• Пачатак суду над А. Казуліным
  • 06.07.2006
У судзе Маскоўскага раёну Менску пачалі судзіць экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна. Судовы працэс пачаўся са спазьненьнем. У судовую залю ўпусьцілі толькі сваякоў, абаронцаў, дыпляматаў і некаторых журналістаў. Як паведаміў Радыё Палёнія праваабаронца Алег Воўчак, судзьдзя адхіліў усе хадайніцтвы адвакатаў Казуліна. Яны намагаліся: па-першае, каб суд адбываўся ў большай залі, па-другое, каб Казуліну дазволілі насіць пінджак, гальштук і рэмень, і, па-трэцяе, каб ягоная дачка, якая мае юрыдычную адукацыю, удзельнічала ў абароне бацькі.

Алег Воўчак : З самага пачатку сабраралася каля 120-140 чалавек, у тым ліку каля 30 журналістаў. Але пад суд прызначылі залю толькі на 50 чалавек, таму ня ўсе увайшлі. На месцы амаль дайшло да бойкі. Спачатку нават не хацелі ўпускаць паслоў замежных дзяржаваў, потым атрымалі загад і ўпусьцілі. Таксама ўпусьцілі толькі 5 журналістаў. У залі ўжо сядзела каля 20 чалавек са спэцслужбаў, невядома, хто гэта такія. Перад пачаткам працэсу судзьдзя Рыбакоў загадаў выключыць відэакамэры й фотаапараты, і толькі пасьля гэтага ўвялі Казуліна. Калі Казулін увайшоў у залю, усе прысутныя ўсталі й сустрэлі яго воплескамі. Тады судзьдзя вынес першае папярэджаньне.

Калі суд адхіліў хадайніцтвы абароны, Казулін выказаў недавер судзьдзі. Але на гэты раз пракурор адхіліў заяву й судзьдзя Рыбакоў надалей выконвае свае абавязкі. Пасьля таго, як з залі суда выдалена ўсіх прысутных, матывуючы гэта гоманам і перашкодай у працы суду, абарона выказала недавер пракурору. Але гэта таксама не падзейнічала. Цяпер у судзе перапынак, і абмяркоўваецца сьпіс сьведкаў як з боку абвінавачваньня, гэтак і з боку абароны.

Алег Воўчак: Абарона ўнесла хадатайніцтва, каб выклікаць у суд Лукашэнку, Навумава, Паўлючэнку й іншых, хто пацьвердзіў падчас сьледзтва, што Казулін вінаваты, даводзячы гэта ў сродках масавай інфармацыі. І вось у гэты момант вырашаецца, ці яны будуць сьведкамі на працэсе. Але гэта вырашае судзьдзя. Калі ён вырашыць, што іх трэба выклікаць, то тады яны будуць вымушаныя прыйсьці.

Гаварыў Алег Воўчак.

Караліна Русіновіч