Выхадныя пад знакам важных падзеяў у беларускім касьцёле

Апошнія выхадныя прайшлі пад знакам важных падзеяў для каталіцкага касьцёла ў Беларусі. 

Сёньня (19 чэрвеня) беларускія каталікі сьвяткавалі 20-годзьдзе ўтварэньня Менска-Магілёўскай мітраполіі.

Прымеркаваная да згаданай гадавіны ўрачыстасьць прайшла перад Чырвоным касьцёлам ў Менску,  дзе сьвятую літургію ўзначаліў госьць з Ватыкана, старшыня Папскай рады „Cor Unum” кардынал Рабэр Сара.
У імшы ўдзельнічалі ўсе беларускія біскупы, іерархі з Украіны, Латвіі, Расеі, шматлікія духоўныя асобы зь Беларусі й замежжа, а таксама вернікі іншых парафій архідыяцэзіі ды ўсёй Беларусі.

У сваю чаргу 17- 18 чэрвеня ў Віцебску прайшлі двухдзённыя ўрачыстасьці, зьвязаныя з абвяшчэньнем новага катэдральнага касьцёла, якім па жаданьні папы рымскага Бэнэдыкта XVІ стала новапабудаваная сьвятыня Ісуса Міласэрнага.

Кансэкрацыю ачольваў старшыня Папскай рады „Cor Unum” кардынал Рабэр Сара.

У віцебскіх урачыстасьцях, у тым ліку ў сымпозыюме, прысвечаным гісторыі дыяцэзіі й самога горада, канцэртах ды іншых культурніцкіх мерапрыемствах удзельнічалі каталіцкія іерархі зь Беларусі й замежжа (у тым ліку з Польшчы ўроцлаўскі мітрапаліт арцыбіскуп Мар'ян Галэмбеўскі), духавенства й вернікі з усіх дыяцэзіяў краіны, прадстаўнікі грэка-каталіцкага касьцёла ў Беларусі ды ўладаў. 

Віцебская дыяцэзія была створана Янам Паўлам ІІ 13 кастрычніка 1999 г. На той час у Віцебску была толькі адна парафія й адзін касьцёл. Таму катэдрай быў абвешчаны касьцёл сьв. Барбары.

Catholic.by/аз

Caritas з Плоцка арганізоўвае адпачынак для дзяцей з Усходняй Эўропы

Каля 400 дзяцей з Украіны й Беларусі ды 250 дзяцей з Плоцкай дыяцэзіі будуць адпачываць падчас летніх канікулаў у Цэнтры імя арцыбіскупа Нававейскага ў Папове на беразе Зэгжынскага вадасховішча.

Плоцкі аддзел дабрачыннай арганізацыі „Caritas” арганізоўвае летнікі для дзяцей з Усходняй Эўропы ўжо многія гады. Традыцыйна іх адпачынак спалучаны з экскурсіямі па Польшчы. Дзеці таксама змогуць карыстацца басейнам, а напрыканцы побыту кожны з удзельнікаў летніка атрымае ў падарунак школьныя прылады.

Адпачынак юных госьцей зь Беларусі ды Ўкраіны працягнецца два тыдні.

Паездку дзяцей фінансуе Сэнат Польшчы, Міністэрства нацыянальнай адукацыі й муніцыпальныя ўлады.

 

У бліжэйшы чацьвер - урачыстасьць Найсвяцейшага Цела й Крыві Пана

У бліжэйшы чацьвер каталіцкі касьцёл сьвяткуе Божае Цела (урачыстасьць Найсвяцейшага Цела й Крыві Пана). Сьвята адзначаецца ў чацьвер пасьля сьвята Найсьвяцейшай Тройцы.

У гэты дзень касьцёл складае падзяку Збаўцу за дар Найсьвяцейшага Сакрамэнту. Важным элемэнтам сьвята зьяўляецца Працэсія Божага Цела, якая адбываецца ў гэты дзень або ў наступную пасьля яго нядзелю. Праходзіць яна звычайна навокал сьвятыні ці па вуліцах мясцовасьці альбо горада й затрымліваецца каля чатырох алтароў, дзе чытаюцца фрагмэнты Эвангельля й прамаўляюцца гаміліі.

Сьвята для веруючых мае абавязковы характар. На жаль, у адрозьненьні ад Польшчы ў Беларусі - гэта нармальны працоўны дзень – кажа ксёндз Юры Варанко з парафіі Ўзвышэньня сьвятога крыжа ў Берасьці.

Юрый Варанко: Гэта абавязковае сьвята, яно адзначаецца ў чацьвер пасьля ўрачыстасьці Сьвятой Тройцы. У некаторых краінах яно мае нават дзяржаўны характар, а значыць дадзены дзень свабодны ад працы. У нас у Беларусі згаданае сьвята такога характару ня мае. Таму ў чацьвер усе каталікі прыходзяць у касьцёл: моляцца, праслаўляюць Бога, а ў бліжэйшую да гэтага сьвята нядзелю арганізоўваюцца спэцыяльныя працэсіі, каб як мага большая колькасьць вернікаў магла прыняць у іх удзел.

- сказаў ксёндз Юры Варанко зь Берасьця.

Сьвяткаваньне ўрачыстасьці Божага Цела было ўведзена ў XІІ ст. З цягам часу сьвята пашырылася, і ў 1264 г. папа Урбан ІV устанавіў яго ва ўсім касьцёле.

У хуткім часе сьвяткаваньне пачало суправаджацца працэсіямі.

Паводле некаторых зьвесткаў, першая працэсія прайшла ў Кёльне ў 1265–1275 гадох, а ў XV ст. працэсія пачалі рэгулярна праходзіць у Нямеччыне, Англіі, Францыі, Польшчы й Паўночнай Італіі.

Падрыхтавала Анна Задрожна