• Знакавая падзея ў офісе грамадзкага аб’яднаньня „Гістарычная майстэрня”
  • Audio6.53 MB
  • 15.07.2011

Сёньня ў Менску адбываецца знакавая падзея – у офісе грамадзкага аб’яднаньня „Гістарычная майстэрня” па вуліцы Сухая 25, праводзіцца круглы стол па дзёньніку нямецкага жаўнера Вэрмахту, які свае назіраньні пачаў з 22 чэрвеня 1941 году. Гэта першае такое мерапрыемства, на якім чытаюць і абмяркоўваюць успаміны нямецкага салдата.

Паслухай АЎДЫЁ

Раней такое было проста недапушчальна. На сустрэчу запрошаныя сьведкі вайны: былыя вязьні гета, канцлягераў, былыя прымусовыя рабочыя, а таксама гісторыкі.

 „Гістарычная майстэрня”, якая ладзіць згаданы круглы стол, гэта беларуска-нямецкі праект, які скіраваны на вяртаньне памяці. Ён ахоплівае дзеяньні, зьвязаныя зь вяртаньнем памяці грамадзтву аб тых сьведках вайны, якія ў Беларусі на працягу дзясяткаў гадоў адчуваюць сябе ня вельмі добра, зазначае Кузьма Козак, старшыня  аб’яднаньня „Гістарычная майстэрня”.

Адмыслова для падапечных Гістарычнай майстэрні студэнты БДУ стварылі тэатральную групу „Тэатральны квадрат” і падрыхтавалі тэатральную пастаноўку.

Валянтэры „Гістарычнай майстэрні” таксама запісваюць успаміны забытых дзяржавай сьведкаў вайны.

На базе Гістарычнай майстэрні ідзе вельмі актыўна праект, які называецца „Месца сустрэчы – дыялёг”. Кузьма Козак зазначае, што праекты, зьвязаныя са сьведкамі Другой сусьветнай вайны, напрыклад,  „Забясьпечым годнае жыцьцё сьведкам вайны” рэалізуюцца па ініцыятыве і з падтрымкай нямецкага боку.

Сьведкам вайны вельмі патрэбнае вяртаньне добрага імя.

Паводле інфармацыі Кузьмы Козака, па ўсёй Беларусі жыве 60-70 тыс. былых вязьняў канцлягераў, прымусовых рабочых, якія былі вывезены на працу ў Нямеччыну, і 130 чалавек былых вязьняў менскага гета.