Запрашаем на навуковы пікнік Польскага радыё

У бліжэйшую суботу (28 траўня) грамадзкае Польскае радыё ды Цэнтар навукі “Капэрнік" запрашаюць на найбольшы навуковы хэпэнінг у Эўропе.

У гэты дзень у парку імя Эдварда Рыдза-Сьміглы ў Варшаве адбудзецца буйны фэст, падчас якога можна будзе даведацца, якім чынам навуковыя адкрыцьці (ад гістарычных па сучасныя) ўплываюць на жыцьцё чалавека.

Можна будзе, напрыклад, убачыць блакітныя памідоры, пазмагацца з робатам ды паспрабаваць сваіх сіл у матэматычнай аэробіцы. А таксама даведацца, ці можна пачуць гук вокам, што аб’ядноўвае матэматыку й гальштук, ці электрычны разрад можа стварыць музыку й ці навука дае свабоду?

Пра ўсё гэта можна будзе даведацца падчас XV Навуковага пікніка Польскага радыё й Цэнтру навукі “Капэрнік"! Уваход на мерапрыемства бясплатны.

Мэдычныя цэнтры для… расьлінаў

У сьвеце ўсё больш папулярнымі становяцца гэтак званыя мэдычныя цэнтры для…расьлінаў.  Мэта іхнай дзейнасьці – дапамога фэрмэрам у павелічэньні вытворчасьці харчаваньня, асабліва ў краінах, якія разьвіваюцца.

Мэдычны цэнтар для расьлінаў дзейнічае крыху як паліклініка. Фэрмэр можа прыйсьці да спэцыяліста й даведацца, як даглядаць палеткі, змагацца са шкоднікамі й хваробамі расьлінаў.

У экспэрта можна таксама даведацца пра магчымыя эпідэміі харобаў расьлінаў.

Цяпер мэдычныя цэнтры для расьлінаў дзейнічаюць у  15 краінах Афрыкі, Азіі й Лацінскай Амэрыкі. Мясцовыя фэрмэры высока ацэньваюць атрыманую ў іх інфармацыю ды часта паконваюць дзясяткі кілямэтраў, каб атрымаць параду. 

У суме павінна ўзьнікнуць каля 400 такога роду ўстаноў у 40 краінах сьвету. У стварэньні дапаможа датацыя ў памеры амаль 7 мільёнаў даляраў, якую на згаданую мэту выдзялілі ўрады Швайцарыі й Вялікабрытаніі.

Ці наступіў пералом у барацьбе зь ВІЧ!?

Новая вакцына дапаможа змагацца з эпідэміяй ВІЧ/СНІД. Вынікі досьледаў сьведчаць пра тое, што створаная амэрыканскімі навукоўцамі новая вакцына ахоўвае ад хворобы некаторыя малпы.

SVI гэта адпаведнік небесьпечнага для чалавека віруса ВІЧ. Падчас дасьледаваньняў вакцынацыя была праведзена ў 24 малпаў. У 13 зь іх узьнік імунітэт на вірус. У 12 жывёл вакцына дзейнічала год пасьля ін'екцыі.

Як тлумачаць амэрыканскія навукоўцы зь Інстытуту вакцынацыі й тэрапіі генаў  ў штаце Арэгон, вакцына актывізуе да дзеяньня адпаведныя імунныя клеткі. 

Пры гэтым адмыслоўцы аднак прызнаюць, што яны ня ведаюць, як выкарыстаць згаданы  мэханізм для абароны людзей ад віруса ВІЧ. 

Навукоўцы распрацоўваюць паходжаньне й значэньне рэлігіі

Пры дапамозе новых дасьледаваньняў навукоўцы стараюцца паясьніць паходжаньне й значэньне рэлігійных вераваньняў. Уступныя аналізы праекту надоечы апублікаваў тыднёвік „The Economist”.

Рэлігія для навукоўцаў - гэта асабліва складаная й неадназначная тэма. З аднаго боку ўсе грамадзтвы маюць свае веравызнаньні. З другога – ня ўсе людзі веруючыя. У сьвеце жыве каля 1 мільярда няверуючых людзей. Чарговая праблема, гэта факт, што існуе шмат веравызнаньняў: ад каталізыцму па рэлігіі ў Папуа-Новай Гвінэі, дзе пакланяюцца самалётам ці радыёпрымачам.

Паводле навукоўцаў, чалавечы мозг мог разьвівацца ў такім напрамку для таго, каб узнагароджваць дабрыню й караць зло, паколькі гэта дапамагае ў міжчалавечых зносінах, неабходных для выжываньня. Гэта супольная рыса ўсіх веравызнаньняў. Іншыя экспэрты зьвяртаюць увагу на абрадавасьць, якая аб’ядноўвае вернікаў. Усё гэта, у сваю чаргу, зьвязана з функцыямі чалавечага мозгу – памяцьцю й эмоцыямі.

Нягледзячы на некалькі гадоў дасьледаваньняў, праведзеных у рамках праекту „Дасьледаваньне рэлігіі”, праект не прынёс канчатковых адказаў. Тым ня менш, паводле „The Economist”, гэта добрая навіна аб тым, што згаданая складаная галіна навукі разьвіваецца.

Сытуацыя на „Фукушыме” вернецца да нормы да студзеня 2012

Апэратар японскай атамнай электрастанцыі „Фукушыма” кампанія ТЕРСО пацьвердзіла, што расплаўленьне актыўнай зоны мела месца на ўсіх трох энэргаблёках, якія працавалі ў момант аварыі 11 сакавіка.

Паводле прадстаўніка кампаніі, разбурэньне паліўных стрыжняў другога рэактару пачалося праз тры дні пасьля землятрусу. Стрыжні трэцяга рэактару былі зьнішчаны 13 сакавіка.

ТЕРСО плянуе нармалізаваць сытуацыю на станцыі да студзеня 2012 г. Кампанія панесла вялізныя страты й вымушаная зьвярнуцца да ўраду па фінансавую дапамогу. На мінулым тыдні ў адстаўку падаў кіраўнік  ТЕРСО.


Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org