• Славянскія гульні віцебскай міліцыі
  • 12.07.2006
У Віцебску адбываецца міжнароднае сьвята культуры й музыкі „Славянскі базар”. На фэстываль прыехала шмат гасьцей , якія ў перапынках паміж канцэртамі гуляюць па горадзе. А вось віцебская міліцыя гуляе ў „мышалоўку” з гандлярамі незалежнай прэсай, якія на вуліцах прадаюць „Віцебскі кур`ер” ды „Нашую Ніву”. Гандляроў прэсы спачатку затрымліваюць, вязуць у аддзяленьне міліцыі, трымаюць некалькі гадзін, а потым выпушчаюць. І такая гульня працягваецца ўжо некалькі дзён, - кажа дэпутатка Віцебскага гарсавету Вольга Карач.

Вольга Карач: Калі Барыса Хамайду ўчора забралі, распаўсюджваць газэты пачалі валянтэры. Дзесьці праз 40 хвілін іх таксама забрала міліцыя. Калі мы прыехалі ў чыгуначны РАУС, то ўсіх выпусьцілі, акрамя Хамайды. Поптым выпусьцілі й яго, але далі штраф. Сярод затрыманых была непаўнагадовая дзяўчына Юля Гусакова. Усе затрыманьні яны патлумачылі Артыкулам №148, які гаворыць пра забарону гандлю прамысловымі таварамі ў недазволеных месцах. І менавіта таму паміж намі й міліцыяй узьнікла спрэчка: зьяўляюцца газэты прамысловым таварам ці не. Мы лічым, што гэта сродак масавай інфармацыі. Больш таго, існуе Закон аб друку, які гаворыць пра тое, што газэты могуць распаўсюджвацца дзе заўгодна. Тым больш гэтыя газэты маюць ліцэнзію на розьнічны распаўсюд. Гэта азначае, што на любой вуліцы горада кожны чалавек можа гандляваць гэтымі недзяржаўнымі газэтамі. На дадатак Белпошта разарвала дамову на падпіску з газэтай "Віцэбскі кур`ер" і калі яе забароняць распаўсюджваць на вуліцы – то гэта проста сьмерць для газэты. Як учора высьветлілася, можна й знаходзіцца на вуліцы, можна й распаўсюджваць прэсу. Сёньня прэса таксама прадавалася, міліцыя зноў пачала сваю "гульню". Справа ў іншым – проста, міліцыя ня хоча, каб падчадс фэстывалю, калі ў горадзе шмат гасьцей, нехта распаўсюджваў недзяржаўную прэсу. Дарэчы, госьці таксама купляюць, падыходзіць вельмі шмат народу. За 10 хвілін расходзіцца каля 100 асобнікаў. Вось сёньня зноў забралі Барыса Хамайду. Яго забралі каля 11 гадзіны, на той момант у яго ўжо не было ніводнай газэты – усё разабралі.

Дарэчы, Барыс Хамайда, нягледзячы на чарговае затрыманьне, надалей зьбіраецца распаўсюджваць недзяржаўны друк у фэстывальным Віцебску аж да канца імпрэзы.


Караліна Русіновіч