• Ці ў суботу звольняць M.Статкевіча?
  • 28.07.2006
У гэтую суботу міне год, як Мікола Статкевіч, лідэр Сацыял-дэмакратыі "Народная грамада", адбывае пакараньне абмежаваньня свабоды. Палітык можа хадайнічаць аб умоўным датэрміным вызваленьні. Аднак высокае кіраўніцтва КДБ імкнецца пазбавіць Статкевіча гэтай магчымасьці.

М.Статкевіч:
Наколькі мне вядома, падрыхтаваныя дакумэнты і ўтрыманыя санкцыі на ўмоўнае датэрміновае вызваленьне з боку сыстэмы пакараньняў. Нечакана аб гэтым стала мне вядома. Інфармацыя паступіла да мяне ад групы афіцэраў, якія ўмоўна назвалі сябе „патрыятычна настроеныя супрацоўнікі спэцслужбаў”. Гэтая група мне паведаміла, што 20 ліпеня г.г. сюды прыехаў начальнік упраўленьня КДБ па Менску Менскай вобласьці генэрал-маёр Іван Кузьняцоў. Хаця гэта не яго зона адказнасьці, але чамусьці ён сюды сакрэтна прыбыў і сустрэўся зь нядаўна прызначаным кіраўніком мясацовага аддзелу КДБ, палкоўнікам Паўлам Есісам. Генэрал-маёр паставіў задачу перад Есісам недапусьціць майго ўмоўнага датэрміновага вызваленьня, а нават болей - дамагчыся маёй поўнай ізаляцыі. Загадаў з гэтай мэтай справакаваць нейкія бойкі, інцыдэнты. І сапраўды была спроба правакацыі супраць мяне. Мяне спрабавалі падвесьці пад незаконнае ўжываньне алькаголю. Нават завезьлі мяне да нарколяга, але гэта не пацьвердзілася.

Палкоўнік Есіс сустрэўся з прадстаўнікамі міліцыі й запатрабаваў ад іх, каб яны тут арганізавалі нейкую бойку. Інфармацыя аб гэтым паступіла да мяне не з адной крыніцы, бо людзі ня хочуць займацца бруднымі справамі.

У сераду я зьвярнуўся з заявай да кіраўніка ўстановы, дзе я адбываю пакараньне. Я выклаў, што да мяне прыйшла такая інфармацыя. Я дарэчы быў абавязаны аб гэтым паведаміць, і папрасіў кіраўніцтва ўстановы праверыць гэтую інфармацыю.

Мікола Статкевіч атрымаў прысуд абмежаваньня волі на тры гады за арганізацыю дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі рэфэрэндуму й выбараў у кастрычніку 2004 году. Пасьля году адбыцця пакараньня Мікола Статкевіч мае права прэтэндаваць на ўмоўнаe датэрміновае вызваленьне.

М.Статкевіч:
Aдзін год быў зьняты па ўсеагульнай амністыі з нагоды 60-годзьдзя перамогі над фашытсамі. Мне засталося два гады, і ў гэтую суботу я адбываю палову тэрміну. У выпадку адсутнасьці парушэньняў, а ў мяне іх не было, гэта мне дае права прэтэндаваць на ўмоўнае датэрміновае вызваленьне.

У суботу стане вядомым эфэкт намаганьняў з боку палітвязьня ды з боку генэрал-маёра І.Кузьняцова.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў Баранавічах. Працуе радыётэхнікам на прадпрыемстве РэмБудТэхніка.

Ялянта Сьмялоўская