• Краявідныя скарбы Беларусі - Паставы
  • 18.06.2011

Паставы - невялікі прыгожы гарадок, які раскінуўся ў маляўнічых мясцінах на берагах рэчкі Мядзелкі на паўночным захадзе Беларусі. Ён знаходзіцца ў баку ад вялікіх і шумных дарог, як бы ўтоены ад чужых вачэй, і таму здолеў захаваць сваё своеасаблівае аблічча.

Людзі сяліліся тут здаўна. Самае старажытнае паселішча адносіцца да эпохі неаліту й месьціцца на паўночным беразе возера Задзеўскага. Архэолягі выявілі там крамянёвыя скрабкі, нажы, наканечнікі дзідаў, праколкі, а таксама кераміку нарвенскай і паўночнабеларускай культур.

У літаратурных крыніцах паселішча ўпершыню згадваецца ў 996 г. пад назвай Пасаднік, першым уладальнікам якога быў Данут Зяновіч.

У 1409 г. прывілеем вялікага князя Вітаўта вёска Пасаднік была пераведзена ў разрад мястэчак і атрымала назву Паставы, што тлумачыцца знаходжаньнем паселішча на берагах ставоў, якія ўтвораны плацінай ад млына.

Да сярэдзіны 18 стагодзьдзя Паставы належалі магнацкаму роду Зяновічаў, а потым перайшлі ва ўсласнасць Бяганскіх. Дзякуючы фундацыі Станіслава й Ганны Бяганскіх быў пабудаваны кляштар францысканцаў.

У тым жа стагодзьдзі Паставы пераходзяць ва ўладаньне знакамітага роду Тызенгаўзаў, сярод якіх выдзяляецца постаць Антонія, Канстанціна й Райнольда.

Антоній Тызенгаўз, падскарбій Вялікага княства Літоўскага, сваёй дзейнасьцю зрабіў Паставы адным з прыгажэйшых мястэчак Віленшчыны, пабудаваўшы ў ім па праекце італьянскага архітэктара Сака архітэктурны ансамбль цэнтральнай часткі горада. Выдатны дзеяч 18 стагодзьдзя, найздольнейшы міністар урада апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, беларуска-літоўскі Пётр I, "літоўскі цар", як называлі яго сучаснікі: рэфарматар, прадпрымальнік, мецэнат і зьбіральнік твораў мастацтва. Беларускі вучоны 19 стагодзьдзя Адам Кіркор назваў Тызенгаўза геніяльным чалавекам, які апярэдзіў сваё стагодзьдзе, зрабіў многа дабра й стаў ахвярай зайздрасьці, злосьці й бясьсільля каралеўскай улады.

Быў магнат у сяброўскіх адносінах з Жанам Жакам Русо.

Згодна даследваньняў прафэсара Станіслава Касьцялкоўскага (з Лёнданскага ўнівэрсытэту), Антоній Тызенгаўз з усіх сваіх прыватных уладаньняў "самы вялікі прамысловы цэнтар імкнуўся стварыць у Паставах, атрыманых у спадчыну ад сваёй маці".

Фабрыка паясоў або персіярня (па аналёгіі са Слуцкай мануфактурай шаўковых паясоў - Слуцкая персіярня). Са спіса гардэроба, узятага Тызенгаўзам у Варшаву 29 жніўня 1768 года, вынікае, што ў той час паясы з "пастаўскай фабрыкі" былі такімі - адзін срэбратканы, другі - лілея з ружовым. За год вопытны майстар звычайна вырабляў ня больш за 8 паясоў з залатых і срэбраных нітак на шаўковай аснове. Кожны выраб быў арыгінальным экзэмплярам і не паўтараў іншы. Над асобнымі, больш адмысловымі паясамі працавалі больш за паўгода. Таксама былі закладзены ткацкія майстэрні, папяровая фабрыка, латунная майстэрня, гарбарня, вятрак, вадзяны млын, цагельны завод.

Граф заклаў прамысловы падмурак ня толькі ўласна Пастаў, але й рэгіёна, заснаваўшы цагельныя мануфактуры ў Рудцы, Полаве, Варапаеве (дзе наладзіў таксама піваварную вытворчасць) і шкляную – у Галбеі.

Дзейнасьць Антонія Тызенгаўза працягнуў Канстанцін Тызенгаўз (палкоўнік войска Вялікага княства Літоўскага, удзельнік бітвы пад Лейпцыгам, сусветна вядомы арнітоляг) ператварыў Паставы ў культурны цэнтар, стварыўшы ў сваім палацы багаты арніталягічны музэй і карцінную галерэю.

ак