• Беларусь на 60-ым месцы ў рэйтынгу Сусьветнага банку
  • 28.07.2006
У рэйтынгу інтэлектуальнага разьвіцьця народаў сьвету насельніцтва Беларусі знаходзіцца на 60 месцы. Такія вынікі ўласных дасьледаваньняў апублікаваў Сусьветны банк. У першую пяцёрку ўвайшлі Швэцыя, Фінляндыя, Данія, Швэйцарыя ды Вялікабрытанія.

У апрацоўцы рэйтынгу 128 краінаў улічваўся ўзровень адукацыі насельніцтва, лічба карыстальнікаў Інтэрнэтам і тэлефонам, заканадаўчая база, лічба навукоўцаў, колькасьць і наклад навуковых выданьняў ды іншыя чыньнікі. Рэйтынг вызначаўся па 10-бальнай шкале.

З краінаў былога Савецкага Саюзу найвышэйшае месца заняла Эстонія - 8,05 бала, за ёю Летува й Латвія. Расея апынулася на 41 месцы (5,97), Украіна - на 49 (5,37), а Беларусь з 4,93 баламі заняла 60 месца.

На думку беларускага інтэлектуала, рэдактара газэты “Наша Ніва” Андрэя Дынько, пазыцыя, якую займае Беларусь у згаданым рэйтынгу, сьведчыць пра вельмі сумныя працэсы, якія адбываюцца ў краіне. Аднак ён лічыць, што падобную інфармацыю трэба ўспрымаць з самакрытыкай.

А. Дынько: “Вынікі гэтыя прыкрыя. Эўрапейская краіна, якая мае ўсё дзеля эканамічнага ўстойлівага разьвіцьця, апынаецца толькі на 60 месцы па разьвіцьці ў сьвеце. Прычым гэты адрыў за 10-годзьдзе не пераадолееш. Я думаю, што гэта проста рэалістычны вынік. Тут ня трэба сварыцца на люстэрка, але больш крытычна ставіцца да саміх сябе. Трэба ўмець бачыць у сабе і добрае, і кепскае”.

Дынько лічыць, што Беларусь не пасуе да шматлікіх міжнародных стандартаў па адукацыі, якія выкарыстоўваюцца ў большасьці цывілізаваных краінаў.

А. Дынько: “Адышоў ад нас народны пісьменьнік Беларусі Янка Брыль. Калісьці, 7 гадоў таму, у гутарцы з "Нашай Нівай" ён выказаў меркаваньне, што беларусы – гэта такая культурная на выгляд, але такая цёмная нацыя. Брыль – гэта чалавек, які бязьмежна любіў свой народ і калі ён гаварыў такія горкія словы, то ён іх вынасіў у сабе. Ацаніць інтэлектуальны ўзровень беларусаў нялёгка. Сапраўды ў нашай культуры, у адрозьненьне ад культураў многіх іншых народаў, вельмі многае робіцца на выгляд. У нас часта гавораць пра ўнікальны ўзровень нашай адукацыі, але, насамрэч, шмат што нам трэба даганяць. Нашая сярэдняя адукацыя выпускае людзей, якія ня ўмеюць гаварыць па-беларуску, якія ня ведаюць ніводнай замежнай мовы. У нас гавораць, што мы ня маем непісьменных людзей, але калі б мы дапасавалі да Беларусі тыя крытэрыі пісьменнасьці й непісьменнасьці, якія ёсьць у Францыі ці Амэрыцы, то выявілася б, што 30% людзей у краіне - гэта непісьменныя. У многіх краінах пісьменнасьць вызначаецца ўменьнем зразумець элемэнтарнага ўзроўню тэкст. Дайце гэты тэст нашым людзям – яны ня змогуць яго прайсьці.”

На думку Андрэя Дынько, прычынай таго, што Беларусь у рэйтынгу апынулася пасьля Расеі й Украіны, зьяўляецца адсутнасьць у савецкія часы нацыянальнай, адміністратыўнай і палітычнай эліты. Усё кіраваньне вялося з Масквы. Такі працэс ня меў падобнага размаху ані ва Ўкраіне, ані ў Расеі – мяркуе рэдактар “Нашай Нівы”.

Беларускі філёзаф Валянцін Акудовіч перакананы, што пазыцыя нумар 60 не такая й дрэнная для краіны, якая яшчэ нядаўна была малавядомай у сьвеце.

В. Акудовіч: “Напэўна гэта ўжо ня так і блага быць пасярэдзіне ўсяго інтэлектуальнага сьвету. Яшчэ да нядаўняга часу Беларусь у вачах тых, хто яе трошкі ведаў, выглядала такой лапатнай, занядбалай, з гнілымі хаткамі, балотамі ды туманамі. Яны лічылі Беларусь нічога ня вартым месцам на мапе сусьвету. Зь іншага боку, я думаю, што наш інтэлектуальны патэнцыял яшчэ вышэйшы, чым тое месца, якое нам вызначылі. Рэч у тым, што ўсе такія дасьледаваньні вельмі й вельмі ўмоўныя. З таго, што там пералічваецца, улічваюцца толькі фармальныя аспэкты: колькасьць тых ці іншых інстытуцыяў, наяўнасьць сучасных тэхналёгіяў, мэханізмаў і гэтак далей. Таму да гэтага належыць ставіцца скептычна й трошкі іранічна.”

Былы прэзыдэнт Акадэміі Навук Беларусі Аляксандар Вайтовіч перакананы, што калі каэфіцыент інтэлектуальнага разьвіцьця беларусаў лічыць паводле навуковай сфэры, то 60 месца для Беларусі справядлівае.

А. Вайтовіч: “Навуковая сфэра ў Беларусі ў вельмі цяжкім стане. Больш цяжкім, чым у Расеі, Украіне, Летуве, Латвіі ды Эстоніі. Яе слабасьць заключаецца, між іншым, у навукаёмістасьці валавага ўнутраннага прадукту. У апошнія гады гэтая лічба была на ўзроўні 0,6%. У той час у Расеі гэтая лічба складае 1,5%, а ва Ўкраіне 1,2%. У нас найменшая колькасьць навукоўцаў на 100 тыс. насельніцтва. Так што па навуковай сфэры, то я думаю, што гэта справядлівая лічба – мы адстаем ад суседзяў.”

Дадам, што апошняе месца ў згадым рэйтынгу займае афрыканская краіна Сьера-Леонэ, інтэлектуальны каэфіцыент насельніцтва якой склаў 0,4% па 10-бальнай шкале.

Дзьмітры Гурневіч