• Беларускі ПЭН-цэнтр абвясьціў конкурс да 100-годзьдзя Чэслава Мілаша
  • 25.05.2011

Беларускі ПЭН-цэнтр абвясьціў творчы конкурс для маладых літаратараў, прымеркаваны да 100-годзьдзя з дня нараджэньня выбітнага польскага паэта, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Чэслава Мілаша.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца творцы ад 15 да 26 гадоў. Ляўрэаты конкурсу будуць запрошаныя на майстар-клясы, дзе змогуць прадставіць і абмеркаваць свае творы зь вядомымі пісьменьнікамі, выкладчыкамі й навукоўцамі.

Да разгляду журы конкурсу прымаюцца вершы, кароткая проза, эсэістыка й мастацкія пераклады. Творы мусяць быць дасланыя не пазьней за 20 чэрвеня, а падвядзеньне вынікаў конкурсу адбудзецца 30 чэрвеня - у дзень народзінаў Чэслава Мілаша.

Творы можна дасылаць на e-mail: penkonkurs@gmail.com (з пазнакай "Літаратурны конкурс"), ці на паштовы адрас: 220050, а/с 218, Менск, РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр". Даведкі праз электронную пошту ці тэлефон у Менску: (017) 284-73-29.

Конкурс зьяўляецца традыцыйным, праводзіцца штогод з 2003 года й прысьвячаецца юбілеям выбітных літаратараў. Сярод пісьменьнікаў, чыё імя насіў конкурс, Натальля Арсеньнева, Ларыса Геніюш, Карлас Шэрман і Ўладзімір Караткевіч.

Бронзавы бюст вялікага польскага кампазытара Фрыдэрыка Шапэна перададзены Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі амбасадай Польшчы ў Беларусі

Як распавёў на цырымоніі перадачы Надзвычайны й Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка, гэтая мастацкая праца ўяўляе сабой сучасную копію бюста Фрэдэрыка Шапэна польскага скульптара Баляслава Сырэвіча, выкананая Эрыкам Стэнпнецкім.

Перадача бронзавага бюста Шапэна Акадэміі мастацтваў зьяўляецца завяршальнай падзеяй з шэрагу мерапрыемстваў, прысьвечаных 200-годзьдзю з дня нараджэньня кампазытара.

Міністэрства культуры Польшчы плянавала ў бліжэйшы час ўсталяваць бюсты Шапэна ў шматлікіх краінах сьвету. Адзін зь іх ужо зьявіўся ў Парыжы, другі - у Менску.

Арыгінальны бюст Шапэна быў створаны Баляславам Сырэвічем каля 1872 года для Варшаўскай музычнай супольнасьці. У працы над мармуровым бюстам аўтар арыентаваўся на малюнак пасьмяротнай маскі Шапэна, вырабленай францускім скульптарам Жанам-Батыстам Клезэнжэ, а таксама партрэты кампазытара, зробленыя пры яго жыцьці.

31 траўня ў Менску пабачыць сьвет чарговы нумар штогодніка “Паляністыка - Полонистика - Polonistyka”. Ён выдаецца з 1998 году пры менскай Катэдры тэарэтычнага й славянскага мовазнаўства БДУ.

Часопіс зьмяшчае артыкулы й рэцэнзіі, датычныя паляністычных дасьледаваньняў у галіне мовазнаўства й літаратуразнаўства.

Чарговы том штогодніка прысьвечаны праблемам польскай мовы, літаратуры, культуры й гісторыі. Разглядаюцца сучасныя тэндэнцыі разьвіцьця мовы, моўныя кантакты ў Паўночна-Ўсходняй Польшчы, адносіны паміж літаратурай і цэн¬зурай, а таксама творчасць польскіх пісьменьнікаў: Генрыка Сен¬кевіча, Яна Каспровіча, Яраслава Івашкевіча, Людмілы Мар’янскай і інш.

Сталі вядомыя падрабязнасьці культурніцкай праграмы з нагоды пачатку польскай прэзыдэнтуры ў Эўразьвязе. 1 ліпеня адбудзецца вялікі ўрачысты канцэрт, вядучымі якога будуць вядомы ў Польшчы шоў-мэн Куба Ваявудзкі й актор Кшыштаф Матэрна. Абодва кажуць пра канцэрт, што “чагосьці такога ў Польшчы яшчэ не было”.

На канцэрце будзе гучаць музыка Шапэна й Кіляра, выступяць гурты Perfect, Myslovitz i Лех Янэрка, вакальная група Manhattan Transfer i саксафаніст Kenny G і шмат іншых артыстаў.
Рыхтуецца таксама грандыёзны паказ фаервэркаў. Ён, як і ўвесь канцэрт, адбудзецца ля Палацу культуры й навукі пад музыку Войцеха Кіляра "Orawa".

На працягу шасьці месяцаў польскага старшынства ў ЭЗ заплянаваныя больш за 2,5 тысячы культурніцкіх імпрэз, сустрэч і дэбатаў. Гэта й найбуйнейшая прэзэнтацыя польскага тэатру ў Маскве, Брусэлі й Ерусаліме, першая буйная прэзэнтацыя польскай сучаснай музыкі ў Нью-Ёрку й выставы польскага дызайну на фэстывалях у Вене, Будапэшце, Маскве й Парыжы.

Фільм “Дрэва жыцьця” амэрыканскага рэжысэра Тэрэнса Маліка атрымаў “Залатую пальмавую галінку” 64-га Канскага кінафэстывалю.

“Дрэва жыцьця” - гэта філясофскі фільм пра жыцьцё амэрыканскай сям'і й жыцьцё на Зямлі. Галоўныя ролі ў ім выканалі Брэд Піт, Джэсіка Чэстэйн і Шон Пэн.

Узнагароду ў намінацыі “Лепшая акторка” атрымала Кірстэн Дунст, а прэмію за лепшую мужчынскую ролю атрымаў Жан Дзюжардэн. 

Прыз журы ўручылі карціне францужанкі Майвэнн Ле Бэска «Паліцыя» пра падразьдзяленьне па абароне дзяцей ад гвалту. Узнагароду за сцэнар атрымаў ізраільцянін Ёсэф Сэдар за «Зноску" аб адносінах двух навукоўцаў-талмудыстаў, бацькі й сына.

Прыз за рэжысуру атрымаў датчанін Нікалас Віндынг Рэфн за «Драйв» аб каскадзёры, які адначасова працуе кіроўцам у бандытаў. А Гран-пры Канскага фэсту падзялілі стужка «Аднойчы ў Анатоліі» Нуры Більге Джэйлана (пра паліцыянтаў і забойцу, якія шукаюць у стэпе месца злачынства) і «Хлопец на ровары» братоў Дардэн (пра хлопчыка, які шукае свайго бацьку).

64-й Канскі кінафэстываль праходзіў на Лязурным узьбярэжжы з 11 па 22 траўня. У конкурсе ўдзельнічала 20 фільмаў.

дг