• Паўночны Каўказ усё больш замыкаецца ў сабе
  • Audio6.62 MB
  • 10.05.2011

 

Нашым сёньняшнім суразмоўцам зьяўляецца Абдула Істамулаў – чачэнскі палітоляг, дырэктар цэнтру стратэгічных дасьледваньняў і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці “Паўночны Каўказ – стратэгія”, экспэрт АБСЭ па пытаньнях Каўказу. У інтэрвію Польскаму Радыё ен распавядае пра  міжэтнічныя канфлікты ў Расеі, сытуацыю ў Чачні, тэрарызм на Паўночным Каўказе.

У сьнежні мінулага году ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Растове ды іншых расейскіх гарадах адбыліся масавыя выступленьні й сутычкі на этнічнай глебе. Што стала прычынай хвалі агрэсіі? На думку чачэнскага палітоляга, этнічныя сутыкненьні ў Маскве былі справакаваныя палітычнымі сіламі, забойства футбольнага фаната стала толькі нагодай для іх – кажа Абдула Істамулаў.


А. Істамулаў: Нацыяналістычныя групоўкі былі сфармаваныя яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў, каб стрымліваць гвалт з боку каўказцаў. Тады джына выпусьціілі з бутэлькі, а вярнуць назад не змаглі. Стрымаць нацыяналістычныя настроі ні ў каго ніколі не атрымлівалася. Забойства футбольнага заўзятара каўказцамі ці забойства каўказцаў скінхэдамі – на жаль, ня рэдкая зьява. За год такім чынам гіне 20-30 чалавек з абодвух бакоў. Адно з такіх забойстваў, на мой погляд, было выкарыстана нацыяналістычнымі палітычнымі сіламі. Нацыяналістычныя лёзунгі заўсёды прыцягваюць увагу. Але гэта вельмі небясьпечная гульня. Я лічу, што сутычкі былі справакаваныя зацікаўленымі групамі.

Хваля этнічнай варожасьці мае й сацыяльныя прычыны. Беспрацоўе прымушае моладзь з каўкаскіх рэспублік пераязджаць у буйныя гарады Расеі ды суседніх краінаў. Яны ня могуць інтэгравацца ў грамадзтва, дзе жывуць. Чаму? Адна з прычынаў – заведама варожае стаўленьне ад каўказцаў, кажа Абдула Істамулаў.

А. Істамулаў: Моладзь едзе куды можа, дзе можа зачапіцца. Але мясцовае асяродзьдзе іх ужо не ўспрымае, яно адмоўна да іх ставіцца. Умацаваліся адмоўныя стэрэатыпы, яны праяўляюцца паўсюль. Іх ствараюць у тым ліку і СМІ – у прыватнасьці тэлебачаньне.

Другая прычына канфліктаў крыецца ў тым, што маладыя эмігранты з Каўказу проста не разумеюць культуру грамадзтва, да якога прыяжджаюць – кажа палітоляг.

А. Істамулаў: Апошнія 20-25 гадоў каўкаскія рэспублікі былі адарваныыя ад расейскага культурнага поля й разьвіваліся ў ізаляцыі, ня ведаючы іншых культураў. Калі нашае пакаленьне вырасла на расейскіх, украінскіх клясыках – Пушкіне, Шаўчэнку, то новае пакаленьне гадавалася толькі ў сваёй нацыянальнай культуры. А ў Чачні ўвогуле ня бачылі акрамя вайны нічога! Калі моладзь выяжджае ў іншыя гарады, аказваецца, што яна ня можа там адаптавацца, бо ня ўмее сябе паводзіць. Маладыя людзі ня ведаюць культуру асяродзьдзя, да якога яны прыехалі!

У апошнія дзесяцігодзьдзі Каўказ аддаляецца ад рэшты Расеі ды ўсё больш ізалюецца ў сваёй культуры. Пачатак гэтага працэсу адносіцца да часоў чачэнскай вайны – кажа Абдула Істамулаў. Тады быў створаны вобраз каўказца як чужога, ворага. Пасьля вайны вярнуцца да нармальных адносінаў аказалася немагчыма – канстатуе палітоляг.

А. Істамулаў: Калі вайна скончылася, мы захацелі вярнуць усё, як было калісьці. А гэта аказалася немагчыма. У Расеі ліквідавалі міністэрства па нацыянальнай палітыцы разам з усімі нацыянальнамі праграмамі. Вы можаце сабе ўявіць, што ў краіне, дзе 160 нацыянальнасьцяў, няма міністэрства па нацыянальнай палітыцы? Таксама няма ніводнай нацыянальнай праграмы. Мы захацелі быць братамі зноў, але гэтага не атрымалася. Сапраўды, мы разыходзімся.

Трывожную тэндэнцыю ізаляцыі Паўночнага Каўказу адлюстроўваюць вынікі сацыялягічных дасьледваньняў – кажа Абдула Істамуулаў.

А. Істамулаў: Паводле апытаньняў, якія праводзіў Лявада-цэнтар, каля 80% расейцаў ня лічаць жыхароў Паўночнага Каўказу грамадзянамі Расейскай Фэдэрацыі й ня хочуць іх у фэдэрацыі бачыць. У сваю чаргу мы, цэнтар “Паўночны Каўказ – стратэгія”, апыталі 1250 чалавек з 7 рэгіёнаў Паўночнага Каўказу. Вы не паверыце, але карціна была абсалютна супрацьлеглай да настрояў расейцаў! 87,8% апытаных сказалі, што лічуць сябе грамадзянамі Расеі й хочуць жыць у Расеі.

На Паўночны Каўказ, у тым ліку ў Чачню, Масква накіроўвае вялікія фінансавыя сродкі. Пры гэтым у рэгіёне па-ранейшаму катастрафічна не хапае працоўных месцаў. І прычына гэтага фэномену ляжыць ня ў тым, што грошы крадуць, а ў тым, што іх няправільня разьмяркоўваюцць – тлумачыць Абдула Істамулаў.

А. Істамулаў: Сапраўды, адбудова Чачні ўражвае, нават улічваючы аб’ём укладзеных грошай. Ці ёсьць карупцыя? Ёсьць! Нават вышэйшая, чым у сярэднім па Расеі. Але гэта – не галоўная перашкода. Каб былі працоўныя месцы, трэба ствараць прадпрыемствы. Але грошы мэтанакіравана выдзяляюцца на будаўніцтва гандлёвых цэнтраў, бэнзазаправак, жыльля. Але гэта не дае працоўных месцаў! Дакладней, дае іх роўна на той час, пакуль не завершыцца будаўніцтва.

Чамусьці не будуецца прадпрыемстваў, затое будуецца ўсё астатняе. Такое ўражаньне, што Чачню, як нявесту, прыхарошваюць, каб пазьней выдаць замуж. У чым прычына? У мяне ёсьць на гэты конт гіпотэзы, але адказу пакуль няма. 

Тэрарыстычная вайна ў Чачні скончылася. Аднак экстрэмісцкае падпольле пачало расьці ў іншых рэспубліках – перадусім у Кабардына-Балкарыі ды Дагестане. Яго характар зьмяніўся – экстрэмісцкія групы не ствараюць адзінай арганізацыі, дзейнічаюць самастойна, дастасоўваюцца да мясцовых умоваў і маюць мясцовыя крыніцы фінансаваньня. У адрозьненьні ад дзяржаўных уладаў, яны маюць моцную ідэалёгію – кажа Абдула Істамулаў.

А. Істамулаў: У адрозьненьні ад дзяржавы, у іх ёсьць ідэалёгія. Яны гатовыя сабой ахвяраваць. А цяпер уявіце, што ім супрацьстаіць ня вельмі эфэктыўная міліцыя, абсалютна неэфэктыўныя спэцслужбы. Яны ведаюць, за што яны змагаюцца, і яны гатовыя памерці. А мы – не. Мы паміраць не гатовыя.

Калі такая група дзесьці ў Кабардына-Балкарыі захоча падмяць пад сябе крымінал, яна зь лёгкасьцю гэта зробіць. Экстрэмісты маюць інфармацыю пра карупцыянэраў у мясцовай адміністрацыі й трымаюць іх на кручку. Іх абклалі данінай. Так што экстрэмісцкае падпольле часткова фінансуецца з дзяржаўных сродкаў. Гэта абсалютнае зло – калі мы на нашыя падаткі фінансуем людзей, якія нас жа ўзрываюць! 

Рамзану Кадыраву ўдалося ўсталяваць у Чачні мір. Цяпер рэспубліка зьяўляецца ня толькі самай спакойнай, але й адной з найбольш разьвітых у рэгіёне. Чым тлумачыцца посьпех Кадырава?

Ён ўзяў на сябе усю адказнасьць за сітуацыю ў рэспубліцы. Масква, у сваю чаргу зачыніла вочы на надзвычай жорсткія мэтады, якіямі ён дзейнічаў, упэўненая, што мэта апраўдвае сродкі. У выніку Кадыраву ўдалося ўтаймаваць сэпаратысцкія настроі, спыніць свавольства былых палявых камандзіраў і дысцыплінаваць бюракратаў – тлумачыць Абдула Істамулаў.

А. Істамулаў: Кадыраву ўдалося вымуштраваць бюракратаў. Яны яго баяцца, ён змусіў іх працаваць эфэктыўна. Ніхто ў Расеі за ўсю яе гісторыю ня змог гэтага зрабіць. А Кадыраў у рамках адной рэспублікі такую сыстэму стварыў. Яна выгодная. Мінусаў у яе таксама вельмі шмат. Я думаю, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве яна прывядзе да нэгатыўных наступстваў. Але пакуль гэтая сыстэма эфэктыўная.


Аляксандар Папко