• Дзень бясьпечнага кіроўцы
  • 25.07.2006
Сёньня ў Польшчы ўпершыню адзначаецца Дзень бясьпечнага кіроўцы. Невыпадкова ён святкуецца 25 ліпеня – у дзень сьвятога Крыстафа, заступнікa кіроўцаў.

Польскі душпастыр кіроўцаў, ксёндз Марыян Мідура заклікае, каб асабліва ў гэты дзень веруючыя асобы давалі прыклад, што па дарогах можна езьдзіць бясьпечна.

М. Мідура: Трэба сабе задаць простае пытаньне - ці я не зьяўляюся эгаістам на дарозе. Ці заўсёды ежджу цьвярозым, бо наш лёзунг - не забівай, будзь цьвярозы. Хай у сёньняшні дзень кожны падумае, як адказаць на гэтыя пытаньні ў сваім асабістым жыцьці. Падумае, якім ён зьяўляюся кіроўцам.

Кіроўцы прызнаюць, што кожную задуму, якая можа дапамагчы бясьпецы на дарозе, трэба падтрымліваць. Аднак у эфэктыўнасьць закліку да хрысьціянскіх пачуцьцяў вераць ня ўсе.

Кіроўца: Напэўна не пашкодзіць, але ці дапаможа - цяжка сказаць. Я скептык, шмат ежджу й бачу, што ніякія заклікі не дапамагаюць. Дапамогуць толькі сур'ёзныя пакараньні, напрыкалад, за парушэньне правілаў трэба забіраць аўтамабіль.

Кіраўнік варшаўскага аддзелу назіраньня за дарогамі Яцак Зяліньскі аднак спадзяецца, што хрысьціянскія каштоўнасьці паўплываюць на кіроўцаў.

Я. Зяліньскі: Бясьпека на дарогах датычыць ня толькі кіроўцаў, але таксама веласіпэдыстаў і пешаходаў, якія няраз неадпаведна захоўваюцца на дарогах. Потым яны ж самыя плацяць за свае паводзіны. Гэта яны найчасьцей гінуць пад коламі аўтамабіляў.

У Дзень бясьпечнага кіроўцы польскія паліцыянты прапануюць кіроўцам "страхоўку ў сьвятога Крыстафа." Гэта абавязаньне прытрымлівацца правілпў бясьпечнага руху на дарогах і абразок з воблікам сьвятога заступніка.

У Беларусі Дзень сьвятога Крыстафа мае выключна рэлігійны характар. У Каталіцкім касьцёле ў гэты дзень асьвячаюць аўтамабілі й моляцца за кіроўцаў. Ксёндз Уладыслаў Завальнюк падкрэсьлівае, што, молячыся да сьвятога Крыстафа, чалавек зьвяртаецца па дапамогу да самога Бога.

У. Завальнюк: Ёсьць малітвы, якія даюцца разам зь мэдалікам ці абразком сьвятога Крыстафа. Але, наогул, веруючы чалавек павінен распачынаць рух пасьля кароткай малітвы. Павінен перажагнацца й памаліцца якой-небудзь малітвай. Можна папрасіць заступніцтва ў сьвятога Крыстафа, альбо іншага заступніка. Гэтай малітвай кіроўца бласлаўляе ня толькі дарогу, але і ўсе свае справы. Чалавек павінен разумець, што на дарогах небясьпечна, таму трэба прасіць, каб Бог дапамогаў. Я няраз бачыў, як пасьля затрыманьня людзі жагналіся -дзякавалі за шчасьлівую дарогу.

Мы таксамі ўсім кіроўцам жадаем зялёнага сьвятла на дарогах!

Алена Пытэль