• Абама зноў у Эўропе
  • 23.05.2011

Амэрыканскі прэзыдэнт пачаў 6-дзённы візыт у Эўропу. Ён прылятае на Стары кантынэнт з адзінай мэтай – супакоіць хаўрусьнікаў, што яны надалей маюць істотнае значэньне для Амэрыкі.

Цяперашні візыт амерыканскага прэзыдэнта ў Эўропу восьмы па ліку. Ён адбываецца ў даволі нэрвовай атмасфэры. Эўрапейскія хаўрусьнікі, асабліва краіны Цэнтральнай Эўропы, выказваюць сваё расчараваньне палітыкай ЗША. Яны перакананыя, што дзейснага прэзыдэнта Эўропа не цікавіць у адрозьненьне ад Блізкага Ўсходу ды Азіі. Паводле словаў амэрыканскіх дыпляматаў, гэтым візытам Барак Абама хоча падкрэсьліць, што ў ЗША няма новых ды старых саюзьнікаў. Ёсьць проста саюзьнікі. З Вашынгтону перадае карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі.

Марэк Валкускі: Паводле амэрыканскіх палітолягаў, візыт Барака Абамы ў Эўропу зьяўляецца адным з найважнейшых падарожжаў прэзыдэнта Злучаных Штатаў у гэтым годзе. Гэта паказвае, што Эўропа надалей застаецца галоўным ды найважнейшым партнэрам ЗША ў сьвеце. Белы дом зразумеў, што краіны Старога кантынэнту, асабліва з Цэнтральнай Эўропы, адчувалі сябе занядбалымі з боку амэрыканскага хаўрусьніка. Тут непакоіліся, што Вашынгтон канцэнтруецца перад усім на Блізкім Усходзе ды Азіі коштам Эўропы. Апошнія шэсьць месяцаў прэзыдэнцкая адміністрацыя хоча гэта зьмяніць. Адсюль падарожжа Абамы ў Эўропу, каб падкрэсьліць, што гэты кантынэнт знаходзіцца ў цэнтры амерыканскай стратэгіі бясьпекі.

Шасьцідзённае турнэ амэрыканскага лідара па Эўропе пачалося ад наведваньня Ірляндыі, дзе ён будзе шукаць свае карані. Потым у плянах Барака Абамы наведванне Вялікабрытаніі, Францыі ды Польшчы. Гэта не будзе лёгкі візыт: амэрыканскага прэзыдэнта чакаюць складаныя размовы пра экэнамічны крызыс, замежныя вайсковыя апэрацыі, ды гігантычны ўзровень амэрыканскага зьнешняга доўгу. Больш падрабязна пра прагараму візыту расьпавядае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цагельскі.

Войцех Цагельскі: У Ірляндыі Барак Абама сустракаецца з прэзыдэнтам і прэм'ер-міністрам гэтай краіны. Пасьля гэтага амэрыканскага прэзыдэнта чакаюць у вёсцы Монэгаль, дзе знаходзіцца дом яго продкаў. Аднак найважнейшай часткай падарожжа Абамы ў Эўропу будзе трох-дзённы візыт у Вялікабрытанію. Паводле Белага дому, гэта будзе пацьвярджэньнем асаблівых адносінаў, якія зьвязваюць абедзьве краіны. Барак Абама будзе размаўляць з брытанскім прэм’ерам Дэйвідам Камэронам на тэмы натаўскіх апэрацыяў у Лібіі ды Афганістане, а таксама пра сытуацыю ў арабскіх краінах. У Францыі падчас саміту Ґ-8 Абама сустрэнецца з прэзыдэнтамі Францыі ды Расеі. Падчас наведваньня Польшчы амэрыканскі бок будзе размаўляць пра вайсковае супрацоўніцтва, дыслякацыю ў Польшчы амэрыканскіх самалётаў Ф-16 і здабычу газу сланцавых парод. Паводле інфармацыі з Дзярждэпартамэнту, візыт у Польшчы будзе пацьверджаньнем важнасьці трансатлянтычных адносінаў для Вашынгтону. 

У Польшчу Барак Абама прыляціць 27-га траўня й сустрэнецца з польскім прэзыдэнтам Браніславам Камароўскім ды прам’ер-міністрам Дональдам Тускам. Асноўнай тэмай размоваў будзе эканоміка ды вайсковая супраца паміж Злучанымі Штатамі й Польшчай. На думку некаторых экспэртаў, гэты візыт нічога істотнага не прынясе ў польска-амэрыканскія адносіны. Такое меркаваньне выказаў былі кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі Вітальд Вашчыкоўскі.

Вітальд Вашчыкоўскі: Здаецца, што стаўленьне да адносінаў паміж нашымі дзяржавамі зьмянілася з абодвух бакоў. Дзейсны ўрад радыкальна абмежаваў польскую дыпляматыю ды адмовіўся ад удзелу ў шэрагу ініцыятываў, у тым ліку з ЗША. Мы спынілі наш удзел у шэрагу мірных апэрацыяў, якія мелі важнае значэньне для амэрыканцаў і нас. Некалькі гадоў таму мы вялі стратэгічны дыялёг з Злучанымі Штатамі.

Што цікава, гэты візыт Абамы ў Эўропу адбываецца пры празьмерна ўзмоцненай ахове. Гэта зьвязана з тым, што амэрыканцы чакаюць помсты з боку Аль-Каіды за забойства Ўсамы бін Лядэна амэрыканскімі вайскоўцамі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч