• 20 чэрвеня – Сусьветны дзень мігрантаў і ўцекачоў
  • Audio4.69 MB
  • 20.06.2011

20 чэрвеня адзначаецца Сусьветны дзень мігрантаў і уцекачоў. У 2000 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў пастанавіла адзначаць гэтую дату, каб прыцягнуць увагу грамадзтва да праблемаў уцекачоў, а таксама аддаць даніну павагі іх мужнасьці ды празе да жыцьця.

З нагоды гэтага дня журналісты Польскага Радыё размаўлялі з тымі, хто воляй лёсу вымушаны быў шукаць прытулку ў Польшчы.

Штогод статусу ўцекача ў Польшчы просіць каля 6 тысячаў асобаў. І толькі невялікая доля зь іх атрымлівае прытулак. У апошнія гады зьмяншаецца колькасьць уцекачоў з Усходняй Эўропы ды Каўказу, затое расьце паток бежанцаў з афрыканскіх краінаў – распавядае нам юрыст зь беластоцкага Цэнтру дапамогі мігрантам і ўцекачам “Caritas” Томаш Руркевіч.

Т. Руркевіч: У наш цэнтар зьвяртаюцца людзі з усяго сьвету – ад Кітая па Танзанію. Асноўныя прычыны, якія змушаюць людзей пакінуць сваю краіну – гэта вайна й палітычны перасьлед. Тыя, хто выяжджае па эканамічных прычынах, статусу бежанцаў не атрымліваюць.

Больш за ўсё ўцекачоў з Каўказу – з Чачні, Інгушэтыі, Дагестану. Бежанцаў зь Беларусі надзвычай мала. Апошні раз мы давалі статус палітуцекача грамадзяніну Беларусі год таму. Да нас прыбывае ўсё больш уцекачоў з Афрыкі. Колькасьць бежанцаў з Чачні зьніжаецца – таму, што вайна там афіцыйна скончылася. Мноству асобаў у атрыманьні статусу ўцекача проста адмаўляюць.

Закладнікам такой сытуацыі стаў чачэнец Іса, які з жонкай і чатырма дзецьмі жыве ў лягеры для ўцекачоў пад Варшавай. Паводле польскага заканадаўства дзяржаўныя ўлады павінныя разгледзець зварот аб палітычным прытулку на працягу 6 месяцаў. Ён жа чакаў рашэньня  больш з два з паловай гады. І яно было нэгатыўным. Таму Іса так эмацыйна выражае сваё абурэньне і крыўду, мяшаючы расейскія словы з польскімі.

Іса: Я ня маю права заставацца ў Польшчы й вяртацца не магу. Дзе справядлівасьць? Я чакаў рашэньня так доўга, і яно было адмоўным. Як яны маглі мне адмовіць з такімі доказамі – фотаздымкамі, дакумэнтамі з расейскай пракуратуры, ФСБ? Дзе справядлівасьць? Няма яе й ня будзе!

Хаваючыся ад палітычных рэпрэсіяў, пасьля сьнежаньскіх выбараў у Польшчу прыехала некалькі дзесяткаў палітычных актывістаў зь Беларусі. Сярод іх Зьміцер Бародка – адзін з чальцоў выбарчага штабу Андрэя Саньнікава.

З. Бародка: Амаль увесь штаб Саньнікава, да якога я таксама належу, быў арыштаваны. У кватэры, дзе я жыў, быў праведзены вобшук. Ператрусы былі ў маіх сваякоў. Быў ускрыты гараж, дзе стаіць мая машына. Я вырашыў, што няма іншага выйсьця, як толькі зьехаць. Калі мяне не затрымалі на Плошчы, калі мне Бог даў свабоду, то трэба неяк карыстацца гэтым. Дабравольна ў палон здавацца не хацелася.

Зьміцер Бародка, як і шмат хто зь яго сяброў, у бліжэйшыя месяцы не зьбіраюцца прасіць палітычнага прытулку. Польскія ўлады пайшлі беларусам насустрач і працягнулі ім тэрмін дзеяньня візаў. Пакуль яны вучаць польскую мову ды атрымліваюць стыпэндыю ў рамках праграмы Каліноўскага. Але цяжкасьці ўсё роўна ёсьць – кажа Зьміцер Бародка.

З. Бародка: Перадусім гэта цяжкасьці псыхалягічныя. Я пакінуў у Беларусі ўсё – дом, сям’ю, працу, сяброў, знаёмых – усё. Мне 36 год. У маім узросьце пачынаць жыцьцё ад нуля вельмі цяжка. Цяжка перадусім псыхалягічна.

Палітычным актывістам, якія зімой былі вымушаныя пакінуць Беларусь, дапамаглі беларусы Варшавы. Такая салідарнасьць вельмі радуе – кажа Зьміцер Бародка.

З. Бародка: Калі мы прыехалі ў Варшаву, першымі нам аказалі дапамогу беларускія эмігранты. Першую кватэру для нас здымалі беларускія прадпрымальнікі, якія працуюць у Польшчы. Было вельмі прыемна, што ёсьць такая салідарнасьць, падтрымка.

Іншы палітуцякач Антось прыехаў у Польшчу яшчэ ў 2002 годзе. Ані беларускіх арганізацыяў, ані проста беларусаў у Варшаве тады практычна не было. Таму яму давялося адчуць усе цяжкасьці эмігранцкага лёсу: і жыць у лягеры для бежанцаў, і шмат працаваць, каб зарабіць сабе на жыцьцё – кажа Антось.

Антось: Давялося і ў лягеры для ўцекачоў жыць, і сабе нейкую працу шукаць, каб утрымацца, бо той дапамогі, якую нам давалі, хапала мала на што. Прыйшлося нелегальна працаваць – разносіць рэкламныя улёткі, газгружаць машыны. Потым я паступіў на вучобу. Стала лягчэй, бо я атрымаў стыпэндыю. Лёс уцекача, зразумела, нялёгкі.

Напэўна, Польшча не зьяўляецца раем для тых, хто шукае сацыяльных дабротаў ад дзяржавы. Але калі чалавеку пагражае турма, ці яго выганяе з дому вайна, пэрспэктыва жыць ў лягеры для ўцекачоў не падаецца такой ужо страшнай – кажа беларускі эмігрант Антось.


Аляксандар Папко