• Аб’яднаўчы сход камуністаў Беларусі?
  • 13.07.2006
15-га ліпеня ў Менску мае адбыцца гэтак званы аб’яднаўчы сход Камуністычнай партыі Беларусі з Партыяй камуністаў Беларускай на плятформе КПБ. Пра гэта паведаміла сакратар КПБ Тацьцяна Голубева. Аднак кіраўніцтва Партыі камуністаў Беларускай заявіла аб тым, што ніводзін зь яе чальцоў ня мае намеру прыймаць удзел у гэтым сходзе.

Правядзеньне аб’яднаўчага сходу камуністаў Беларусі выклікае шмат супярэчлічвых ацэнак, паколькі заявы абедзьвюх кампартыяў, датычныя сходу, радыкальна адрозьніваюцца.

Чалец Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган заяўляе, што ніхто з актывістаў партыі ня будзе браць удзелу ў гэтак званым аб’яднаўчым сходзе, паколькі ні адна з пярвічных суполак партыі не вылучала на зьезд.

А. Скрыган : „Ніводная з нашых партыйных арганізацыяў не прыняла рашэньня аб удзеле ў гэтым зьездзе, як таксама й не вылучала дэлегатаў. Мне вядома, што ўлада паўсюль праводзіла такія сходы, нават у сваіх памяшканьнях. Некаторых людзей туды прывозілі з працы. Былі выпадкі, калі людзі проста ня ведалі, куды яны трапілі й што там увогуле адбываецца. Вядома, што сярод той масы людзей, якія сёньня працуюць, знойдзецца пару чалавек, якія пад ціскам мусілі пагадзіцца прыняць удзел у тым зьездзе. Таксама удзел у зьездзе могуць прыняць былыя чальцы нашай партыі, якія або самі вышлі з шэрагаў, або былі выключаны. Сёньня іх знаходзяць і робяць чальцамі нашай партыі.
Мы плянуем наладзіць там рэгістрацыю, якую будзе праводзіць кантрольна-рэвізыйная камісія, і мы будзем глядзець іх партбілеты, і што гэта за людзі. У гэты ж дзень мы ладзім зьезд нашай партыі. Будуць разглядацца зьмены ў статуце партыі. На сустрэчу ўжо запрошаны прадстаўнік Міністэрства юстыцыі. Таму ніхто ня зможа сказаць, што ПКБ брала удзел у нейкім аб’яднаўчым зьездзе.

Аднак сакратар Камуністычнай партыі Беларусі Тацьцяна Голубева заявіла, што для яе была нечаканай вялікая падтрымка шэраговых чальцоў ПКБ у правядзеньні сходу. Паводле яе словаў, партыі мусяць аб’яднацца, каб ісьці шляхам канструктыўнай працы з ўладамі, паколькі ў камуністаў адна мэта – “каб Беларусь сёньня пасьпяхова разьвівалася”.

Алег Усьцінаў, чалец КПБ ды рэдактар газэты „Камуніст Беларусі”, тлумачыць сытуацыю.

А. Усьцінаў: Усе чальцы ЦК КПБ былі запрошаныя на гэты зьезд, але яны катэгарычна адмовіліся браць у ім удзел. Затое зь пярвічных суполак будзе каля 76 кандыдатаў. Ідэялёгія ў абедзьвюх партыяў адна, паколькі абедзьве камуністычныя. Іншая справа, што барацьба адбываецца з адным канкрэтным чалавекам, але камэнтары тут непатрэбныя. Аб’яднаньне рэальнае й адбудзецца яно 15 ліпеня. Рашэньне пра няўдзел у зьездзе прыймаў пленум, але паўстае пытаньне: хто гэтаму пленуму даваў такія паўнамоцтвы? Наколькі мне вядома, пярвічныя суполкі не давалі яму такіх правоў. Вылучэньне дэлегатаў на аб’яднаўчы зьезд адбывалася ў пярвічных суполках”.

Заявіў чалец КПБ ды рэдактар газэты „Камуніст Беларусі” Алег Усьцінаў.

Дзьмітры Гурневіч