікоў Францыі й Італіі ад таго часу сытуацыя ў ЭЗ зьмянілася.

Хаця сёньня існуе магчымасьць аднаўленьня памежнага кантролю ў Шэнгенскай зоне пры ўмове існаваньня пагрозы грамадзкага парадку, напрыклад, падчас масавых імпрэзаў ці міжнародных самітаў з удзелам сусьветных лідараў, то Італія й Францыя патрабуюць большай свабоды пры ўвядзеньні памежнага канролю. Новым дадатковым крытэрам, на іх думку, можа стаць масавы наплыў нелегальных імігрантаў.

Італьянцы моцна крытукуюць эўрапейскія структуры за бязьдзейнасьць. Палітыкі дыскутыюць, а на італьянскую Лямпэдузу старой рыбацкай лодкай прыплыло яшчэ 200 асобаў. Уцекачы зь Лібіі плылі тры дні й тры ночы. Даплываючы да Італіі былі вельмі галодныя й вычарпаныя фізычна, але хацелі, як мага хутчэй ступіць на зямлю. Ніхто з уцекачоў не хацеў размаўляць, некаторыя зь іх ня мелі сілаў трымацца на нагах.

Італьянскія жаўнеры перавезьлі ўцекачоў у невялікі лягер на Лямпэдузе, паведаміла Польскаму радыё Ізабэль Купэр з Эўрапейскага агенцтва па пытаньніх межаў „Фронтэкс”.

Ізабэль Купэр: У лягеры каля 850 месцаў. А месяц таму на выспе была такая сытуацыя, што ў лягеры знаходзілася 6 тысяч імігрантаў, а гэта драматычная сытуацыя.

На італьянскую Лямпэдузу цягам апошніх месяцаў прыплыло больш за 25 тысяч імігрантаў.  Італія некалькі разоў  зьвярталяся з просьбай да ЭЗ аказаць падтрымку, спадзеючыся, што іншыя эўрапейскія краіны прымуць частку ўцекачоў з Афрыкі.

Аднак дапамогі так і не дачакалася, паколькі іншыя краіны ЭЗ палічылі, што 60-мільённая Італія дасканала самастойна справіцца з праблемай уцекачоў. Зь Італіі частка ўцекачоў, пераважная большасьць якіх паходзіць з Тунісу, карыстаючыся магчымасьцю свабоднага пераезду, перабралася ў Францыю, паколькі там жыве вялікая мусульманская дыяспара. Факт неіснаваньня памежных кантроляў паміж краінамі ЭЗ стварае магчымасьць свабоднага перамяшчэньня імігрантаў у іншыя краіны, на што зьвяртаюць увагу італьянскія палітыкі.

Пад ціскам Рыму й Парыжа, якія хочуць „апусьціць шлягбаўмы” камісар па пытаньнях унутранай палітыкі й бясьпекі ЭЗ Сэсілія Мальмстом прызнала, што неабходна апрацаваць новую інтэрпэтацыю дзейнасьці некаторых правілаў і законаў. Аднак заявіла, што Эўрапейская камісія будзе бараніць ідэю адкрытых межаў, паколькі Шэнгенскае пагадненьне гэта адно з дасягненьняў эўрапейскай інтэграцыі.

Сэсілія Мальмстром: І мы павінны захаваць гэтае адмысловае дасягненьне. Канечне, гэтую дамову можна мадэрнізаваць. ЭК даручыла прадставіць эўрапейскім краінам інфармацыю, якім чынам неабходна ажыцьцяўляць гэтыя правілы.  Мы прааналізуем магчымасьць увядзеньня памежных кантроляў, але пры сьціслых умовах, якія будуць манітаравацца на агульнаэўрапейскім узроўні.

Магчымасьцю вяртаньня памежных кантроляў, нават тэрміновых, занепакоены старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк.

 Ежы Бузэк: Гэта не найлепшы выхад з сытуацыі. Такім чынам мы можам перакрэсьліць нешта сымбалічнае й вельмі важнае для ўсяго Эўразьвязу - свабоднае перамяшчэньне людзей і тавараў, капіталу й паслугаў, усяго таго, што вельмі важнае для ўсёй Эўропы.

Эўрапейская камісія хоча пракансультаваць пытаньне магчымага вяртаньня памежнага кантролю з усімі краінамі ЭЗ.  Нагодай дзеля гэтага будзе бліжэйшая сустрэча ў Брусэлі міністраў унутраных справаў 27 краінаў ЭЗ.

Акрамя таго ЭК намерваецца да 2012 году стварыць супольную эўрапейскую сыстэму падыходу да ўцекачоў, інакш кажучы, сыстэму ўзмацненьня зьнешніх межаў ЭЗ у рамках Шэнгенскага пагадненьня, што створыць магчымасьць кантролю й прадухіленьня нелегальнай іміграцыі.

КР