• Палякі патрабуюць канфіскацыі маёмасьці
  • 31.07.2006
Большасьць палякаў – ажно 71% – выказваецца за тое, каб суды часьцей канфіскоўвалі маёмасьць, здабытую нелегальным шляхам. Кожны трэці лічыць, што маёмасьць трэба забіраць ня толькі ў прысуджанага, але й ягонай сям’і ды знаёмых. Так вынікае з апошняга апытаньня сацыялягічнага цэнтру PENTOR, якое было праведзенае па даручэньні Польскага радыё.

Як заўважае вядомы адвакат Марэк Малэцкі, цягам апошніх 5 гадоў суды штораз часьцей прысуджаюць канфіскацыю маёмасьці.

М. Малэцкі: Я заўважаю такую тэндэнцыю, што, калі разглядаецца крымінальная справа эканамічнага характару, то адначасова суд выкарыстоўвае пакараньне ў форме канфіскацыі маёмасьці. Думаю, што часта гэта перабольшаньне.

Больш за 30% рэспандэнтаў лічыць, што трэба таксама канфіскоўваць маёмасьць сям’і й знаёмых асобаў, прысуджаных за эканамічныя злачынствы. Ежы Глушыньскі з цэнтру PENTOR зьдзіўляецца такім настроям сярод палякаў.

Е. Глушыньскі: Старушкі, якія з пэнсіяў заашчадзілі агромністыя сумы грошай і інвэстуюць іх на біржы - бывае й так. Але гэта не азначае, што яны заўсёды ўзбагаціліся нелегальным шляхам. Разважаючы такім чынам, можна пакрыўдзіць яўна нявінных людзей.

У галовах палякаў нараджаецца маса ідэяў, як можна ўзбагаціцца, неабавязкова легальна. Ведаюць пра гэта нават наймаладзейшыя.

Голас 1: Трэба ўзяць шмат грошай з банкамату.

Голас 2: Трэба зарабляць.

Голас 3: Часам бацькі даюць грошы, і тады іх можна трымаць.

Голас 4: Можна сьпяваць, быць акторкай, тады таксама шмат зарабляць.

Голас 5: Можна ўкрасьці грошы з банкамату.

Так лічаць дзеткі. А амаль 60% дарослых палякаў, апытаных інстытутам PENTOR, лічаць, што прынамсі палова найбагацейшых людзей дайшла да вялікіх грошай нелегальным шляхам.

Адвакат Марэк Малэцкі лічыць, што для паляка прадпрымальнік – гэта злодзей.

М. Малэцкі: Гэта вынікае зь вялікай непрыязьні нашага грамадзтва да бізнэсоўцаў. Калі хтосьці прадпрымальнік, то гэта азначае, што грошы, машыны, нерухомую маёмасьць ён здабыў недобрасумленна. А калі недобрасумленна, то ў яго гэта трэба забраць.

Такое стаўленьне не зьдзіўляе нават саміх прадпрымальнікаў. Томаш Ухман з Business Centre Club лічыць, што ў такім вобразе багатага чалавека ў Польшчы вінаватыя найперш СМІ.

Т. Ухман: Нічога ў гэтым дзіўнага. Ад пачатку пераўтварэньняў у Польшчы сродкі масавай інфармацыі, быццам апраўдваючыся, пісалі пра багатых людзей, што гэта амэрыканскі шлях да посьпеху – першы мільён трэба ўкрасьці.

Палякі хочуць больш жорсткага выкананьня ўжо існуючага заканадаўства. Бо запіс пра канфіскацыю маёмасьці сям’і прысуджанай асобы ўжо існуе, кажа адвакат Малэцкі.

М. Малэцкі:Думаю, што гэта слушнае выйсьце. Калі сапраўды хтосьці сьведама зьдзейсьніў гаспадарчае злачынства, то тады ён стараецца схаваць сваю маёмасьць, разьмеркаваць яе сярод блізкіх, сям’і, знаёмых.

Чаму палякі так непрыхільна ставяцца да багатых людзей і патрабуюць суровых пакараньняў для эканамічных злачынцаў? Паводле Томаша Ухмана, мы проста зайздросьцім сваім суседзям, незалежна ад таго, як яны здабылі грошы.

Т. Ухман: Мы не патрабуем, каб палітык спавядаўся да канца наконт сваёй маёмасьці, не люструем багатых, ня хочам, каб усіх чысьціць пры дапамозе права, а мы проста іх асуджаем у нашай ацэнцы.

Магчыма, неўзабаве палякі змогуць даведацца, што маюць багатыя людзі, і як яны здабылі маёмасьць. Дэпутаты рыхтуюць закон пра г.зв. маёмасную люстрацыю. Згодна зь ім, плянуецца, што кожная асоба на высокай пасадзе будзе вымушана запоўніць дэклярацыю, апісаць у ёй сваю маёмасьць і даказаць, што грошы былі заробленыя легальным шляхам. Гэтыя дэклярацыі будуць яўнымі.

Эльвіра Богдан