• Артур Фінькевіч на „хіміі”
  • 13.07.2006
Адзін зь лідэраў “Маладога Фронту” Артур Фінькевіч, які быў асуджаны на два гады абмежаваньня волі за злоснае хуліганства, скіраваны на працу ў адну з будаўнічых установаў у Магілёве, дзе й адбывае пакараньне. Нагадаем, за злоснае хуліганства суд прыняў графіці “Мы хочам новага”, зробленае Артурам на адным зь менскіх будынкаў.

Артур Фінькевіч зьяўляецца наймалодшым палітвязьнем у Беларусі - яму 21 год. Ён мае няпоўную вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці “міжнародныя адносіны”, аднак працы паводле гэтай прафэсіі атрымаць яму ня ўдасца. Выбіраючы паміж будовай ды чышчэньнем сьвінарнікаў, Артур выбраў першае.

Актывістка “Маладога Фронту” Наста Палажанка, якая сёньня наведала Артура, распавядае пра тое, што ёй давялося пабачыць.

Н. Палажанка: „Для чалавека, які знаходзіцца на “хіміі”, ён сябе адчувае цудоўна. Праца для яго будзе на будоўлі, але зараз ён праходзіць мэдкамісію, і з аўторку распачынае работу. Жыве ў пакоі для трох асобаў, адносіны з суседзямі добрыя. Людзі розныя, у большасьці тыя, хто большую палову жыцьця крадзе. Яму няма на што скардзіцца”.

Ці ён мае магчымасьць мець тэлефон, радыё альбо тэлевізар?

„Радыё й тэлевізар ён мае права мець. Што датычыць мабільнага тэлефону,
то ён павінен здаваць яго ў дзяжурную частку й толькі тады, калі ён яго патрабуе, то можа падысьці й папрасіць. У прынцыпе, калі нехта хоча зь ім пагавырыць, то піша яму СМС-паведамленьне, а ён пазьней ператэлефаноўвае.

Нам удалолося зьвязацца з Артурам і паразмаўляць некалькі хвілін пра ўмовы, у якіх яму даводзіцца пражываць.

А.Фінькевіч: Што датычыць кантынгенту, то гэта тыя, хто зьяўляецца найніжэйшым слоем беларускага грамадзтва - алькаголікі, хуліганы, наркаманы й гэтак далей. У памяшканьнях, дзе павінны жыць па два чалавекі, жыве па 3-6 асобаў. Абсалютная антысанітарыя. Дзякуй Богу, я ў тым пакоі, які называюць «люксам». Гэта пакой на 10-12 кв. мэтраў. Адна прыбіральня на паверх і тая цалкам разьбітая. Такое можна было хіба пабачыць дзесьці ў вёсках у далёкія савецкія часы.

Гаварыў Артур Фінькевіч.

Дзьмітры Гурневіч