• Прапановы зь Беларусі для Польшчы
  • 28.07.2006
Беларускі бок усё яшчэ лічыць актуальным той пакет ініцыятываў, якія павінны палепшыць двухбаковыя польска-беларускія кантакты. Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў Варшаве Павал Латушка.

Дыпляматычны прадстаўнік адзначыў у размове зь беларускімі журналістамі, што афіцыйны Менск не атрымаў адказу на ўвесь спэктар прапановаў.

Ідэю інтэнсыфікацыі кантактаў паміж Польшчай ды Беларусяй П.Латушка прадставіў у красавіку ў Варшаве. У дадзены момант сам амбасадар знаходзіцца ў Менску на кансультацыях, таму мы папрасілі сакратара беларускай амбасады Дзьмітрыя Выбарнага прыгадаць падрабязна, чаго датычылі прапановы.

Выбарны: Беларускі бок лічыць, што раўнапраўны дыялёг на дастатковым узроўні будзе судзейнічаць вырашэньню праблемных момантаў паміж нашымі краінамі. Што датычыць прапановаў, то яны носяць непалітычны характар. Гэтыя ініцыятывы прадугледжваюць меры, накіраваныя на аблягчэньне кантактаў паміж грамадзянамі дзьвюх краін. Гэта, напрыклад, зьмяншэньне кошту візаў і спрашчэньне працэдуры іх выдачы, узнаўленьне перамоваў наконт адкрыцьця новых памежных пераходаў, разьвіцьцё міжрэгіянальнага й памежнага супрацоўніцтва. Прапановы датычаць таксама ўдасканаленьня дагаворна-прававой базы паміж краінамі. Гэта таксама ўзнаўленьне дзейнасьці двухбаковых камісіяў – у галіне адукацыі, гандлёвага супрацоўніцтва й культуры. Мы, на жаль, пакуль што не атрымалі канкрэтнага адказу ад польскага боку. Некаторыя прапановы ўжо згубілі актуальнасьць, як, напрыклад, ідэя правесьці польскі дзень на Славянскім базары, але іншыя далей актуальныя.

Польскае МЗС заявіла, што яно разгледзіць гэтыя ініцыятывы. Як сказала нашай радыёстанцыі Эва Фігель, кіраўнік беларуска-ўкраінскага аддзелу ў Дэпартамэнце ўсходняй палітыкі МЗС, пакуль што бюракратычны апарат перапрацоўвае гэтыя дакумэнты.

Э.Фігель: Польскі бок з гэтымі прапановамі пазнаёміўся. Пасьля дакладнага азнаямленьня зь імі польскі бок пастараецца даць канкрэтны адказ на гэты пакет. Я ведаю, што ў гэтым пакеце дакумэнтаў было даволі многа прапановаў наконт падпісаньня двухбаковых дамоваў. А на такую ініцыятыву мы ня можам хутка адказаць, паколькі праекты неабходна абмеркаваць зь іншымі міністэрствамі, з польскім МУСіА, з памежнай вартай. Дакумэнты балі перасланыя ў паасобныя ўстановы, і цяпер мы зьбіраем канкрэтныя прапановы.

У сваю чаргу прэс-сакратар Міністэрства Анджэй Садась не хацеў камэнтаваць выказваньне Паўла Латушкі, паколькі ён знаходзіцца цяпер у замежнай камандзіроўцы й словаў беларускага амбасадара ня чуў, але адносна беларукскіх прапановаў Анджэй Садась заявіў, што цяжка навязваць больш блізкае супрацоўніцтва з краінай, якая ня хоча ўпусьціць на сваю тэрыторыю заслужаных дзеячоў польскага грамадзкага й палітычнага жыцьця без выразнага тлумачэньня. Гаворка ідзе пра апошні інцыдэнт з прафэсарам Анджэем Стэльмахоўскім, старшынём Польскай супольнасьці "Wspólnota Polska".

А.Садась: Цяжка мне камэнтаваць выказваньне, якога я ня чуў, але калі гаворка ідзе пра беларускія прапановы ацяпленьне кантактаў, то я хацеў бы прыгадаць, зь якой трактоўкай сустрэўся нядаўна прафэсар Анджэй Стэльмахоўскі, старшыня Польскай супольнасьці "Wspólnota Polska", які, па невядомых прычынах, ня быў упушчаны на тэрыторыю Беларусі, хаця меў дзейсную візу. У пятніцу ён атрымаў візу, а ў суботу яго не ўпусьцілі ў Беларусь.

Натальля Грышкевіч