• «Чырвоным па Белым»: палітычныя тэксты, але апалітычны гурт
  • 17.07.2007

Гурт «Чырвоным па Белым» прэзэнтаваў свой новы альбом «Крывавы сакавік». Вынік працы гурту на працягу апошняга года – 20 новых трэкаў.

Па словах лідэра гурту «Чырвоным па Белым» спадара Krou, гэты альбом прэзэнтуе новы ўзровень ў беларускім хіп-хоп’е. Тэксты збольшага не ўступаюць патрыятычнасьці й палітызаванасьці папярэдніх альбомаў. У запісе альбому ўдзельнічалі польскія, расейскія й украінскія выканаўцы.

Назву альбому «Крывавы сакавік» даў аднайменны трэк, прысьвечаны падзеям сакавіка 2006 году. Гаворыць спадар Krou.

Krou: Я б не хацеў, каб разуменьне было даслоўнае, бо мэтафара ёсьць мэтафарай. Самае цікавае, што гэты трэк я напісаў задоўга да выбараў. І першапачаткова ён пачынаўся словамі не “23 сакавіка”, а “19 сакавіка”.

Спадар Krou падкрэсьліў, што гурт не палітычны, і ў бліжэйшы час музыкі плянуюць паспрабаваць свае сілы ў новым фармаце – спалучыць хіп-хоп і фольк, запісаць клюбны рэп. Гэта дазволіць зацікавіць большую аўдыторыю й разбурыць міт аб палітызаванасьці творчасьці ЧпБ. Да таго ж музыкі імкнуцца ствараць якасны прадукт, які было б ня сорамна прэзэнтаваць за межамі Беларусі. Пра свой незвычайны творчы псэўданім і агульныя ўражаньні замежнікаў ад беларускай музыкі расказвае лідэр гурту «Чырвоным па Белым».

Krou: Амбасадар Krou – гэта сольны клюбны праект. Паколькі я часта канцэртую ў замежжы, многія пачалі называць мяне “паслом беларускага хіп-хоп’а ў замежжы”. Мяне прыемна зьдзіўляе, што многім мая творчасьць падабаецца. Krou – каб падкрэсьліць маю тоеснасьць, беларускую тоеснасьць, з другога боку – “кrou” па ангельску – крумкач, воран.

Гурт «Чырвоным па Белым» зьявіўся на сьвет напрыканцы 2004 году. Яго заснавальнікам зьяўляецца Krou. На сёньня ЧпБ – ці не самы вядомы беларускамоўным рэп-гурт. На пачатку сваёй музычнай кар’еры Krou выступаў, не паказваючы твару, пазьбягаў кантактаў з прэсай і фанатамі. Добра падагрэўшы цікавасьць да сваёй асобы й творчасьці, спадар Krou паўстаў перад прыхільнікамі й крытыкамі ў асобе ўпэўненага ў сабе абаяльнага беларуса з добрай беларускай мовай. Застаецца толькі пажадаць маладым музыкам плёну на няпростай ніве беларускамоўнай культуры.

Марыя Кароль, для Беларускай службы Польскага радыё, зь Менску