• „Рух добрай волі-2006”
  • 04.08.2006
3-6 жніўня ў Берасьцейскай вобласьці распачалася акцыя „Рух добрай волі-2006”. Акцыя, якую ладзіць моладзь БНФ, мае дзьве мэты: па-першае, інфармаваньне насельніцтва пра палітычную сытуацыю ў Беларусі; а другая мэта зьвязаная з уладкаваньнем месцаў адпачынку. Экалёгія й палітыка - як гэта магчыма? Для нашага радыё расказвае старшыня Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Дзьмітры Шыманьскі.

Дз. Шыманьскі: Першая мэта акцыі - інфармаваньне жыхароў Бярозаўскага раёну пра вынікі выбараў і агульную сытуацыю ў Беларусі. Другая мэта - экалягічная, прыборка тэрыторыяў вакол трох азёраў Берозаўскага раёну й ўладкаваньне культурных месцаў адпачынку. Мы будзем капаць ямы для сьмецьця, рабіць лаўкі, каб іншыя пасьля нас маглі цывілізавана адпачыць.

У акцыі ўдзельнічае берасьцейская моладзь, яшчэ далучацца маладыя людзі з раённых цэнтраў. Плянуецца, што зьбярэцца каля 70 чалавек. У трэці дзень да нас далучыцца старэйшае пакаленьне, лідэры дэмакратычнага руху - Калякін, Вячорка.
Ініцыятарам акцыі была моладзь, якая ўдзельнічае ў дэмакратычных арганізацыях "Рух за свабоду" й моладзь БНФ.

Падобная акцыя праводзілася ў 2001 годзе, праўда, яна працягвалася крыху даўжэй - ажно 14 дзён. Мы прайшлі ўсю Берасьцейскую вобласьць і былі вельмі задаволеныя вынікамі.
У нас багатая культурніцкая праграма, прыедзе бард Зьміцер Бартосік, музычныя гурты зь Менску, конкурсы, спевы пад гітару.


„Рух добрай волі-2006” спалучае карыснае з прыемным – кажа Дзьмітры Шыманьскі. А сустрэча дэмакратычнай моладзі дапаможа ня толькі бліжэй пазнаёміцца, але й падзяліцца новымі ідэямі ды задумамі.

Алена Пытэль