• Aбавязковае ліцэнзаваньне інтэрнэт-крамаў
  • 10.08.2006
Міністэрства гандлю Беларусі плянуе ўвесьці абавязковае ліцэнзаваньне інтэрнэт-крамаў, якія дзейнічаюць на рынку тавараў і паслуг у краіне. Увесну, падчас праверак падатковай інспэкцыі, у 20 з 32 выпадкаў былі выяўленыя парушэньні заканадаўства, якое датычыць дзейнасьці крамаў. На думку ўладаў, больш жорсткія патрабаваньні змогуць выключыць магчымыя парушэньні закону аб гандлі. Аднак адмыслоўцы ў галіне тэлекамунікацыі перакананыя, што абавязковае ліцэнзаваньне адмоўным чынам адаб’ецца на продажы тавараў, а асабліва на іхных коштах.

У інтэрнэт-крамах у Беларусі купляюць каля 20% беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту. Паводле падлікаў, хаця б раз беларускі інтэрнэт-карыстальнік зрабіў пакупку празь інтэрнэт. У беларускіх сеціўных крамах асартымэнт ня меншы, чым у звычайных, а кошты ў іх на 20% меншыя. Асабліваю ўвагу ў беларускіх пакупнікоў выклікаюць электронныя прыборы, у першую чаргу мабільныя тэлефоны, тэлевізары, фотаапараты, кампутары.

На думку Юрыя Зісэра, дырэктара прадпрыемства “Надзейныя праграмы”, якая займаецца паслугамі ў галіне тэлекамунікацыі, у Беларусі інтэрнэт-гандаль зьяўляецца няпоўнавартасным, паколькі кліент празь інтэрнэт толькі замаўляе прадукт, а ўсе іншыя этапы выконваюцца па тэлефоне. Такім чынам пляны Міністэрства гандлю яшчэ больш ускладаняць працу крамаў.

Ю. Зісэр: Інтэрнэт-гандлю ў нашай краіне няма, бо сапраўдны інтэрнэт-гандаль заключаецца у замове, аплаце й дастаўцы. У нас з усіх гэтых этапаў ёсьць толькі замова. Далей крама тэлефануе да кліента, і на гэтым роля інтэрнэту закончваецца. Усе магчымыя парушэньні пачынаюцца пазьней. Напрыклад, калі кліенту ня ставяць гарантыйнага штампу, або калі тавар прадаюць без дакумэнтаў, калі няма каардынатаў прадаўца. Такое бывае рэдка, але прыклады былі. Парушэньні ёсьць, але іх можна выявіць шляхам кантрольных пакупак. Ніякія ліцэнзіі не дадуць пазаданага выніку, бо краму можна адчыніць безь ліцэнзіі й спакойна гандляваць. Улады не разумеюць, што яны робяць, а каб папрасіць рады, то ў іх карона з галавы зьляціць.

Зісэр кажа, што колькасьць інтэрнэт-крамаў у Беларусі перавышае 1800. Новыя правілы адпужаюць ад крамаў кліентаў, паколькі амаль з самага пачатку прыдзецца праводзіць рэклямную кампанію ў сувязі зь пераходам на іншую сыстэму.

Ю. Зісэр: Ёсьць розныя ацэнкі: аптымістычныя й пэсымістычныя. Па аптымістычных ацэнках у нас 1850 інтэрнэт-крамаў у каталёзе. Па іншых крыніцах, іх напалову менш. Сярод іх ёсьць і крамы, якія адначасова адчыняюць некалькі аддзелаў пад рознымі гандлёвымі назвамі. А на самой справе там тыя ж самыя прадукты й паслугі. У інтэрнэце зараз можна купіць усё. Кошты там на 20% меньшыя чым, у звычайных крамах, эканомія магчымая дзякуючы адсутнасьці офісу. А гэтыя ліцэнзіі павялічаць сабекошт, яны ўсклядняць рэгістрацыю новых крамаў. Наколькі мне вядома, такія крамы мусяць перайсьці на зону рэгістрацыі by. А гэта ўжо вялікія страты, бо тыя крамы, якія існавалі ў зонах com, net ці ru, мусяць зьмяніць сваю назву й брэнд у сувязі зь пераходам на новую зону. А гэта дадатковыя грошы на новую рэкляму, бо прыйдзецца ад пачатку раскручваць назвы. З-за гэтага можна страціць кліентаў.

Між тым, усё больш і больш беларусаў аддаюць перавагу менавіта пакупкам празь інтэрнэт. На думку Надзеі, такая дзейнасьць крамаў у сеціве значна эканоміць час, а сыстэма інтэрнэту дазваляе параўнаць кошты ў розных крамах.

Надзея: Я ўжо даволі доўгі час карыстаюся паслугамі інтэрнэт-крамаў, а апошнім часам штораз часцей. Гэта для мяне больш выгадная форма пакупак, як з фізычнага, так і псыхічнага боку. Па-першае: можна спакойна разглядзець прадукт, прачытаць яго спэцыфікацыю, параўнаць кошты ў розных крамах. Можна пры дапамозе e-пошты задаць пытаньне прадаўцу. Маючы банкаўскі рахунак з абслугай празь інтэрнэт, можна адразу пералічыць грошы за гэтую пакупку. Тавар прыходзіць па пошце, і я не мушу нікуды хадзіць. Не адыходзячы ад кампутару, робіш усе справы, а гэта вялікая эканомія часу. Кошты таксама значна нежэйшыя, бо прадаўцы ня мусяць здымаць краму, плаціць за арэнду. Я вельмі задаволеная такімі крамамі, і цешуся, што яны робяцца ўсё больш папулярнымі.

У Эўропе й ЗША дзейнасьць інтэрнэт-крамаў не ўступае звычайнаму рынку тавараў і паслугаў. Так амэрыканскія amazon.com ды eBay здаўна цешацца вялікай папулярнасьцю ва ўсім сьвеце. Таксама не адстае й Польшча, дзе ў сеціўнай краме-аўкцыёне allegro.pl свае рахункі маюць тысячы польскіх карыстальнікаў інтэрнэтам.


Дзьмітры Гурневіч