• Расея цалкам перакрыла Беларусі электраэнэргію
  • 29.06.2011

А 23.00 паводле менскага часу расейская кампанія «Интер РАО ЕЭС» цалкам спыніла пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь. Масква так і не атрымала ад Менску грошы за папярэднія пастаўкі.

«Интер РАО ЕЭС» чакае пагашэньня запазычанасьці ў бліжэйшыя дні. Беларусь павінная расейскай кампаніі больш за 20 млн. даляраў. Доўг узьнік з-за таго, што ў Беларусі ўжо некалькі месяцаў нельга купіць валюту на біржы. Пры гэтым прадстаўнікі “Белэнэрга” запэўніваюць, што ў іх ёсьць дастаткова беларускіх рублёў для разьліку. Але праблема ў тым, што іх нельга канвэртаваць. 

Экспэрт па энэргетычных пытаньнях Тацьцяна Манёнак лічыць, што адключэньне расейскай электраэнэргіі ня будзе мець для Беларусі катастрафічных наступстваў.

Т. Манёнак: Ня трэба перабольшваць гэтую праблему. Справа ў тым, што сама энэргасыстэма Беларусі можа выпрацоўваць той аб’ём электраэнэргіі, які патрэбен беларускай эканоміцы.

Як паведаміла прэс-сакратар Міністэрства энэргетыкі Беларусі Людміла Зяньковіч, “у дадзены момант Мінэнэрга прымае ўсе неабходныя меры па вырашэньні дадзенай сытуацыі”. Падрабязнасьці не паведамляюцца.

дг