• Інтэрвію з уцекачом, афіцэрам міліцыі П. Мялько
  • 30.07.2006
На мінулым тыдні спакойны правінцыяльны гарадок Воранава, што ў Гарадзенскай вобласьці Беларусі, стаў вядомы ня толькі ў краіне, але й за мяжою. Родны горад праславіў малады афіцэр міліцыі, супрацоўнік Воранаўскага РАУС Павел Мялько. Пакінуўшы Беларусь, ён апублікаваў адкрыты ліст, у якім абвінаваціў беларускае кіраўніцтва ў грубым парушэньні правоў чалавека, фальсыфікацыі выбараў і палітычных забойствах.

На дадзены момант Павел пражывае ў адной з краін Эўрапейскага Зьвязу. Радыё Палёнія ўдалося ўстанавіць кантакт з уцекачом і задаць некалькі пытаньняў. Варта нагадаць, што гэта эксклюзіўнае інтэрвію Паўла Мялько – Радыё Палёнія зьяўляецца першым СМІ, зь якім гутарыў афіцэр.


Радыё Палёнія:Чаму Вы вырашылі зьдзейсьніць такі крок?

Гэта, па-першае, абумоўлена той палітычнай сытуацыяй, якая склалася ў Беларусі. Яна датычыць поўнага парушэньня правоў чалавека. Па-другое, сам прэзыдэнт Лукашэнка фактычна ўзурпаваў у сваіх руках усе галіны ўлады, і самастойна народ ня можа памяняць улады шляхам празрыстых дэмакратычных выбараў.

Радыё Палёнія:Як Вам удалося пакінуць Беларусь і празь якія краіны Вы выяжджалі за мяжу? Як вядома, афіцэр беларускай міліцыі патрабуе дазволу на выезд за мяжу.

Я б хацеў на гэтае пытаньне не адказваць...

Радыё Палёнія:А ў агульных рысах?

Я магу сказаць, што, канешне, сёньняшняя палітыка Беларусі – гэта палітыка зачыненых дзьвярэй. Улада стрымлівае сваіх грамадзян, для прыкладу, пры дапамозе таго ж штампу. Гэтае ж самае датычыла й мяне – мне вельмі цяжка было атрымаць штамп на выезд за мяжу.

Радыё Палёнія:Ці даўно паявілася ідэя пакінуць Беларусь? Ці гэта было спантаннае рашэньне?

Хутчэй за ўсё гэта было спантаннае рашэньне.

Радыё Палёнія:Вы выехалі зь сям’ёю ці адзін?

Так. Я выехаў зь сям’ёю.

Радыё Палёнія:Ці родныя, бацькі й сваякі ведалі пра Ваш выезд?

Не, яны ня ведалі.

Радыё Палёнія:А якія пляны на будучыню? Ці валодаеце Вы замежнымі мовамі?

Я крыху ведаю польскую мову, ангельскую таксама. Цяпер я займаюся вывучэньнем ангельскай мовы.

Радыё Палёнія:Ці плянуеце заняцца палітычнай дзейнасьцю?

На дадзены момант я не магу сказаць, але ў будучыні не выключаю такой магчымасьці.

Радыё Палёнія:Як жывецца за мяжою? Ці Вы атрымалі нейкую падтрымку ад сяброў, знаёмых альбо арганізацый? Ці цяжка Вам і Вашай сям’і?

У прынцыпе, жыць тут нармальна. Нейкай асобнай дапамогі я не атрымліваў. Мяне толькі адно радуе – тое, што правы й свабоды людзей у краіне, дзе я жыву, намнога большыя, чым у Беларусі. Я быў у іншых краінах, у тым ліку з абмежаванай дэмакратыяй, але з такім парушэньнем правоў чалавека, як у Беларусі, не сутыкаўся. А тут, дзе я жыву, магу спакойна выйсьці з плякатам і выказаць сваё палітычнае меркаваньне.

Радыё Палёнія:Ці ёсьць пэрспэктывы на працу? Канешне, не ў праваахоўных ворганах, а на нармальную працу, дзякуючы якой можна ўтрымаць сям’ю?

Да дадзены момант, я думаю, ёсьць. У кожным выпадку будуць.

Радыё Палёнія:Ці ўдалося ўсталяваць адносіны зь мясцовымі беларусамі, якія пражываюць у гэтай краіне?

Так. У мяне ёсьць знаёмыя. У прынцыпе, думаем нават сабрацца й арганізаваць ячэйку беларускай дыяспары ў мясцовасьці, дзе я знаходжуся.

Радыё Палёнія:А ці шкада нечага, пакінутага ў Беларусі?

Гэта, канешне, родныя й блізкія, якія засталіся ў краіне. Па-першае... Ну, а па-другое, вельмі хочацца нешта рабіць для беларускага народу, які, як я ўжо казаў, самастойна ня можа памяняць рэжым. Сам народ, канешне, таксама шкада.

Радыё Палёнія:І апошняе пытаньне. Яно, магчыма, мае асабісты характар, але я яго павінен задаць: ці не баіцеся Вы помсты беларускіх спэцслужбаў?

Я не баюся й пра гэта адкрыта заяўляю. Я ведаю, што маіх бацькоў вызывалі ў КДБ і міліцыю. Такім чынам мяне яны шукаюць. Я хачу запэўніць, што калі яны працягнуць перасьледаваць маю сям’ю й сваякоў, я падам у міжнародныя інстытуты канкрэтныя прозьвішчы супрацоўнікаў, якія гэтым займаюцца.

Суразмоўцам Беларускай службы Радыё Палёнія быў афіцэр беларускай міліцыі Павел Мялько, які пакінуў Беларусь і на дадзены момант знаходзіцца ў адной з краін Эўрапейскага Зьвязу. Ён зьяўляецца чацьвёртым па ліку супрацоўнікам сілавых ведамстваў, які ўцёк зь Беларусі.

faraon