• Е. Гердойць – пачынальнік ідэі ўсходняй палітыкі
  • 29.07.2006
Надоечы мы адзначалі 100 гадавіну з дня нараджэньня Ежы Гердойця – сузаснавальніка Літаратурнага інстытуту ў Maisons-Laffitte ля Парыжа. Нагадваем, што Літаратурнy інстытут -гэтa аднa з найбольш вядомых польскіх выдавецкіх установаў у эміграцыі, дзе ад 1947 году выходзіў найважнейшы часопіс польскай эміграцыі „Культурa”.

Сёньня пра гэтага выдатнага прадстаўніка польскай эміграцыі мы размаўляем са спарадом Міраславам Хаецкім – выдаўцом, арганізатарам Незалежнага выдавецтва NOWA, які ў часе ваеннага становішча ў Польшчы пражываў у Парыжы, дзе выдаваў штомесячнік пад назовам „Kontakt” і арганізаваў дапамогу для падпольных арганізацыяў на радзіме.

Ежы Гедройць аказваў Польшчы й палякам вялікую дапамогу. На старонках часопіса „Культура” публікаваў тэксты забароненых у Польшчы інтэлектуалаў, падтрымліваў чальцоў нелегальных арганізацыяў : Камітэту абароны рабочых (KOR), Руху абароны правоў чалавека й грамадзяніна, Канфэдэрацыі незалежнай Польшчы (KPN). У пэрыяд дзейнасьці руху „Solidarność” парыская „Культура” была важным цэнтрам падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі.

Нягледзячы на гэтую шырокамаштабную дзейнасьць Ежы Гедройця, Міраслаў Хаецкі лічыць, што адной з найважнейшых справаў былі яго ідэі, датычныя незалежнасьці краінаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы.

М. Хаецкі: Я думаю, што найважнейшым зьяўляецца яго стаўленьне па пытаньню ўсходняй палітыкі. Ідэя наладжаньня як найлепшых адносінаў з Украінай, Беларусьсю, Летувой, Латвіяй ці Эстоніяй - гэта вельмі важная справа. Трэба нагадаць, што Польшча была – ня ведаю – 58 альбо 94 краінай, якая прызнала нязалежнасьць Летувы. І гэтую сытуацыю вельмі востра раскрытыкаваў рэдактар Гедройць. Калі ж Украіна аб’явіла незалежнасьць, то палякі прызналі гэты факт першымі. Заслуга былога прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскага ў вырашэньні канфлікту ва Ўкраіне й вялікая колькасьць палякаў на Майдане - гэта таксама ўплыў таго, што многія гады паўтараў Ежы Гедройць. Паводле рэдактара, задачай Польшчы зьяўляецца падтрымка свабоднай Украіны, Беларусі, Летувы, Латвіі. Ён лічыў, што чым мацнейшыя будуць згаданыя краіны, тым мацнейшая будзе пазыцыя Польшчы ў адносінах з Расеяй. Ня можна недаацэньваць ролі Польшчы, калі гаворка ідзе пра ўступленьне балтыйскіх краінаў у NATO.

Я глыбока перакананы, што гэта было магчымае, дзякуючы Гедройцю. Гэта ягонага заслуга. Ці мы гэта цяпер адпаведна ацэньваем? Я думаю, што мы не да канца гэта разумеем!

Можна тады сказаць, што Ежы Гедройць, насуперак стэрэатыпам, стварыў падставы новай усходняй палітыкі?

М. Хаецкі Зразумела. Важным зьяўляецца таксама тое, што ён зрабіў гэта насуперак уласным інтарэсам. Калі ён заявіў, што Ўкраіна, Летува, Беларусь павінны быць незалежныя, а Вільня павінна быць летувіская, Львоў – украінскі, то ён страціў значную колькасьць падпішчыкаў „Культуры”, і выданьне пацярпела ў фінансавым аспэкце. Для рэдактара найважнейшым быў інтарэс краіны. Таму не было важна, ці прэзыдэнтам Польшчы зьяўляецца Лех Валэнса, ці Аляксандар Квацьнеўскі. Для яго важным быў факт, што галава дзяржавы быў выбраны шляхам дэмакратычных выбараў. Дарэчы, Ежы Гедройць працягваў станоўчыя адносіны як зь першым, гэтак і з другім прэзыдэнтам незалежнай Польшчы.

Ці мерапрыемствы, зьвязаныя з 100 гадавінай з дня нараджэньня Ежы Гедройця й абвешчаным UNESCO годам Гедройця наблізяць маладым палякам і эўрапейцам асобу й дзейнасьць галоўнага рэдактара?

М. Хаецкі Гэта больш складаная справа. Сам факт, што UNESCO аб'явіла год Ежы Гедройця, сьведчыць пра многае. Я думаю, што важнейшымі будуць выставы, прысьвечаныя асобе Ежы Гедройця, якія ў верасьні, кастрычніку й лістападзе заплянаваныя ў Эўрапейскім парлямэнце. Вынікі павінна даць таксама большая актыўнасьць польскіх дыпляматаў. Роля рэдактара ў стварэньні сучаснай аб’яднанай Эўропы відавочная. Тым часам усе ведаюць пра Робэрта Шумана – стваральніка ідэі аб’яднанай Эўропы, але пра Гедройця - ужо не. Я спадзяюся, што мерапрыемствы, зьвязаныя з Годам Гедройця, 100 гадавінай яго нараджэньня, а пазьней (у верасьні ) сьмерці, спрычыняцца да таго, што асоба Гедройця знойдзе пачэснае месца сярод стваральнікаў аб’яднанай Эўропы.

-нашым суразмоўцам быў Міраслаў Хаецкі - незалежны выдавец, стваральнік выдавецтва NOWA, супрацоўнік Ежы Гедройця.

Нагадваем, што Ежы Гердойць памёр 14 верасьня 2000 году ў Maisons-Laffitte ва ўзросьце 94 гадоў.