Запросьсе зьявілася на сьвет, калі на землях Заходняй Беларусі ўладарылі палякі. Пра стварэньне вёскі распавядае спадар Анатоль, настаўнік з тутэйшых земляў:
Спадар Анатоль: Рыжская мірная дамова была, і Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. І вёска зьявілася як пастарунак памежны. Таму ў вёсцы засталіся польскія прозьвішчы, некаторыя палякі засталіся тут.
Уваходзім у Запросьсе – некалі вялікую вёску, з калгасам і больш як двума сотнямі двароў. Сёньня тут жыве калі трох дзясяткаў чалавек. І апоўдні на дварэ так проста нікога не сустрэнеш. Ідзем уздоўж вёскі, і нарэшце нам насустрач едзе аўтамабіль. Кіроўца гадоў пяцідзесяці пра польскае мінулае Запросься нічога ня распавядае:
Кіроўца: Проста мне няма калі. Я паеду. Спытайцеся вунь у старых людзей.
Ідзем у бок хаты, на якую паказаў кіроўца. І вось да брамкі выходзіць мясцовая бабулька.
Карэспандэнт: Як вас завуць?
Бабулька: Кацярына. У гэтай вёсцы пустых хат хапае. Можа, 20 чалавек засталося. А зараз тут дачнікі, дык, можа, трыццаць. Тут бацькі іхныя, яны й прыязджаюць. Зь Мікашэвічаў едуць сюды.
Карэспандэнт: А магазін ёсьць у вас тут?
Бабулька: Няма. Сёння прыедзе аўталаўка. Два разы на тыдзень прыязджае.
Бабуля Кацярына імкліва вядзе нас у двор праз чатыры хаты, дзе на лаве сядзяць яшчэ дзьве мясцовыя бабулі. У іх, як у тых спэцагэнтаў, па два імені – на польскі й на савецкі манэр.
Бабулі: Мяне па-польску завуць Гэля, а па-руску Алена.
А я Лёдзя, Леакадзія.
Карэспандэнт: Палякі ў вас засталіся ці зьехалі?
Бабця Лёдзя: Дажа так аб’явілі пасьля вайны, як спалілі нашу вёску. Хто хоча з палякаў, выязджайце, мы забіраем у Польшчу. Хто паехаў, то былі шчасьлівыя. Немцы далі дзёру ўсе за Одру. А вёска іхная засталася. Хто паехаў туды, засялялі на ўсё гатовае. У такіх во дамах! А мы ўсе… Хоць лесу давалі бяры колькі хочаш.
Карэспандэнт: А зараз вам як жывецца?
Бабця Лёдзя: Зараз? Мне цяпер даюць 900 тысяч пэнсіі. Заслужаная даярка, два ордэны.
У 1939 годзе, калі ў Запросьсе прыйшлі валадарыць саветы, бабці Лёдзі было дзевяць гадоў. Польскую мінуўшчыну яна ўзгадвае так:
Бабця Лёдзя: Ты ня ведаеш, што мяжа праходзіца цераз Случ? Случ адзьдзяляла да самай Прыпяці. Тут Польшча была. А ў 39-м годзе вызвалялі Заходнюю Беларусь. А што вы лічаце, як жылося пры паляках? Што можа быць добрага? Святла няма, газу няма, пральнай машыны няма, лядоўні няма. Вось такое жыцьцё было вясковае.
На такія аргумэнты у палеміку ўключаецца бабця Гэля. Яна нарадзілася ў 41-м годзе, але па расказах сваякоў ведае, як насамрэч жылося пры савецкай уладзе, якая зьмяніла польскую.
Бабця Гэля: Якая там жызня! Усё пазабіралі камуністы. Гэта я адкажу. Зямлю забралі, жывёлу забралі!
Хутчэй за ўсё вёска Запросьсе праз гады пераўтворыцца ў загінулую. Усе маладыя адсюль перабраліся ў Мікашэвічы, а мясцовыя жыхары ўжо ва ўзросьце. Калгасы тутэйшыя даўно не функцыянуюць, працы паблізу няма.
Эканамічная сытуацыя прывяла да таго, што кошты на многія тавары, як і па ўсёй краіне, пайшлі ўгару, павялічыліся ўдвая. Але неадступную аптымістку бабцю Лёдзю гэта не палохае. Яна па-ранейшаму называе сёньняшняга кіраўніка Беларусі “сваім царом” і прысьвячае яму паэтычныя радкі.
Бабця Лёдзя: З намі Лукашэнак радной, і жалезнай рукой, он вядзёт нашы дзярэўні к Увазраждзенью.
Аляксандр Парошын, Берасьцейская вобласьць