• П.Мялько абвінаваціў А.Лукашэнку
  • 27.07.2006
Афіцэр беларускай міліцыі выяўляе чорны бок дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Сьледчы Воранаўскага РАУС Павал Мялько адрасаваў свой зварот кіраўнікам краін сьвету, ААН ды іншым зацікаўленым арганізацыям. Ліст зьмешчаны на сайце Аляксандра Мілінкевіча http/by.milinkevich.org

Сёньня аб звароце паведаміла польская "Gazeta Wyborcza". Гаворыць аўтар артыкулу Анджэй Пачобут.

А. Пачобут:
Перш за ўсё ён сьцьвярджае, што яго прымушалі парушаць правы грамадзянаў Беларусі. Ён кажа аб тым, як праводзіцца сьледзтва, гэта значыць, як людзей катуюць, прымушаючы іх прызнацца да віны. У гэтым лісьце аўтар ставіў сваёй мэтай распавесьці людзям, якія, магчыма, ня ведаюць аб тым, што такая сыстэма ёсьць. Там, генэральна, распавядаецца пра агульную сыстэму функцыянаваньня праваахоўных ворганаў Беларусі. Няма канкрэтнай інфармацыі пра супрацоўнікаў міліцыі, якія парушаюць заканадаўства. Там абвінавачваецца агульная сыстэма.

Павал Мялько напісаў таксама аб перасьледзе польскай меншасьці, аб тым, як фабрыкуюцца справы супраць лідэраў.

Гэты ліст дастаткова агульны. Павал Мялько піша, што ён гатовы прадставіць канкрэтныя доказы, але Анджэй Пачобут заўважае, што ў лісьце зьмешчаная інфармацыя, якая можа прывесьці да канкрэтных фактаў, што й напалохала кіраўніцтва Воранаўскага аддзелу міліцыі, дзе працаваў Павал Мялько:

А. Пачобут:
Там ёсьць інфармацыя пра чалавека, які выкінуўся з акна. Гэта здарылася два-тры гады таму. У гэтым лісьце ёсьць пэўныя намёкі, і чалавек, які валодае інфармацыяй, патрапіць расшыфраваць, што гэта ня ёсьць агульнае. З таго, што я ведаю, у гарадзенскай міліцыі дастаткова сур’ёзна падышлі да гэтай сытуацыі й пачалася ўнутраная праверка дзеяньняў Мялько. Міліцыя даволі нэрвова рэагуе на пытаньні па гэтай справе.

Сьледчы РАУС Воранаўскага раёну на пачатку ліста выяўляе, што А.Лукашэнка даў вусны загад аб фізычным узьдзеяньні на розных асоб, якія фінансуюць нелегітымныя апазыцыйныя арганізацыі, а таксама на нявыгадных дыктатарскай сыстэме людзей. Пачобут зьвяртае ўвагу, што ўсё ж такі большым зьдзекам у беларускіх сьледчых ізалятарах падвергнуты звычайныя людзі.

А. Пачобут:
Апазыцыянэраў не так жорстка зьбіваюць у параўнаньні са звычайнымі людзьмі. Я журналіст і некалькі гадоў таму пісаў пра маладога хлопца, якому накладалі процівагаз на галаву й перакрывалі доступ паветра, каб ён прызнаўся ў крадзяжах. Гэта было ў Ленінскім РАУС Горадні. Была праведзеная пракурорская праверка, якая сказала, што ўсё гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Проста «адбялілі» міліцыянтаў, на якіх гэты хлопец даваў паказаньні. Такія выпадкі здараюцца дастаткова часта .

Беларускае прадстаўніцтва ААН не атрымала ліста Паўла Мялько. Пакуль зварот ня будзе адпраўлены ў якое-небудзь прадстаўніцтва ААН, арганізацыя ня стане ім займацца, сказаў нашай радыёстанцыі Ўладзімер Шчэрбаў, дарадчык прадстаўніка ААН у Беларусі.

У. Шчэрбаў:
Арганізацыя ня можа рэагаваць на ўсё, што зьяўляецца ў Інтэрнэце. Рэакцыя на такога кшталту звароты непасрэдна з боку нашага прадстаўніцтва па дэфініцыі немагчымая. Мы не ўпаўнаважаныя гэта рабіць. А што тычыцца Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у цэлым, то любая асоба ў сьвеце можа прыцягнуць увагу ААН да факту парушэньня правоў чалавека ў паасобнай краіне. ААН па сваім мандаце павінна рэагаваць на такія звароты.

Каб прыцягнуць увагу АНН, зварот павінен трапіць у ААН па звычайнай пошце, па факсу альбо электроннай пошце ды ўтрымліваць некалькі крытэрыяў, кажа Уладзімер Шчэрбаў.

У. Шчэрбаў:
Заява не павінна быць ананімнай. Трэба, каб арганізацыя ці асоба падпісалася. Яна не павінна ўтрымліваць толькі тую інфармацыю, якая агульнавядомая й утрымліваецца ў СМІ. У такіх зваротах павінны прысутнічаць нейкія факты, абставіны парушэньняў. Павінна быць нешта спэцыфічнае й канкрэтнае. Гэтыя звароты не павінны ўтрымліваць зьневажальных эпітэтаў у бок дзяржавы, супраць якой накіраваны гэты зварот. Зварот можа быць складзены палымяна, але досыць карэктна, больш прыстасоўвацца да фактаў, а не ўтрымліваць матэрыял выключна палемічнага кшталту ці нейкія эмацыйныя ацэнкі.

Калі зварот выконвае гэтыя крытэрыі, ён трапляе ў Вярхоўную Раду па правох чалавека ААН.

Які будзе лёс скаргі беларускага афіцэра міліцыі на дыктатуру А.Лукашэнкі? - пакуль невядома.

Найбольш жорсткай рэакцыяй АНН на кожны зварот можа быць рэзалюцыя. У справе Беларусі Камісія ААН па правох чалавека прымала рэзалюцыі ўжо два разы - у 2004 і 2005 гадох.

Як неафіцыйна даведалася Беларуская служба Радыё Палёнія, Павал Мялько выехаў у водпуск у Эквадор. Аднак адмовіўся вяртацца ў Беларусь і на дадзены момант знаходзіцца ў Ірляндыі, ці, паводле іншых крыніц, у Канадзе. Ён ужо не зьяўляецца супрацоўнікам Воранаўскага РАУС, паколькі быў звольнены начальствам.


Ялянта Сьмялоўская