• Канцэрт З. Вайцюшкевіча ў Варшаве
  • 31.07.2006
У Варшаве ўчора адбыўся канцэрт вядомага беларускага музыкі Зьмітра Вайцюшкевіча. Яго выступ у клюбе “Працоўня” складаўся зь песьняў розных гадоў, аднак Зьміцер прэзэнтаваў частку новай праграмы на тэксты польскага паэта Рафала Ваячка, якую выканваў упершыню. На канцэрце пабываў наш карэспандэнт Зьміцер Гурневіч.

На канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча, які даволі часта бывае ў Варшаве, сабралося вельмі шмат публікі, якая чула ягоныя песьні ў жывым выкананьні ўпершыню. Першая частка выступленьня складалася зь песень з праектаў “Цацачная крама”, “Паравіны году”, “Паравоз каханьня” й апошняй кружэлкі на словы Ўладзімера Някляева “Танга з ружай”. Маладая публіка напачатку вельмі нясьмела рэагавала на ягоныя прапановы падпяваць, аднак пасьля некалькіх хвілінаў жартаў ды жывога кантакту з слухачамі заля разам сьпявала ягоныя хіты.

Вялікай нечаканасьцю было зьяўленьне ў рэпэртуары Вайцюшкевіча калыханак на словы Рыгора Барадуліна. Паводле беларускі Люды Асіпенкі, гэтая праграма стварыла асаблівую атмасфэру свойскасьці сярод прысутных ды выклікала шмат прыемных пачуцьцяў.

Л. Асіпенка: Мне вельмі падабаецца імпрэза, таму што вельмі душэўная, набрыняла пэўным пачуцьцём, якое натхняе. Галоўнымі якасьцямі, якімі
Вайцюшкевіч здабывае посьпех, я лічу перш за ўсё харызму, вялікую працаздольнасьць і артыстычнасьць. А ягоная артыстычнасьць
надзвычайная, як ён сябе паводзіць на сцэне, то ён у першую чаргу
артыст, а не выканаўца. Ён большы тонкі й глыбокі чалавек, чым падаецца
на першы погляд. Мне вельмі падабаюцца яго лірычныя песьні з альбомаў
"Паравоз каханьня", "Паравіны году". Мне здаецца, што ў гэтых жанрах
ён паказаў сябе найлепшым чынам такім, якім ён насамрэч ёсьць. Але
ён вельмі таленавіты й выразны ў фольк-стылі. Сёньня ён выконваў калыханкі, і праз гэта я для сябэ адкрыла новага Вайцюшкевіча.

Распавяла Людміла Асіпенка.

У другой частцы выступу Зьміцер Вайцюшкевіч выканаў частку песьняў са сваёй новай праграмы на словы польскага паэта Рафала Ваячка, які скончыў жыцьцё самагубствам, маючы 26 год. Варта ўзгадаць, што адна з папярэдніх кружэлак Зьмітра была на вершы Ўладзімера Маякоўскага, які таксама скончыў жыцьцё самагубствам. Музыка гаворыць, што, насамрэч, вельмі цікава зразумець прычыну таго, чаму людзі адмаўляюцца ад жыцьця. На яго думку, Ваячак ды Маякоўскі больш цікавыя яшчэ й тым, што прадстаўляюць два розныя мэнталітэты, паколькі паходзяць з розных частак Эўропы.

З. Вайцюшкевіч: Я не хацеў бы тут паглыбляцца ў суіцыдальнасьць Маякоўскага й Ваячка. Суіцыдальнасьць Усходу й Захаду для Беларусі можа мець свой цікавы сэнс. Паэт для мяне асабіста ня мусіць быць толькі добрым паэтам, ён мусіць быць таксама пэрсонай, якая нешта яшчэ хацела сказаць. Правільна ці няправільна сказала, ці кепска зрабіла – гэта ўжо гісторыя. Мне было цікава заняцца тым жа Маякоўскім, каб не даходзіць да стану ўласнага забіцьця. Тое самае было з Ваячкам. Цікава, чаму паэт прыходзіць да высновы, што гэты сьвет і жыцьцё ня мае ніякага сэнсу. У прынцыпе, дажыўшы да 70 год, і мы прыходзім да гэтай высновы, якую Маякоўскі й Ваячак зразумелі ў 37 і 26 гадоў.

Зьміцер Вайцюшкевіч распавёў пра тое, што ў верасьні пабачыць сьвет ягоная новая кружэлка “З доўгай шуфляды”, куды ўвойдуць нявыдадзеныя песьні розных гадоў. Як удаецца Вайцюшкевічу выдаваць штогод па некалькі кружэлак і ў чым заключаецца яго фэномэн, адказвае сам выканаўца.

З. Вайцюшкевіч: Я лічу, што напісаць 12 песень за год – гэта не цяжка для кожнага артыста: іх запісаць, выдаць, канцэптуалізаваць, зрабіць прынамсі добрую справу для кантэксту беларускага ў Эўропе паміж Усходам і Захадам – гэта няцяжка. Гэта не фэномэн Зьмітра Вайцюшкевіча. Калі казаць пра прынцып, то гэта прыклад для іншых артыстаў, каб разьвівацца больш дынамічна. Я люблю тое, чым займаюся. На гэты момант у мяне шмат праектаў: і радыё, і музыка, і супольныя праекты з польскімі музыкамі. Варта хапаць момант у жыцьці. Трэба радавацца, што ты нязвыклае для сябе можаш зрабіць, або прынамсі як з Ваячкам, паспрабаваць. Галоўнае не баяцца – гэта парада для маладых. Трэба рабіць як Барадулін – кожны дзень сваё. Трэба радавацца жыцьцю, такому, якое яно ёсьць – з усімі плюсамі й мінусамі.

Перакананы Зьміцер Вайцюшкевіч.

На канцэрце былі прысутныя й сталыя аматары музыкі Вайцюшкевіча. Сп. Гражына наведала не адзін выступ беларускага музыкі.

Сп. Гражына: Я ня першы раз на канцэрце Тодара й напэўна не апошні. Гэта пакуль што адзіны артыст з Усходняй Эўропы, на канцэрты якога я хаджу вельмі часта. Ён прыцягвае сваёй разнастайнасьцю: ад фольк музыкі да лірычных песняў. Ён вельмі харызматычны. Варта зьвярнуць увагу на тое, як добра ён камунікуе з публікай. І чалавек, які першы раз
прыходзіць на яго канцэрт, успрымае яго як свайго сябра.

Першы раз на канцэрце Зьмітра Вайцюшкевіча была беларуская студэнтка Вера. Яна падзялілася сваімі ўражаньнямі аб канцэрце, зазначыўшы, што Вайцюшкевіч – гэта 100% беларускасьці.

Вера: Проста хочацца мець невялікі кавалачак радзімы. Вельмі хочацца пачуць беларускую мову, асабліва калі яна такая сьцёбная. І зараз я ганаруся, што сядзела зь ім за адным сталом.

А ці добра, што ён сьпявае ў некалькіх стылях? Ці гэта нядрэнна для
музыкі?

Я лічу, што гэта толькі добра. Усялікі сьпявак павінен быць розным. Ён
павінен зьмяняцца.

Лічыць Вера.

Застаецца дадаць, што наступнага вуступу Зьмітра ў Варшаве можна чакаць ужо празь месяц.