“Атлантыс” закончыў сваю апошную касьмічную місію

Сёньня закончылася праграма палётаў амэрыканскіх касьмічных караблёў у космас. Каля поўдня на Флёрыдзе прызямліўся паром “Атлантыс”, пасьля якога ў космас не паляціць ужо ніякі іншы касьмічны карабель.

Завершаная сёньня місія зьяўляецца 135 палётам амэрыканскіх караблёў, у тым ліку 33-м касьмічнага судна “Атлантыс”.

Падчас свайго апошняга 13-дзённага палёта экіпаж астранаўтаў паставіў на Міжнародную касмічную станцыю 4,5 тоны запчасткаў.  У сваю чаргу на Зямлю астранаўты забралі з сабой сьмецьце й сапсаваную тэхніку.


Швэцыя плянуе будаваць зялёную будучыню

Урад Швэцыі рачынае рэалізацыю праграмы, якая павінна прычыніцца да поўнай ліквідацыі выкіду ў атмасфэру шкодных субстанцыяў, - пра гэта ў мясцовых СМІ заявіў швэдзкі міністар аховы навакольнага асяродзьдзя.

Паводле слоў Андэрса Карлгрэна, праграма закране амаль усе галіны жыцьця. Швэды плянуюць цягам бліжэйшых 40 гадоў ажыцьцявіць ідэю ідэальнай экалягічнай краіны.

Паводле кіраўніка Мінпрыроды Швэдзкага Каралеўства, праграма будзе ўведзена шляхам разьвіцьцья сучасных тэхналёгіяў, якія выкарыстоўваюць энэргію вады, ветру, сонца ды біягазаў.

Андэрс Карлгрэн лічыць, што ў сьвеце нехта павінен стаць першапраходцам, які на практыцы пакажа, як не зьнішчаючы прыроду можна разьвівацца й будаваць дабрабыт.

„У 2050 годзе менавіта Швэцыя будзе такой краінай, якая вызначыць шлях ад зялёнай эканомікі да зялёнай будучыні”, - заявіў міністар аховы навакольнага асяродзьдзя Швэцыі.  


ААН занепакоена шырокамаштабнымі наступствамі зьменаў клімату

Прадстаўнікі ААН перасьцерагаюць, што кліматычныя зьмены могуць паўплываць на сусьветную бясьпеку.

Падставай для такіх заяваў стала сытуацыя ў Самалі, дзе ў сувязі з найбуйнейшай за 50 гадоў засухай міжнародная арганізацыя афіцыйна аб’явіла зонай голаду.

Паводле прадстаўнікоў ААН, амаль 4 мільёны жыхароў Самалі апынуліся ў крызыснай сытуацыі. Агулам засуха закранула амаль 10 мільёнаў людзей. Сытуацыю дадаткова пагаршае палітычная нестабільнасьцьу згаданым рэгіёне, што ўскладняе міжнародную дапамогу.

Прадстаўнікі ААН зазначаюць, што цягам бліжэйшых гадоў, сьвет будзе прымушаны змагацца з растучай колькасьцю стыхійных бедстваў, якія могуць прычыніцца да дэстабілізацыі сусьветнай бясьпекі. 

„Колькасьць няшчасьцяў, зьвязаных з экстрэмальным надвор’ем, павялічваецца як у бедных, так і багатых краінах. Такія катастрофы ня толькі зьнішчаюць жыцьцё людзей, але таксама інфраструктуру, установы й дзяржаўныя бюджэты, а гэта пагроза для бясьпекі,”- заявіў гэнэральны сакратар ААН Пан Гі Мун.

У Менску зьмяншаецца колькасьць салаўёў

За апошні год колькасць салаўёў у Менску зьменшылася амаль на адну трэцюю, - такім чынам сьведчаць вынікі акцыі па ўліку гэтых птушак, якую штогод праводзіць грамадзкая арганізацыя „Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ).

Сёлета ўдзельнікі акцыі, аматары прыроды паведамілі аб 218 месцах сьпеваў салаўёў. Дзеля параўнаньня: летась такіх месцаў было 318. Апрача таго, сёлета салаўі пачалі сьпяваць значна пазьней — на паўтара тыдня.
Спэцыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін паведаміў,  што сёлета зьмяншэньне колькасці салаўёў адзначана і ў Расеі.
Нагадваем, сутнасць акцыі ў тым, што зь сярэдзіны траўня да канца чэрвеня ўсе ахвотныя паведамляюць прадстаўнікам АПБ аб месцах сьпеваў салаўёў, а актывісты з арганізацыі вядуць адпаведны ўлік.

Па выніках сёлетняй акцыі складзена „Салаўіная карта — 2011". Упершыню на ёй адзначаны ня толькі месцы сьпеваў салаўёў, але й тыя пункты, дзе сьпеваў упершыню не было чуваць. „Салаўіную карту — 2011” атрымаюць усе ўдзельнікі акцыі.
аз/БелаПАН
 
Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org