• У Горадні затрымалі актывіста СПБ Ігара Банцара
  • Audio967.35 KB
  • 03.07.2011

У Горадні затрымалі актывіста непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, рэдактара польскамоўнай газэты “Глос з-над Немна ў выгнаньні” Ігара Банцара.

Ігар Банцар быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных ворганаў літаральна каля дома, калі вяртаўся дахаты з камандыроўкі. Яго ўпіхнулі ў машыну й павезьлі ў невядомым накірунку. Як паведаміла старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Арэхва, спачатку не ўдалося высьветліць, дзе знаходзіцца Ігар Банцар. Але пасьля стала вядома, што яго трымаюць у аддзяленьні міліцыі па вуліцы Гая.

На 4 ліпеня прызначаны суд на Ігарам Банцарам, якога хутчэй за ўсё абвінавацяць ва ўдзеле ў „несанкцыянаваным мерапрыемстве” ля суду Ленінскага раёну Горадні, дзе 28 чэрвеня адбываўся працэс над журналістам выданьня „Gazeta Wyborcza” Анджэем Пачобутам.

Падчас гэтага палітычнага працэсу, Ігар Банцар быў неаднойчы затрыманы й двойчы асуджаны.

Вацлаў Галімскі, Горадня