• Беларуская грэка-каталіцкая царква сёньня
  • Audio2.46 MB
  • 25.11.2008

Беларуская Грэка-каталіцкая царква — адна з усходніх каталіцкіх цэркваў, прызнае аўтарытэт Рымскага Папы. У 1990 годзе, калі пасьля развалу СССР у Беларусь змог прыехаць айцец Аляксандар Надсан, быў толькі адзін падпольны ўніяцкі сьвятар – Віктар Данілаў. Што сабою ўяўляе Беларуская грэка-каталіцкая царква на сёньняшні дзень?

У 1990 годзе не было ніводнай суполкі. Цяпер беларускія грэка-каталікі маюць 22 суполкі, 15 сьвятароў, ёсьць манахі, сэмінарысты. Ёсьць усё, што магло б называцца грэка-каталіцкаю царквою. “Але мы ня можам так называцца”, - кажа Анатоль Сідарэвіч. І тлумачыць, што калі няма біскупа, дык няма й царквы.

Анатоль Сідарэвіч: Грэка-каталіцкая царква знаходзіцца ў прыгнечаным стане. Наконт Рыма-каталіцкай царквы,.. дык тут улада яшчэ аглядаецца на Ватыкан. А Грэка-каталіцкая царква мае толькі тое, што пасьпела вырваць у гады адноснай адлігі. Пабудавала царкву ў Полацку, у Маладзечне - парафіяльны дом. А ў Менску не даюць пабудаваць царкву. Прыгнечаны стан яшчэ й таму, што нашыя браты рыма-каталікі думаюць за плячыма ўніятаў (ня толькі беларускіх, але й украінскіх, румынскіх) змовіцца з праваслаўнымі, дасягнуць пагадненьня. А першая ўмова Рускай праваслаўнай царквы – ніякай уніі. Рым лавіруе паміж Масквою і ўніятамі. Адкінуць уніятаў ён ня можа. Людзі самі йдуць у унію.

Ватыкан, азіраючыся на Расейскую праваслаўную царкву, ня можа да гэтае пары прызначыць біскупа. Калі б так здарылася, цяперашнюю грэка-каталіцкую супольнасьць у Беларусі трэба было б ператварыць у апостальскі экзархат. Замест апостальскага візытатара быў бы апостальскі экзарх у рангу біскупа. Атрымалася б ерархічнае завяршэньне. Тады можна было б казаць пра Беларускую грэка-каталіцкую царкву.

Парафіяльны будынак у Менску ўніяты пабудавалі ў завулку Сьнежны. Але адміністрацыя Фрунзэнскага раёну не дае дазволу адпраўляць там багаслужбу. А за тое, што паўстаў грэка-каталіцкі цэнтар імя сьвятога Язэпа, трэба дзякаваць таму, што ў Менск прыязджаў высокі саноўнік з Ватыкану, перад якім беларускія ўлады дэманстравалі рэлігійную талерантнасьць.

Грэка-каталікоў прымаюць памаліцца браты рыма-каталікі. Напачатку даводзілася адпраўляць багаслужбы то ў падвале на праспэкце Пушкіна, то ў “чырвоным кутку” домакіраўніцтва... Калі прыязджаў украінскі біскуп, ён правіў літургію таксама ў падвале, хоць архірэя належала вітаць званамі. Цяпер сытуацыя зьмянілася.

Анатоль Сідарэвіч: Я тым рады, што ў нас маладыя сьвятары. І тое, што ў нас зьявіўся стоўп царквы – манаства. Без манаства царква ня мае будучыні. А калі ёсьць манаства, будуць і ўладыкі, і рэктары, і прэфэкты.

Пробашч парафіі сьвятога Язэпа айцец Андрэй Абламейка.

Андрэй Абламейка: У парафіі сьвятога Язэпа прыхаджанаў вельмі шмат. Большасьць парафіянаў – інтэлігенцыя, студэнцкая моладзь. Ёсьць сямейнае кола, сустракаюцца сем’і, адбываюцца спатканьні скаўтаў, ёсьць клюб інтэлігенцыі, ёсьць нядзельная школка для дзяцей. Молімся, праслаўляем Бога на роднай мове ў роднай краіне.

Уніяцкая царква на Беларусі зьявілася ў выніку Берасьцейскай царкоўнай уніі (1596). У 1839 г. была скасаваная й далучаная да Расейскай праваслаўнай царквы мітрапалітам Полацкім Іосіфам Сямашкам.

Якую карысьць магла б прынесьці ўніяцкая царква, калі б яна паўстала як паўнавартасная інстытуцыя, для справы нацыянальнага адраджэньня Беларусі?

Валянцін Акудовіч: Я сымпатык уніятаў. У вечнай падвоенасьці Беларусі ва ўсіх, бадай, аспэктах – культурніцкім, сацыяльным, палітычным і, найперш, рэлігійным, уніяцтва было амаль ідэальным варыянтам. Спалучыўшы два дагматы – каталіцкі й праваслаўны – у пэўным сэнсе вечна падзеленую Беларусь злучыла ў адно цэлае. Магу толькі пашкадаваць, што ўніяцтва не змагло разгарнуцца пасьля таго пачатку, што быў у канцы 80-х – пачатку 90-х, актыўнага, яркага, бурнага. Калі ўніяцтва прынялі многія дзеячы культуры ды інтэлігенцыі.  Карысьць для Беларусі нацянальнай была б, але ня болей. Ня думаю, што ў 21 ст. роля хоць якой рэлігіі дала б асаблівы плён. Ніякая царква цяпер ня можа вызначаць культурнае й духоўнае жыцьцё беларусаў.

Валянцін Акудовіч лічыць, што ў адрозьненьне ад Расеі, напрыклад, дзе пануе праваслаўе, дзеля Беларусі – шматканфэсійнай краіны – чым больш будзе канфэсіяў, тым лепш.

Ганна Гарачка