Эўразьвяз прыняў дзесяцігадовы плян дзеяньняў з мэтай абароны біялягічнай разнастайнасьці ў Эўропе.

Выміраньне гатункаў адбываецца ў маштабах, якія дагэтуль не сустракаліся. Зараз сусьветны тэмп гэтага працэсу ў тысячу разоў перавышае натуральны. Галоўны віноўнік гэтага – чалавек.

На тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу каля 25% гатункаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай выміраньня, амаль 90% папуляцыі рыбы падвяргаецца празьмернай і небясьпечнай для гатунку эксплюатацыі.

Дэградацыя навакольнага асяродзьдзя нясе з сабой вялікія грамадзкія й эканамічныя страты. Напрыклад, гаспадарчыя страты ад таго, што апыленьне насякомымі ў Эўропе рэзка скарачаецца, складае ўжо 15 млд эўра за год.

Таму Эўрапейская каміся прыняла стратэгію дзеяньняў, якія ахопліваюць дакладнае выкананьне нормаў аховы навакольнага асяродзьдзя, аднаўленьне экасыстэм, выкарыстаньне праэкалягічных сродкаў у сельскай гаспадарцы, а таксама кантроль за  агрэсіўнымі чужароднымі гатункамі расьлін і жывёл.

         Батанічны сад Варшаўскага ўнівэрстытэту адзначае 200-ы юбілей

З гэтай нагоды падрыхтавана выстава драпежных расьлін і экскурсіі па садах унівэрсытэту, даклады аб гісторыі батанічнага саду найстарэйшай варшаўскай ВНУ, кірмашы расьлін. З архітэктарам саду Бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэту можна будзе пайсьці на экскурсію ў сад, які месьціцца на даху гэтай бібліятэкі. Ён, дарэчы, вельмі прытульны й прывабны для наведвальнікаў.

Цягам месяца ад 15 траўня можна дасылаць фатаграфіі на конкурс „Przyroda UWieczniona” , значыць фота расьлін з ваколіц Варшаўскага ўнівэрсытэту. У ліпені плянуецца выстава лілеяў  ды фэстываль ружаў, а ў верасьні – экспазыцыя „Расьліны, насякомыя, мёд”. Таксама ў ліпені пройдуць  Дні архідэяў.

Мерапрыемствы распачнуцца 14 траўня.

Батанічны сад Варшаўскага ўнівэрсытэту быў заснаваны ў 1809 годзе на патрэбы Лекарскай школы па ініцыятыве Станіслава Косткі Патоцкага. Некалькі гадоў пазьней сад быў перададзены Варшаўскаму ўнівэрсытэту.  Сёньня гэта адно зь цікавейшых турыстых аб’ектаў Варшавы.


      Aўтамабіль, які працуе на мэтане са сьцёкавай вады

На вуліцах ангельскага мястэчка Брысталь зьявілася новая мадэль аўтамабіля, які павінен заахвоціць да карыстаньня няшкоднымі для навакольнага асяродзьдзя відамі транспарту. Экалягічны аўтамабіль працуе на мэтане, які атрымліваюць падчас працэсу ачысткі сьцёкавай вады. Аўтамабіль сканструявала кампанія Фольсквагэн.

Біямэтан - гэта аднаўляльнае паліва й яго згараньне не ўплывае на павелічэньне колькасьці вуглякіслага газу ў атмасфэры. Аўтабіль можа дасягнуць хуткасьці ў183 км/г. На праезд аднаго кілямэтра патрэбна 8,5 кубамэтраў мэтану. І хоць паліва паходзіць зь нечыстотаў, аўтамабіль не выдзяляе непрыемных пахаў.

Справа біягазу ня новая. Мэтанам можна таксама абаграваць будынкі. Біямэтан выгадна выкарыстоўваюць ужо некалькі эўрапейскіх сталіцаў. Сталіца Нарвэгіі – Осла да 2020 году ўвесь гарадзкі транспарт вызваліць ад выкапнёвага паліва.

У Швэцыі ўжо больш за 11,5 тыс. машын выкарыстоўвае біямэтан з адстойнікаў. Падобую тэхналёгію плянуе выкарыстаць таксама Польшча ў гарадзкім транспарце.

Фрыганізм. Што азначае гэтае слова? – гэта філязофія жыцьця, сутнасьць якой заключаецца ў мінімізацыі спажываньня й змаганьні з марнатраўствам перадусім ежы, але таксама вопраткі, мэблі, будынкаў, ці энэргіі.

Фрыгана можна памыліць зь бяздомным, бо яны абодва капаюцца ў сьметніцы ў пошуках ежы. Некаторыя жывуць у апушчаных дамах. Аднак фрыган адрозьніваецца зьнешнім выглядам – гэта пераважна малады чалавек, вельмі часта студэнт добра, ці лепш сказаць – чыста - апрануты. Гэта людзі, якіх на вуліцу ня выгнала галеча, яны могуць сабе дазволіць купіць прадукты, але ня робяць гэтага, бо лічаць, што людзі выкідаюць настолькі многа ежы, што ёю могуць наесьціся іншыя.

На захадзе тыповым заняткам фрыганаў зьяўляецца зьбіраньне ежы са сьметнікаў за супэрмаркетамі. У Польшчы гэта складана, таму што, паводле польскага заканадаўства, ежу, тэрмін прыгоднасьці якой скончыўся, прадавец абавязаны зьнішчыць.

Але ёсьць месцы, дзе прадукты можна атрымаць бясплатна: напрыклад, гэта таварныя біржы, рынкі. 

Гэты рух, хоць ня масава, але здабывае прыхільнікаў у Польшчы. Польскія фрыганы сваёй пазыцыяй імкнуцца паказаць, што можна жыць інакш, больш экалягічна, менш спажывецка й такім чынам зьмяншаць колькасьць сьмецьця на зямлі.

Фрыганізм нарадзіўся ў ЗША. У Эўропе ў некарторых гарадах выдаюць нават даведнікі для фрыганаў, у якіх указваюцца месцы, дзе можна атрымаць ці абмяняцца рознымі таварамі.

Я.С.