• Пасланьне на волю
  • 21.07.2006
30 старонак налічвае пасланьне, якое перадаў праз сваіх блізкіх Аляксандар Казулін на волю. Аляксандар Казулін у апошнім слове заяўляе пра сваю невінаватасьць і абвінавачвае Аляксандра Лукашэнку ў стварэньні рэжыму, пры якім магчымы перасьлед палітычных апанэнтаў, у тым ліку кандыдатаў на прэзыдэнта. Ён напісаў і перадаў тэкст апошняга слова абвінавачанага, якое не прагучала ў судзе, - кажа адвакат Ігар Рынкевіч.

Ігар Рынкевіч:Я зь ім сёньня гутарыў на гэтую тэму, ён у сваім лісьце дае ацэнку усёй справе. Апісвае таксама свой пункт гледжаньня на сытуацыю ў краіне. Выказвае меркаваньне, што стаў ахвяраю рэжыму й што яго закратавалі, каб ня меў магчымасьці балятавацца на будучых выбарах. Спрабуе адказаць на пытаньне, што далей будзе адбывацца ў гэтай сытуацыі .

Учора сваякам Александра Казуліна дазволілі перадаць пасылку. Вага перадачы не магла перавышаць трох кіляграмаў. Як гаворыць адвакат палітвязьня, нават сукамэрнікі Казуліна зьдзіўленыя жорсткасьцю прысуду.

Ігар Рынкевіч:Сёньня ён мне сказаў, што, калі ягоныя сукамэрнікі даведаліся пра ягоны прысуд, былі ў сапраўдным шоку. Таксама й працаўнікі турмы ацанілі, што прысуд вельмі жорткі, зыходзячы з таго, што чалавек невінаваты. А нават калі б быў вінаваты, то першы раз сустрэліся зь нечым такім, што далі ня ўмоўна, ня "хімію", а максымальнае пакараньне. Так што нават і ў турме назіраецца поўны недавер да такога прысуду й зьдзіўленьне.

Трэба зазначыць, што ў апошнім часе ў Аляксандра Казуліна пагоршыўся стан здароўя. Ён мяркуе, што гэта з-за таго, што яго пры затрыманьні зьбівалі па галаве. З гэтай нагоды сям`я намагаецца, каб яму зрабілі мэдычныя дасьледаваньні.

Ігар Рынкевіч: Плянуецца правесьці мэдычнае дасьледаваньне ў турэмным шпіталі. У Менску ёсьць спэцыяльны шпіталь, хутчэй за ўсё яно пройдзе на будучым тыдні. Але, нягледзячы на ўсё, ён спадзяецца, што ўрэшце справа супыніцца. І таму маральна ён вельмі бодры й перакананы, што будзе апраўданы.

Трэба дадаць, што да ўступленьня ў дзеяньне прысуду Аляксандра Казуліна будуць трымаць у Менскім сьледчым ізалятары. Куды накіруюць палітыка для адбыцьця пакараньня, яшчэ невядома.

13 ліпеня Аляксандра Казуліна асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. Суд прызнаў яго вінаватым у хуліганстве й арганізацыі вулічных беспарадкаў.

Караліна Русіновіч