• 16 угодкі Дэклярацыі аб Дзяржсувэрэнітэце Беларусі
  • 27.07.2006
Сёньня – 16-я ўгодкі падпісаньня Дэклярацыі аб Дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. 27-га ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня на сваёй першай сэсіі прыняў Дэклярацыю. Гэта быў першы крок да беларускай нежалежнасьці ў савецкія часы.
Тагачасны дэпутат Анатоль Лябедзька, які прадстаўляў дэпутацкі Дэмакратычны рух, кажа, што пра гэтыта падзеі трэба здымаць кіно й пісаць кнігі.


Лябедзька: Я памятаю адно: уся заля стаяла й кляскала ў далоні, таму што гэты дакумэнт нараджаўся ў спрэчках, у дыскусіі й нават у нейкіх пакутах. І калі ён быў прыняты, то й камуністы, якіх была падаўляючая большасьць - гэта была партыя ўлады, намэнклатурная партыя - ды апазыцыя, якую я тады прадстаўляў, гэта быў адзіны Вярхоўны Савет 12 скліканьня. Адзіны зь нешматлікіх момантаў, калі гэта быў адзіны парлямэнт. Дакумэнт быў прыняты падаўляючаю большасьцю. І гэта насамрэч было сьвята, бо гэта можна было прачытаць на тварах людзей. Прайшло 16 гадоў. Калі б зрабіць такі баланс, як выкарыстаўся першы крок да незалежнасьцьі: ёсьць і здабыткі, ёсьць і тое, што мы згубілі - усё трэба пакласьцьі на шалі вагаў. Безумоўна, гэты дакумэнт - адна з цаглінак, якія былі закладзеныя ў падмурак новай і незалежнай Беларусі. І гэта, безумоўна, быў юрыдычны прававы фундамант, на якім потым пачалося будаўніцтва. Шкілет, на якім нарасьцілася мускулярная маса сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі, якую сёньня прызнае de facto, калі верыць сацыёлягам, 95 % насельніцтва. Тады значна менш людзей хацела, каб Беларусь была незалежнай і самастойнай, была большая настальгія па Савецкім Саюзе. Пачатак зьменаў у сьвядомасьці людзей быў пакладзены гэтым дакумэнтам. Што датычыць страт, то, канешне, мы не такую Беларусь хацелі. Сувэрэнітэт - гэта як правая ці левая нага аднаго арганізму. А без дэмакратыі няма руху наперад. Мы маем сувэрэнную Беларусь, няхай на хісткіх дзіцячых ножках, але ж гэта сувэрэнная Беларусь. Але няма дэмакратычай Беларусі, і гэта нашыя страты, гэта нашыя памылкі - гэта нэгатыўны вынік.

З нагоды 16-й гадавіны абвяшчэньня Дзяржаўнага сувэрэнітэту ў Менску заплянавана канцэрт. Пра свой удзел у канцэрце заявілі такія вядомыя гурты як “Нэйра-Дзюбель”, “Крама”, “НРМ”, а таксама Аляксандар Памідораў ды іншыя выканаўцы. На жаль, ён не адбудзецца. Менгарвыканкам забараніў сьвяточную імпрэзу. А шкада, - кажа музыкант Аляксандар Памідораў.

Памідораў: Гэта такая сытуацыя, і мы жывем у гэтай сытуацыі ды робім свае высновы. Безумоўна, мы сустракаемся паміж сабою, але крыўдна, што ў Менску сытуацыя горшая, чым у Горадні ці Берасьці. Бо ў Менску зараз увогуле няма канцэртных пляцовак, дзе можна пачуць нейкі беларускі рок-канцэрт. Крыўдна ўдвая, што сёньня канцэртная пляцоўка аддадзена пад выступ няпэўных расейскіх псэўдазорак і швэдзкага гурту "The Kardegans" . Магчыма, што не далі дазволу на правядзеньне канцэрту на Бангалёры сёньня, бо гэта таксама ўскосна зьвязана з гэтым камэрцыйным мерапрыемствам у Аэрапорце "Менск І". Магчыма, нехта проста не захацеў губляць некалькі тысячаў патэнцыяльных гледачоў. Ці насамрэч беларускі рок камусьці пагражае? Магчыма, што нехта сабе так уяўляе. Той, хто нечага вельмі баіцца й каму ёсьць чаго баяцца.

16 гадоў –гэта даволі салідны ўзрост. Што зьмянілася ў Беларусі на працагу гэтага часу? Ацэньвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Мацкевіч: 16 гадоў - гэта больш-менш сталы ўзрост. У пэўным сэнсе незалежнасьць ад Савецкага Саюзу адбылася, звароту ўжо няма. Нягледзячы на ўсе хібы й адмоўныя бакі беларускай гісторыі апошніх 16 гадоў, мы незалежныя, і гэта добра. Тое, што мы недастаткова рацыянальна, недастаткова разумна абыходзімся са сваёй незалежнасьцю, то гэта сьведчыць толькі аб стане нашага розуму, нашай кваліфікацыі, нашай сьвядомасьці ды развіцьця грамадзкай супольнасьці. Тое, што мы так распарадзіліся нашай незалежнасьцю - гэта наша віна й наша памылка. Сытуацыю можна параўнаць з падлеткам: нібыта вырас, а розуму, як у дзіцяці. Трэба прывыкнуць карыстацца незалежнасьцю. Свабода - гэта адказнасьць. Я не хачу сказаць, што свабоду трэба абмяжоўваць, што свабода - гэта залежнасьць ад чагосьці. Свабода - гэта свабода! Яна ня можа быць нічым абмежаваная, акрамя толькі розуму, які накірункаваны на карыстаньне свабодай. Свабоду маем, але ня ўмеем ёю карыстацца.

У календары дата 27 ліпеня да рэфэрэндуму 1996 году была галоўным дзяржаўным сьвятам Рэспублікі Беларусь – Дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту.

Караліна Русіновіч