• Палажанка: “У нас з Дашкевічам не было цукерачна-букетнага пэрыяду” (аўдыё)
  • Audio4.43 MB
  • 13.07.2011

Беларуская рэчаіснасьць – палітвязьні жэняцца. Насьці, намесьніцы старшыні “Маладога Фронту”, прысудзілі год умоўна за Плошчу. Зьмітру, старшыні “Маладога Фронту”, далі два гады калёніі па сфабрыкаваным абвінавачаньні ў зьбіцьці невядомых асобаў. Каб мець магчымасьць на спатканьні, закаханыя вырашылі ажаніцца.

Наста, за апошнія два гады да вашай ранейшай вядомасьці дадалася яшчэ вядомасьць ня вельмі радасная, зьвязаная з утрыманьнем у СІЗА КДБ, з судом. Ці чакалі Вы такой шуміхі ў сувязі з Вашым вясельлем, калі зараз на Вас накінулася столькі журналістаў?

Наста Палажанка: Не, не чакала, я не хацела з гэтага рабіць аніякага піяру. У прынцыпе гэта ўсё звычайна: людзі сустракаюцца, маюць адзін да аднаго пачуцьці, і мы са Зьмітром ня сталі тут выключэньнем, таму вынікам нашага каханьня было тое, што мы вырашылі мець шлюб. Я ня бачу ў гэтым нечага асаблівага, мы такія ж самыя людзі, як і ўсе астатнія, мы хочам мець сям’ю, дзяцей. Мы не хочам адмаўляцца ад той дзейнасьці, каторую робім дзеля паляпшэньня сытуацыі ў нашай краіне, бо хочам, каб нашыя дзеці жылі ў свабоднай і дэмакратычнай краіне. Мы - звычайная пара, незвычайнасьць якой, відаць, толькі ў тым, што й я, і ён зьяўляемся палітвязьнямі, а ён яшчэ, на жаль, і знаходзіцца ў калёніі. Але губляць часу мы ня хочам, а таму імкнемся як мага хутчэй распісацца й стаць сапраўднай сям’ёй.
Пакуль няма нічога пэўнага, ня вызначана дата. Аказалася, што ў Зьмітра няма пашпарту ў асабістай справе, таму наогул стала ўсё туманна. Я не хацела даваць ніякай інфармацыі, пакуль няма пэўнасьці. Але атрымалася інакш: я маю сябра-журналіста, зь якім мы разам ходзім у адну царкву, і пасьля таго, як у царкве я абвясьціла, што ёсьць рашэньне ажаніцца, той малады чалавек нечакана даў гэта ў СМІ. Таму мне зараз складана даваць камэнтары, публічна казаць пра нашыя пачуцьці. Я хацела яшчэ прыхаваць гэтую інфармацыю.

Наста, вобраз Зьмітра – гэта вобраз нязломнага змагара, Ваш вобраз таксама – гэта вобраз дзяўчыны, якая прайшла выпрабаваньні, можна сказаць, не па гадах. А ці быў у вашых адносінах цукерачна-букетны пэрыяд?

Наста Палажанка: Цукерачна-букетнага пэрыяду у нас можа так і не было. Збольшага нас са Зьмітром зьяднала нашая дзейнасьць, калі мы штосьці рабілі разам, працавалі, мы ўжо клапаціліся адзін пра аднаго, як пра блізкіх людзей. За паўгады да выбараў у нас былі вельмі цёплыя стасункі, прыкладна, як у блізкіх сяброў. Мы разумелі, што гэта можа да нечага прывесьці. Але ня думалі, што літаральна празь некалькі месяцаў мы апынемся ў турмах, а турма – гэта такое месца, дзе ты ўсё пераасэнсоўваеш і пераацэньваеш. Знаходзячыся ў зьняволеньні, мы зразумелі, што быць адзін без аднаго нам будзе складана. Калі я выйшла з турмы, пачала атрымоўваць лісты ад Дзімы – маўляў, а ці не ажаніцца нам.
Калі Вы апошні раз бачылі Зьмітра? Ці атрымалася Вам “выбіць” спатканьні зь ім?
Наста Палажанка: Мне ні разу не давалі дазволу на спатканьні, хаця мы вельмі спадзяваліся на тое. Я хадзіла ва ўсе інстанцыі, але паўсюль мне адмаўлялі. Зьмітра я бачыла на ягоным судзе й на пахаваньні ягонай матулі – мне ўдалося “дастаць” яго на 30 хвілін, якія мы прабылі разам.

Наста, падрыхтоўка да звычайнага вясельля займае шмат часу. А як тут? Вы даведваліся, што можна ў калёніі?

Наста Палажанка: Я не засмуцілася, што ў нас ня будзе лімузінаў ці чагосьці падобнага – я ніколі не хацела гэтага на сваім вясельлі. Я заўжды ўяўляла яго ва ўтульным сяброўскім коле накшталт амэрыканскіх вясельляў: вянчаньне на прыродзе з пастарам. Як я дазналася, на вялікі жаль, правілы адрозьніваюцца ў розных калёніях. Недзе можна апранаць белую сукенку, даслаць жаніху строй, узяць з сабою пярсьцёнкі, сьведкаў, сваякоў. На жаль, у горацкай калёніі нельга ні пярсьцёнкаў, ні сьведкаў, ні фатаграфаваньняў, ні строя, таму й белую сукенку я ні ў якім разе апранаць ня буду, а пакіну яе для вянчаньня, калі Зьміцер выйдзе на свабоду. Але для мяне галоўнае - пабачыць Зьмітра й пабыць зь ім некалькі дзён разам. А астатняе перажывем.

Наста Палажанка распавядала ў нашым этэры пра свой хуткі шлюб са Зьмітром Дашкевічам. Абое маладзёнаў прызнаныя міжнароднай супольнасьцю палітвязьнямі.

Арцём Багданаў, Менск