• Звычайныя расейцы пра беларускі крызыс (аўдыё)
  • Audio3.82 MB
  • 30.06.2011

Карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё сустрэўся з жыхарамі горада Наварасійск, якія ўлетку прыязджаюць да сваякоў на Палесьсе – у Рэчыцу.
Якія зьмены госьці з Расеі заўважылі ў беларускім грамадзтве? Дзе сёньня лепш жывуць – у іх ці ў Беларусі?

61-гадовая Ала Бучко ў маладосьці пабралася шлюбам з расейскім мараком. І час ад часу наведвае сваю маці ў Рэчыцкім раёне. Яшчэ колькі год таму спадарыня Ала зацята даказвала, што Беларусь – гэта ня інакш як рай: тут і бясьпечна, і ў сацыяльным пляне, на яе думку, людзі былі лепш абароненыя. Але ў 2011 годзе многае зьмянілася. 

Ала Бучко: Ну, я не эканаміст і не палітык, таму мне складана сказаць, чаму здарыўся абвал. Але больш агрэсіі ў людзях і больш зайздрасьці да тых, хто багацейшы. Як было раней. І, напэўна, гэта так і будзе, на гэтым ня спыніцца. Кошты павялічыліся. Ну, звычайна, калі крызіс, значыцца, болей купляюць (хоць і даражэй, а народ усё адно ўсё бярэ), болей вывозяць, гэта дакладна ведаю. Так бы набылі меней, а так купляюць болей і вязуць.

Тым ня менш, параўноўваючы беларускую Рэчыцу з тым жа Наварасійскам, Ала Бучко й сёньня пераконвае, што ўсё адно ў Беларусі жыць лепей. Транспарт працуе куды больш стабільна, перабояў з вадой няма.

Ала Бучко: Не лічу, што народ тут вельмі бедны й зараз. Усё спасьцігаецца ў параўнаньні. Я лічу, што жывуць лепей у Рэчыцы. Таму што Рэчыца маленькі горад, але ён чысты, прыгожы. Наварасійск, ён пахарашэў, але ён брудны. Транспарт ходзіць нашмат горш, чым тут. Пасьля сямі-васьмі вечара дадому ўжо не дабярэшся. Яшчэ ў Наварасійску ваду мы атрымліваем (халодную-гарачую) чатыры гадзіны на суткі. З шасьці да васьмі – ўраніцу, з шасьці да васьмі – ўвечары. І гэтак, у асноўным, увесь горад жыве.

35-гадовая Алена Конюхава, жыхарка расейскай Кубані, якая прыехала ўлетку да сваякоў у Рэчыцкі раён, кажа, што беларусы перайшлі на іншыя крытэры вымярэньня жыцьця. І крызіс цяжка не заўважыць. 

Алена Конюхава: Не, ну канешне заўважылі. Для нас не зьмянілася нічога. Але калі глядзець збоку, то зьмянілася вельмі шмат для беларусаў. Засталіся тыя ж зарплаты. Чамусьці, збольшага пачалі вымяраць жыцьцё на даляры, на расейскія рублі й на даляры. Хоць раней мы гэтага не заўважалі.

Тым ня менш спадарыня Алена верыць у Беларусь. І яна не самотная ў гэтай веры. Бо станоўча пра краіну пішуць некаторыя расейскія газэты, адгукаюцца некаторыя асобы з расейскага шоў-бізнэсу.

Алена Конюхава: Ёсьць такая газэта ў нас, “Экспрэс-газэта”. Лічыцца “жоўтай”. Аднак ніводнага дрэннага артыкула аб Беларусі я там не прачытала. Усе артыкулы былі з самым станоўчым водгукам аб рэспубліцы. Прычым я зьдзівілася, калі сатырык Задорнаў дзівосна распавядае пра тое, што Беларусь – гэта яго другая Радзіма, кажа “люблю беларускіх людзей, усіх люблю”. Я лічу, што Беларусь выберыцца з таго, у што яна зараз уляпалася.

Напрыканцы размовы цікаўлюся ў Алены Конюхавай, якую пэнсію мае яе цешча – акушэрка з Кубані, якая аддала мэдслужбе болей за трыццаць гадоў свайго жыцьця й толькі сышла на пэнсію. Жанчына папярэджвае – маленькая лічба можа нас зьдзівіць.

Алена Конюхава: Ну, пэнсія ў яе будзе тысячаў шэсьць з нацяжкай…

6000 расейскіх рублёў на сёньня – гэта каля 213 даляраў ЗША. Беларуская акушэрка, якая толькі сышла на пэнсію, мае каля 400 тысячаў – каля 78 даляраў ЗША. Розьніца ў параўнаньні з Расеяй – амаль у тры разы! Паказальны момант.

Цікава, калі б жыхары Наварасійску й Кубані зараблялі па беларускіх тарыфах, ці былі б яны ў захапленьні ад стабільнасьці беларускага транспарту й безьперабойнай падачы гарачай вады?

Аляксандр Парошын, Гомельская вобласьць