• Нарвэгі - упарты народ у эўрапейскай сям’і
  • 12.01.2008

Поўная назва: Каралеўста Нарвэгія (Kongeriket Norge)
Плошча: 323 802 km2
Цяперашні кароль: Гаральд V (Harald V)
Насельніцтва: 4 627 926 (2007)
Дзяржаўны дэвіз: Усё для Нарвэгіі (Alt for Norge)

Пасьля далучэньня новых дзевяці краінаў (Польшчы, Летувы, Латвіi, Эстоніi, Славакіi, Чэхіi, Славэніi, Вугоршчыны ды Мальты) да бязьвізавай зоны Шэнген, некаторыяня ведаюць, што ня ўсе ўдзельнікі зоны зьяўляюцца чальцамі Эўрапейскага Зьвязу. Як гэта магчыма? Чаму такія краiны як Нарвэгія ды Ісьляндыя, ня будучы чальцамі Зьвязу, далучыліся да бязьвізавай зоны?

Пра Нарвэгію зь географам Уладзімерам Міхневічам гутарыць Алена Пытэль.

Пачнем з таго, што знаходжаньне ў Эўрапейскім Зьвязе абавязвае да выконваньня пэўных нормаў і вымагае адпаведнай эканамічнай ды палітычнай паставы. Эўропа ў палітычным і эканамічным сэнсе - гэта больш складаны арганізм, чым бы здавалася на першы погляд. Найлепшым прыкладам можа быць Нарвэгія. Складанасьць сытуацыі пацьвярджае факт існаваньня да гэтага часу дзьвюх фактычна аднолькавых эканамічных арганізацыяў – Эўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю й Эўрапейскай супольнасьці (даўней Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці).

3 траўня 1960 году Нарвэгія разам зь Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй, Даніяй, Партугаліяй, Швэцыяй ды Швайцарыяй засноўвае EFTA (European Free Trade Association) - Эўрапейскую асацыяцыю свабоднага гандлю. Сёньня ў гэтай асацыяцыi з заснавальнікаў засталіся толькі Нарвэгія ды Швайцарыя, а далучыліся Ісьляндыя (1970 г.) і Ліхтэнштэйн (1992 г.). EFTA была створаная як альтэрнатыва для EEC (European Economic Community) - Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці й ECSC (European Coal and Steel Community) - Эўрапейскай супольнасьці вугалю й сталі, заснаванай Бэльгіяй, Нідэрляндамі, Люксэмбургам, ФРГ, Італіяй ды Францыяй у 1957 годзе.

На прыкладзе Вялікабрытаніі й Нарвэгіі, якія не жадалі ўваходзіць у арганізацыі, заснаваныя той жа Францыяй ды Нямеччынай, бачны розны падыход да эканамічнай інтэграцыі ў Эўропе, а таксама складанасьць дачыненьняў унутры, здавалася б, адзінай культурнай ды эканамічнай прасторы.

25 верасьня 1972 г. у рэфэрэндуме нарвэжцы (53,5%) адкінулі ўваход у Зьвяз. А празь некалькі месяцаў, 1 студзеня 1973 году Данія, Вялікабрытанія ды Ірляндыя далучаюцца да EEC (Эўрапейская эканамічная супольнасьць). ЕЕС, пераўтвораная ў Эўрапейскую супольнасьць (European Community), зьяўлялася й зьяўляецца галоўнай падставай у ЭЗ. Пазьней, 28 лістапада 1994, нарвэжцы чарговы раз у рэфэрэндуме выказваюцца супраць уваходжаньня ў Эўразьвяз.

Паўстае лягічнае пытаньне: Чаму Нарвэгія чарговы раз адкінула ўваходжаньне ў ЭЗ?

Напэўна нагодай было тое, што знойдзеныя ў 60-х гадох вялікія радовішчы газу й нафты ў Паўночным ды Нарвэскім марах пачалі прыносіць заўважальны прыбытак. Нарвэжцы звычайным чынам не хацелі дзяліцца велізарнымі прыбыткамі зь іншымі краiнамі. Менавіта з таго часу экспарт Нарвэгіi пачаў хутка расьці, а на пачатку 80-х ужо пераважаў над імпартам. А паколькі знаходжаньне ў ЭЗ мае два бакі – то бок не толькі атрымліваць дапамогу, але й дапамагаць краінам, якія знаходзяцца ў эканамічным крызысе, дык жыхары Нарвэгіі проста не хацелі дзяліцца, бо адчулі сябе, можа першы раз у сучаснай гісторыі, так моцна. У іх зьявіўся рэальны шанец стаць эўрапейскім лідэрам на нафтагазавым рынку. Можа таму нарвэжцы чарговы раз вырашылі, што з уваходжаньнем у ЭЗ яны пачакаюць, ня хочучы дзяліцца сваім эканамічным посьпехам.

Узгаданы вышэй, другі па ліку эўрапейскі рэфэрэндум адбыўся 28 лістапада 1994, на якім 52,2% нарвэжцаў адкінула ўваходжаньне ў Эўрапейскі Зьвяз. Зьмяньшэньне на 1% праціўнікаў ЭЗ дало падставу эўрааптымістам казаць, што праэўрапейскасьць нарвэжцаў павялічваецца. Але рэфэрэндум чарговы раз засьведчыў фактычна амаль роўны падзел нарвэскага грамадзтва на жадаючых увайсьці ў Зьвяз і тых, хто дзеля прынцыпу адкідвае такую магчымасьць.

Нагадаю, што сапраўдную незалежнасьць Нарвэгія атрымала ў 1905 годзе. Магчыма, на думку паловы нарвэжцаў, гэта кароткі пэрыяд, каб ёю нацешыцца. Больш за тое, адкрытыя радовішчы нафты й газу даюць усе падставы пачуваць сябе эканамічна незалежным, ня просячы ў нікога дадатковых фінансавых сродкаў.

Якія яшчэ аргумэнты “за” й “супраць” высоўваюць нарвэжцы?

Аргумэнты прыхільнікаў за ўваходжаньнем у Зьвяз зьяўляюцца як мага найбольш пераканаўчымі. Пачнем з таго, што, ня будучы чальцом ЭЗ, Нарвэгія штогод губляе 180 млн. эўра датацыяў. Праціўнікі ў сваю чаргу кажуць, што ўваходжаньне будзе пачаткам зьніканьня ўнікальнай нарвэскай культуры. Толькі тут акурат яны моцна памыляюцца, бо адна з афіцыйных моваў Nynorsk зараз не пачувае сябе найлепей. Нагадаю, што ў Нарвэгіі функцыянуюць дзьве афіцыйныя вэрсіі нарвэскай мовы – Nynorsk і Bokmål, якія можна параўнаць зь невялічкай нацяжкай да тарашкевіцы ды наркамаўкі. Дык вось, калі дойдзе ўсё ж такі да Зьвязу, Nynorsk як і гэльская мова ў Ірляндыi, наадварот, пачнуць разьвівацца, бо на згаданыя мовы будзе перакладацца ўся дакумэнтацыя ЭЗ, што паспрыяе іх разьвіцьцю.

З усяго сказанага вынікае, што і Нарвэгія, і Эўразьвяз зацікаўленыя ў аб’яднаньні.

Тут ёсьць доля праўды з боку праціўнікаў, бо на дадзены момант Эўразьвяз больш патрабуе Нарвэгію, чым Нарвэгія Эўразьвяз, але ў прыхільнікаў прасочваецца пэўная стратэгія, бачаньне пэрспэктывы. Далучэньне Нарвэгіі будзе азначаць, што ЭЗ атрымае багатую радовішчамі газу й нафты краіну. З другога боку, прыхільнікі інтэграцыі кажуць, што запасы калісьці закончацца (разьведаных запасаў хопіць толькі на дзесяць гадоў). Яшчэ адным плюсам для ЭЗ ёсьць тое, што Нарвэгія на дадзены момант зьяўляецца эўрапейскім лідэрам па вытворчасьці аднаўляльняй электраэнэргіі, бо звыш 90% электраэнэргіі паходзіць з гідраэлектрастанцыяў.

Пералічаныя факты сьведчаць аб тым, што Нарвэгія ўжо даўно падрыхтаваная да канчатковай інтэграцыі, але фармальнасьць патрабуе правядзеньне рэфэрэндуму. І вось менавіта тут праяўляецца ўпартасьць большасьці жыхароў, прычына якой – як мага даўжэй нацешыцца сваім дабрабытам, бо нацыянальны валавы прадукт у мінулым годзе склаў каля 46 тыс. даляраў на чалавека, што прывяло Нарвэгію на 2-е месца ў Эўропе пасьля Люксэмбургу. Нарвэгі звычайным чынам жадаюць як мага даўжэй адчуваць асалоду ад свайго эканамічнага посьпеху.

З Уладзімерам Міхневічам гутарыла Алена Пэтэль