• Рабства ў Расеі
  • 29.07.2006
Паводле дадзеных на 1 ліпеня 2006 году на ўліку ў ворганах дзяржаўнай службы па працаўладкаваньню ў Беларусі зарэгістравана 665 тысяч беспрацоўных. Узровень беспрацоўя, паводле афіцыйных дадзеных, складае 1,5% ад агульнай колькасьці актыўнага насельніцтва. Аднак па тых жа афіцыйных зьвестках каля 800 тысячаў беларусаў працуюць на будоўлях у Расейскай Фэдэрацыі. Часьцей за ўсё гэта нелегальная праца, за якую заказчыкі пазьней адмаўляюцца плаціць. Вельмі часта беларусы становяцца ахвярамі ня толькі падману, але зьдзекаў і забойстваў.

Ужо не адзін год справай беларускіх гастарбайтэраў у Расеі займаецца грамадзкая ініцыятыва “Беларуская салідарнасьць”. Чальцы ініцыятывы зьбіраюць дакумэнтальныя сьведчаньні беларусаў, якія былі пакалечаныя альбо абрабаваныя ў Расеі.

На думку Сяргея Папкова зь “Беларускай салідарнасьці”, рэжым спэцыяльна хавае сапраўдныя дадзеныя пра колькасьць забітых беларусаў, паколькі беспрацоўе, якое прымушае іх ехаць на заробкі ў Расею, ствараецца, на яго думку, штучна.

С. Папкоў: “У розных афіцыйных крыніцах называюць 800 тыс., але неафіцыйна то болей за мільён. Мы хацелі заняцца гэтай справай болш шырока, але нашых людзей там забіваюць, моўчкі сюды прывозяць, цяжка гэта зрабіць.

А ці ёсьць рэакцыя афіцыйных уладаў?

С. Папкоў:Не. Абсалютна ніякай рэакцыі. І ўвогуле амбасада ў Маскве ня хоча займацца гэтай справай. Колькі ёсьць выпадкаў, калі чалавек гіне, а ніякай рэакцыі. Ідзе гандаль рабамі. Рэжым фактычна адпраўляе людзей на заробкі й за кошт гэтага жыве. Бо людзі, якія працуюць за межамі Беларусі, прывозяць пазьней больш грошай, чым зарабляюць тут. Паводле мінулагодняй статыстыкі Савету Міністраў, заробак па Беларусі склаў 500 млн. даляраў, а калі ўлічыць, што каля аднаго мільёна нашых людзей працуе ў Расеі, то гэта палова ўсяго рынку Беларусі. Гэта небясьпечная для грамадзтва справа, таму што тут працы няма, людзі зьязджаюць, разбураецца сям' я, дзеці без бацькоў. Гэта беспрацоўе ствараецца штучна.»

Спадар Лявон зь Берасьцейшчыны, які неаднаразова бываў у Расеі на працы, распавёў пра тое, як выглядае працаўладкаваньне беларусаў за ўсходняй мяжой Беларусі.

На вашую думку колькі прыкладна беларусаў працуе ў Расеі?

Сп. Лявон: «Я думаю, больш чым мільён.»

І якія гэта віды працы?

Сп. Лявон: «У большасьці на будоўлях. Я вось зараз быў у Санкт-Пецярбурзе й там працуе шмат беларусаў. Будуецца, напрыклад, шматпавярховы аб'ект, як у нас называюць - кітайская сьцяна. І тыя працаўнікі там і жывуць у тых вагончыках. Яны там і ядуць, і сьпяць, адным словам, як сьвіньні жывуць. Там ніхто іх не цікавіць, а людзям і выйсьці дзесьці хочацца пасьля працы, а там іх адразу міліцыя спыняе й патрабуе грошай. Яны ж працуюць без рэгістрацыі, бо, наогул, вельмі цяжка яе атрымаць. Заробак, канешне, там значна лепшы, чым у Беларусі. Усё робіцца для таго, каб выцягнуць працоўную сілу ў Расею. Беларусы атрымліваюць значна менш, чым расейцы. Некваліфікаваная праца ацэньваецца прыкладна ад 300 даляраў і да 1 000. Але праца вельмі цяжкая. Ёсьць і майстры, якія за меншыя грошы проста ня будуць рабіць.»

Сп. Лявон дадае, што вялікая колькасьць беларусаў апынаецца фактычна ў рабскіх умовах, паколькі вельмі часта ім плацяць менш за дамоўленасьць альбо ўвогуле ня плацяць. Часам людзі ўвогуле зьнікаюць безь вестак.

Сп. Лявон: «Ведаю такія прыклады, што людзі паехалі працаваць і невядома куды зьніклі. Гэта можа быць рабства альбо забойства. У мінулым годзе я езьдзіў у Падмаскоўе, дзе знаходзіцца дача Ельцына. Там нашыя працуюць за 300 даляраў як звычайныя рабы. Гэта ж ня грошы. За гэтыя даляры трэба і туды прыехаць, і назад, і штосьці паесьці купіць. І яны вымушаныя былі працаваць на палову ў рабстве. І калі я за імі прыехаў, то яны хуценька паўскаквалі ў аўтобус і кажуць: «Хутчэй, хутчэй вязі.» Я кажу: «Хлопцы, дайце хоць кавы папіць.» А яны: « Не-не, зараз бандыты прыедуць і нас абрабуюць.» І мы хутка адтуль уцякалі. Бо той, хто наймае працаўнікоў, пазьней дамаўляецца з бандытамі, а яны проста забіраюць грошы і дзеляць на палову з тым, хто наймаў. Гэта ж расейцы. Ад іх чаго хочаш можаш чакаць.»

Сп. Лявон неаднойчы мусіў прывозіць з Расеі на Радзіму труны са сваімі землякамі. Адзін раз давялося прывесьці забітага швагра й маладога суседа. Па словах сп. Лявона, пад Дзімітравам у Расеі ёсьць мясцовасьць, якую называюць беларускімі могілкамі, паколькі там закапана шмат беларусаў.

Сп. Лявон: «Малады такі, шустры быў: сям'я, жонка. І яго там закапалі ў зямлю на паўмэтровую глыбіню. Маці ягоная месяц яго шукала. Прывезьлі яго сюды, але труну не адчынялі, бо што там засталося? Каля Дзімітрава ёсьць лес, які людзі называюць беларускімі могілкамі. Там пахаваны не адзін беларус. Прыйшлі, закапалі як сабаку ды ўсё.»

Дадам, што беларускі ды расейскі ўрады падпісалі пагадненьне, згодна зь якім, зараз уладкавацца на працу ў Расеі будзе нашмат прасьцей. Акрамя таго, беларусы павінны будуць плаціць падаткі, аналягічныя з расейскімі. Толькі вось гэтыя дакумэнты ня вырашаць галоўнай праблемы беларускіх працаўнікоў: падман і забойствы.

Дзьмітры Гурневіч