• VI-я гадавіна зьнікненьня Д. Завадзкага
  • 05.07.2006
7 ліпеня спаўняецца шэсьць гадоў з моманту зьнікненьня беларускага журналіста Дзмітрыя Завадзкага. Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася з заявай да праваахоўных органаў, у якой намагаецца ўзбудзіць новае сьледзтва па справе зьнікненьня свайго сябра, - кажа кіраўнік цэнтра прававой абароны СМІ Міхал Пастухоў, які зьяўляеца ініцыятарам заявы.

ЗАЯВА
Грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
да гадавіны бясследнага знікненьня журналіста Дзмітрыя Завадскага

04.07.2006


7 ліпеня 2006 года спаўняецца шэсць гадоў з таго трагічнага моманту, калі пры нявысветленых абставінах знік наш калега, сябра грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў", аператар расійскага тэлеканалу ОРТ Дзмітрый Завадскі.
Усе гэтыя гады праваахоўныя органы Беларусі, дэманструючы дзіўную бездапаможнасць, так і не далі адказу на пытанні: хто быў арганізатарам і выканаўцам гэтага злачынства, што насамрэч здарылася з Дзмітрыем і дзе шукаць яго сляды?
У няведанні застаюцца яго родныя, блізкія сябры, усе сумленныя грамадзяне краіны, каму неабыякавы лёс Завадскага і іншых беларускіх журналістаў, што загінулі пры нявысветленых абставінах.
Крымінальную справу па факце знікнення Дзмітрыя Завадскага неаднаразова прыпынялі і аднаўлялі, але гэта нічога не мяняла: канкрэтных вынікаў як не было, так і няма.
У сувязі з гэтым яшчэ 28 красавіка 2004 года Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы, заслухаўшы даклад Хрыстаса Пургурыдэса, запатрабавала ад уладаў Беларусі правесці незалежнае расследаванне па факце знікнення Дзмітрыя Завадскага і адхіліць ад пасадаў тых адказных чыноўнікаў, якія маглі быць спрычыненыя да гэтага злачынства. Аднак беларускія ўлады пакінулі гэты зварот без рэагавання.
31 сакавіка 2006 года папярэдняе следства па справе аб знікненні Завадскага было ў чарговы раз прыпынена Пракуратурай Рэспублікі Беларусь.
Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў", выказваючы меркаванне больш як тысячы сваіх сябраў, настойліва патрабуе ад кампетэнтных праваахоўных органаў узбудзіць і правесці ў поўным аб'ёме расследаванне ўсіх абставін знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага.
Мы не супакоімся да таго часу, пакуль не даведаемся ўсёй праўды пра гэтае агіднае злачынства, пакуль не будуць названыя імёны яго натхняльнікаў і выканаўцаў. Мы памятаем і заўсёды будзем памятаць свайго калегу і сябра Дзіму Завадскага.

Прынята на пасяджэнні Праўлення
Грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў"



Падрыхтавала Караліна Русіновіч