• Сытуацыя беларускамоўных школ у РБ
  • 27.07.2006
У гэтыя дні ў гарадох і вёсках Беларусі адбываецца набор вучняў у першыя клясы школ. Колькасьць дзяцей, якія ходзяць у школы зь беларускай мовай навучаньня, зьмяншаецца з году ў год. Аб сёньняшнім стане беларускамоўнай школы, яе праблемах ды пэрспэктывах распавядае старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня "Таварыства беларускай школы" Алесь Лозка.

Ахарактарызуйце, калі ласка, агульны стан, у якім апынуліся школы, якія вучаць дзяцей па-беларуску.

Некалі стан беларускамоўнага навучаньня быў спрыяльны. У 1994 і 1995 гадох у першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня прыймалася ў краіне каля 76% дзяцей. У сталічнай вобласьці гэтая лічба даходзіла да 92,6%. Але пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму 1995 году яна зьнізілася вельмі значна. За два гады ў краіне колькасьць дзяцей, якія вучыліся ў першых клясах па-беларуску, зьнізілася больш як удвая. Разумеючы стан, у якім апынулася мова, мы стварылі нашую арганізацыю - "Таварыства беларускай школы". Мы працягваем традыцыі "Таварыства беларускай школы", якое паўстала роўна 85 год таму, 7 сьнежня 1921 году, на землях Заходняй Беларусі.

Сытуацыя вакол беларускіх школ увесь час пагаршаецца. Мінулагодні набор склаў усяго 21,4%. Менш за ўсё вучняў ходзіць у беларускія школы ў сталічным рэгіёне. У Менску толькі 2,4% дзяцей вучацца па-беларуску. У сталіцы дзейнічаюць толькі чатыры беларускамоўныя навучальныя ўстановы: Сярэдняя школа № 60 у Маскоўскім раёне, 9-я гімназія ў Першамайскім раёне, 4-я гімназія ў Фрунзенскім раёне, а таксама Гімназія-каледж мастацтваў Міністэрства культуры. Яшчэ ёсьць клясы зь беларускай мовай навучаньньня ў двухмоўных школах. Вельмі шкада, што быў зачынены Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, – без сумненьня, найлепшая беларускамоўная ўстанова ў краіне. Ліцэісты, іх бацькі й выкладчыкі дагэтуль працягваюць барацьбу за існаваньне сваёй школы, вядуць заняткі ў амаль падпольных умовах – і пасьпяхова паступаюць у ВНУ Беларусі й замежжа.

Калі становішча беларускай мовы было цяжэйшае – у савецкія часы ці зараз?

Тады вясковая школа традыцыйна лічылася беларускамоўнай. У горадзе не было ніводнай беларускай школы. Вучні, асабліва дзеці ваеннаслужачых, увогуле звальняліся ад вывучэньня беларускай мовы. Цяпер многія вясковыя школы становяцца расейскімі. І ў той жа час замацоўваюць сваю пазыцыю беларускамоўныя школы ў горадзе. Аднак трэба заўважыць, што нават калі школа афіцыйна лічыцца беларускай, то ўсё роўна ў ёй знаходзіцца шмат прадметаў, якія вядуцца на расейскай мове. Асабліва гэта датычыць фізычнай культуры, працы, замежнай мовы...

Якая прычына зьмяншэньня набору ў беларускія школы?

Самая галоўная прычына - поўная адсутнасьць падтрымкі беларускай школы з боку дзяржавы. Упершыню мы маем міністра адукацыі, які нават не размаўляе па-беларуску. Існуе дзяржаўная праграма па падтрымцы беларускіх школ у Польшчы, і ў той жа час яны амаль зусім не падтрымліваюцца ў самой Беларусі.

Што адстрашвае бацькоў ад таго, каб яны аддавалі сваіх дзяцей у беларускія школы?

Тое, што няма вышэйшых навучальных установаў, дзе б вучылі па-беларуску. Хаця ёсьць добрыя навучальныя ўстановы, у рамках якіх існуюць гэтак званыя плыні, дзе можна навучацца па-беларуску. Але такія ВНУ хутчэй зьяўляюцца выключэньнямі. Усё трымаецца на энтузіязме асобных выкладчыкаў і дэканаў. Вялікага пералому ў стаўленьні дзяржавы да беларускай мовы не назіраецца. Дайшло нават да таго, што студэнты аб'яўляюць галадоўкі, што бацькі судзяцца з навучальнымі ўстановамі за тое, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску. Галадоўкі аб'яўляюць нават непаўналетнія, як гэта было ў Салігорску.

Але ёсьць надзея на паварот да лепшага. Зараз у дарослае жыцьцё ўваходзіць пакаленьне школьнікаў, якія пачыналі вучыцца па-беларусу дзесяць-пятнаццаць гадоў таму. Сёньня гэтыя людзі вучацца ва ўнівэсытэтах, пачынаюць працаваць. На іх ускладаем мы свае надзеі.

Якія сем'і аддаюць сёньня сваіх дзяцей у школы зь беларускай мовай навучаньня?

У гарадах нямала беларускамоўных сем'яў. Гэта ня толькі прадстаўнікі гуманітарнай інтэлігэнцыі - філёлягі, гісторыкі, але таксама й інжынеры, тыя, хто сам калісьці вучыўся па-беларуску. Гэта моладзь. На іх уся надзея.

Ці не знаходзяцца сёньня некаторыя беларускамоўныя школы пад пагрозай закрыцьця?

На жаль, такія школы ёсьць. Часта здараецца так, што прыходзіць новы дырэктар, мяняе сваю палітыку й набірае ў беларускамоўную школу хаця б адну клясу з расейскай мовай навучаньня. Міністэрства на гэта лёгка згаджаецца. А калі ўжо набрана расейскамоўная кляса, то для бацькоў гэта знак, што хутка ўся школа стане расейскай. Ад кіраўніка залежыць вельмі многа. Але, на жаль, часта дырэктараў у нас прызначаюць не паводле іх адносінаў да сваёй справы, а па зусім іншых крытэрыях. Гэта агульная тэндэнцыя.

Ці адрозьніваецца якасьць выкладаньня ў школах зь беларускай і расейскай мовамі навучаньня?

Цяжка сказаць. Усё залежыць ад кадраў. У школе №168 г. Мінска настаўнік Мартысюк выкладае матэматыку ў расейскамоўнай школе па-беларуску. Старшакласьнікі імкнуцца трапіць менавіта ў яго клясы, бо ведаюць, што ўсе яго вучні пасьпяхова паступаюць у ВНУ. І моўнае пытаньне тут не ўзьнікае.

Праца па папулярызацыі беларускай школы праводзіцца празь незалежныя выданьні, але таго, што робіцца, яўна недастаткова. Мы будзем працягваць нашую дзейнасьць, змагацца за існаваньне беларускай школы.

Са старшынём рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня "Таварыства беларускай школы" Алесем Лозкай размаўляў Аляксандар Папко.